Трамп: ЗША перастануць аказваць фінансавую дапамогу Ізраілю
- 3.11.2026, 21:38
- 1,056
Кіраўнік Белага дома заявіў, што Ізраіль здольны самастойна набываць узбраенне.
ЗША перастануць аказваць дапамогу Ізраілю ў канцы 2026 года, бо краіне гэтая падтрымка больш не патрэбная і яна здольная самастойна набываць узбраенне. Пра гэта заявіў кіраўнік Белага дома Дональд Трамп у інтэрв’ю Fox News.
«Мы прадастаўлялі ім 4 мільярды долараў — прадастаўляем і цяпер, — але ў канцы года гэтыя выплаты спыняцца», — сказаў ён.
Паводле слоў амерыканскага лідара, падтрымка ўключала «тавары і грошы». Пры гэтым, адзначыў ён, Ізраіль зможа і далей купляць амерыканскую зброю.
Трамп падкрэсліў, што абмяркоўваў спыненне гэтай дапамогі на працягу некалькіх гадоў разам з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху. Пры гэтым, паводле яго слоў, Нетаньяху сам падымаў гэтае пытанне.
«Ім гэта не патрэбна. Ізраіль — вельмі квітнеючая краіна», — сказаў Трамп.
Fox News адзначае, што дзейснае пагадненне прадугледжвае каля $3,8 млрд дапамогі штогод да 2028 года.
У маі Нетаньяху ў інтэрв’ю CBS News заявіў, што выступае за паступовую адмову ад ваеннай дапамогі ЗША на працягу найбліжэйшых дзесяці гадоў.
Адказваючы на пытанне пра неабходнасць перагляду фінансавых адносін паміж краінамі, Нетаньяху адзначыў, што штогадовая амерыканская дапамога Ізраілю ў памеры $3,8 млрд «павінна быць паступова спыненая». Паводле яго слоў, працэс можна пачаць «ужо цяпер».