Падлодка «Лайка»: чарговы ваенны мегапраект Крамля захрас на чарцяжах
- 3.11.2026, 20:50
- 1,346
Усе характарыстыкі «найноўшай зброі» заснаваныя на выставачным макеце.
Расійская атамная падлодка пятага пакалення «Лайка», якую Крэмль абяцае стварыць ужо больш за дзесяць гадоў, дагэтуль існуе толькі ў выглядзе праекта. Нягледзячы на гучныя заявы пра замену састарэлых субмарынаў і стварэнне прынцыпова новай зброі, Мінабароны РФ нават не заключыла кантракт на будаўніцтва першай лодкі, піша 19FortyFive (пераклад — сайт Charter97.org).
Распрацоўку праекта 545 пачалі яшчэ ў 2014 годзе ў канструктарскім бюро «Малахіт». У 2016-м быў падпісаны кантракт з Мінабароны, а ў 2019 годзе завершылі папярэдняе праектаванне. Тады паведамлялася, што падлодку можна будзе стварыць «пасля 2020 года». Цяпер тэрміны зноў пераносяцца.
Паводле папярэдніх ацэнак, субмарыну павінны аснасціць атамнай энергетычнай устаноўкай, тарпеднымі апаратамі і ракетамі «Онікс», «Калібр» і «Цыргон». Аднак гэтыя характарыстыкі пераважна грунтуюцца на макеце, паказаным яшчэ ў 2017 годзе, і не з'яўляюцца канчатковымі.
У 2026 годзе галоўнакамандуючы ВМФ Расіі адмірал Аляксандр Маісееў заявіў: «Мы ўжо працуем над стварэннем падлодак пятага пакалення».
Суднабудаванне Расіі ўжо ведае падобныя гісторыі. Атамны эсмінец «Лідэр» планавалі закласці ў 2022 годзе, аднак гэтага так і не адбылося: праект фактычна замарозілі. Адзіны расійскі авіяносец «Адмірал Кузняцоў» пасля шматгадовага рамонту таксама не вярнуўся ў строй.