10 траўня 2024, Пятніца, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Францішак: Уваскрэслы Гасподзь ніколі не перастае дабраслаўляць еўрапейскі кантынент

Папа Францішак: Уваскрэслы Гасподзь ніколі не перастае дабраслаўляць еўрапейскі кантынент
Фота: Giuseppe Ciccia/NurPhoto/Getty Images

Пантыфік звярнуўся да парафіян з традыцыйным пасланнем «Гораду і свету».

Папа Рымскі Францішак раніцай 16 красавіка па заканчэнні Велікоднай Імшы ў Ватыкане на плошчы Святога Пятра агучыў традыцыйнае штогадовае пасланне «Urbi et Orbi» – «Гораду і свету».

Чытанне Евангелля падчас Святой Імшы вялося на лацінскай і грэцкай мовах, у завяршэнне выконвалася стыхіра з візантыйскай літургіі на царкоўнаславянскай мове, паведамляе, піша krynica.info.

Папа Рымскі звярнуўся да тысячаў вернікаў з цэнтральнай лоджыі базілікі святога Пятра.

«Усе мы, калі дазваляем сабе аддацца ва ўладу граху, збіваемся з дакладнага шляху і пачынаем блукаць, як страчаныя авечкі. Але Бог, наш Пастыр, прыйшоў шукаць нас, і дзеля нашага збаўлення зменшыўся аж да пакуты на Крыжы. На працягу стагоддзяў Уваскрэслы Пастыр не стамляецца шукаць нас, Сваіх братоў, страчаных у пустынях свету. Знакамі Пакуты – ранамі Сваёй міласэрнай любові – Ён прыцягвае нас на шлях жыцця. І ў нашыя дні Ён бярэ на плечы многіх нашых братоў і сясцёр, прыгнечаных злом ў яго розных формах», – гаворыцца ў пасланні.

Чарговым разам Папа Францішак нагадаў пра ахвяры старой і новай формаў рабства, бесчалавечнай працы, гандлю людзьмі, эксплуатацыі і дыскрымінацыі, цяжкіх залежнасцяў, пазбаўленых дзяцінства дзяцей і падлеткаў, пра тых, «у каго сэрца параненае гвалтам у сценах уласнага дома».

«У складаных і часам драматычных сітуацыях народаў хай Уваскрэслы Гасподзь накіроўвае крокі тых, хто імкнецца да справядлівасці і міру; хай лідарам дзяржаваў Ён дасць мужнасць прадухіліць распаўсюджванне канфліктаў і спыніць гандаль зброяй», – звярнуўся пантыфік, пералічыўшы дзяржавы, трагічнае становішча справаў у якіх робіць іх аб’ектам асаблівай малітоўнай падтрымкі.

«Няхай Гасподзь асабліва падтрымае намаганні тых, хто актыўна працуе, каб прынесці палёгку і суцяшэнне грамадзянскаму насельніцтву ўлюбёнай, змучанай Сірыі, ахвяры вайны, што не спыняе сеяць жах і смерць. Толькі ўчора адбыўся апошні, подлы напад на ўцекачоў, які прывёў да гібелі і раненняў многіх людзей. Няхай Гасподзь падорыць мір ўсяму Блізкаму Усходу, пачынаючы са Святой Зямлі, а таксама Іраку і Емену. Няхай суцешыць блізкасць Добрага Пастыра народы Паўднёвага Судана, Судана, Самалі і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якія пакутуюць ад бясконцых канфліктаў, ускладненых найцяжэйшым голадам, якія апанаваў некаторыя рэгіёны Афрыкі», – заклікае Папа Францішак.

«Няхай падтрымае Уваскрэслы Ісус намаганні ўсіх тых, хто – асабліва ў Лацінскай Амерыцы – клапоціцца пра дабро грамадства, часам кранутага палітычнай і сацыяльнай напружанасцю, якая прыводзіць да гвалту», – заклікае пантыфік да малітвы і падтрымкі краінаў, дзе штодня льецца кроў і абрываюцца чалавечыя жыцці.

«Няхай Уваскрэслы Гасподзь ніколі не перастае дабраслаўляць еўрапейскі кантынент», – заклікае пантыфік, падкрэсліваючы, што той факт, што ў гэтым годзе хрысціяне розных канфесіяў святкуюць Вялікдзень разам, з’яўляецца асабліва добрым знакам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках