3 траўня 2024, Пятніца, 3:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці справы «дэпутата»-камуніста Петрамовіча

20
Сталі вядомыя падрабязнасці справы «дэпутата»-камуніста Петрамовіча
МІКАЛАЙ ПЕТРАМОВІЧ
ФОТА: MINSKNEWS.BY

Былы намеснік кіраўніка Партызанскага раёна Мікалай Петрамовіч на розных падставах атрымаў ад грамадзян больш за 500 тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, былы намеснік кіраўніка Партызанскага раёна Мікалай Петрамовіч на розных падставах атрымаў ад грамадзян больш за 500 тысяч рублёў. У лютым экс-чыноўніка затрымалі, а сёння шукаюць пацярпелых ад ягоных дзеянняў. Пра гэта піша ГУУС Менскага гарвыканкама.

Што высветлілі праваахоўнікі?

Праваахоўнікі паведамляюць, што Петрамовіч працяглы час завалодваў грашыма грамадзян. Рабіў ён гэта з розных нагод, у тым ліку нібыта для давання хабараў службовым асобам розных дзяржаўных арганізацый.

У выніку ён атрымаў больш за 500 тысяч рублёў, ці больш за 250 тысяч даляраў, што складае асабліва вялікую суму. У дачыненні да Петрамовіча распачалі крымінальную справу паводле ч.4 арт.209 КК РБ (Махлярства). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў з канфіскацыяй.

Высветлена таксама, што ад дзеянняў былога чыноўніка пацярпела значная колькасць людзей. Цяпер выяўляецца кола іншых пацярпелых. Таму калі Вы пацярпелі ад дзеянняў Петрамовіча, паведамляйце пра гэта ў міліцыю праз тэлефоны 8 (033) 335-62-69, 8 (017) 230-34-34 (дзяжурная частка Партызанскага РУУС) або проста 102. Таксама можаце звяртацца асабіста ў ГУУС Менскага гарвыканкама (завулак Дабрамысленскі, 5) або ў раённы аддзел на месцы жыхарства.

Праваахоўнікі таксама звяртаюць увагу, што калі вы давалі грошы Петрамовічу для давання хабараў іншым асобам, то, у адпаведнасці з заканадаўствам (заўвага арт.431 КК РБ), вы вызваляецеся ад крымінальнай адказнасці за даванне хабару ў выпадку, калі вы самахоць паведаміце пра гэта ў міліцыю.

Хто такі Петрамовіч?

Нагадаем, як распавядалі ў канца 2016 года пацярпелыя, былы намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна і «дэпутат» Менскага гарсавета ад Камуністычнай партыі пазычыў у шмат каго з людзей вялікія сумы і знік.

Яго пасля звольнілі ў сувязі з адсутнасцю на працоўным месцы. Для іншых калег гэта стала поўнай неспадзяванкай, бо ён характарызаваўся нармальна і службовым абавязкам даваў рады. Вонкавыя прыкметы таксама не выдавалі магчымага валодання вялікімі сумамі, казаў адзін з калег. У лютым Петрамовіча затрымалі праваахоўнікі.

Мікалай Петрамовіч нарадзіўся ў 1978 годзе. Вучыўся на следча-экспэртным факультэце Акадэміі МУС і ў Маскоўскім юрыдычным інстытуце. Скончыў таксама Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання. Раней Петрамовіч працаваў начальнікам управы кадраў на «Інтэграле» і ўзначальваў там арганізацыю БРСМ.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках