5 лiстапада 2026, Чацвер, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адзінарасам» загадалі хадзіць па дварах і нагадваць людзям пра ўзяцце Масквы продкамі беларусаў

4
«Адзінарасам» загадалі хадзіць па дварах і нагадваць людзям пра ўзяцце Масквы продкамі беларусаў

Партыя ўлады ў РФ займаецца гэтым з 2 па 8 лістапада.

Дэпутатам ад «Адзінай Расіі» прадпісалі падчас наведвання рэгіёнаў РФ з 2 па 8 лістапада сустракацца з мясцовымі жыхарамі «ў дварах і на вуліцах», а не ў кабінетах і прыёмных. Гэта вынікае з унутранага дакумента партыі, з якім азнаёміліся «Ведамасці». У ім гаворыцца, што сустрэчы з грамадзянамі трэба зрабіць жывымі. Дэпутаты, у прыватнасці, павінны дзякаваць расіянам за падтрымку і «ўклад у перамогу» партыі на выбарах у Дзярждуму.

Пры гэтым падчас зносін з грамадзянамі адзінарасам трэба нагадваць пра перыяд Смутнага часу XVI—XVII стагоддзяў, калі «перамога над замежнымі захопнікамі» была дасягнутая «дзякуючы тысячам дабраахвотнікаў». «Падобная роля адводзіцца дабраахвотнікам і сённяшнім абаронцам, чыя самааддача і мужнасць маюць вырашальнае значэнне ў спецыяльнай ваеннай аперацыі», — гаворыцца ў дакуменце з рэкамендацыямі. Акрамя гэтага, адзінарасам трэба правесці мерапрыемствы па адпраўцы пасылак на фронт, арганізаваць экскурсіі для ўдзельнікаў вайны, якія праходзяць лячэнне, і віншаваць параненых байцоў у шпіталях.

Рэгіянальны тыдзень праходзіць усяго праз паўтара месяца пасля выбараў. Абавязковая частка дэпутацкай працы ў гэты перыяд — прыём грамадзян, які звычайна праходзіць у кабінетах, адзначыў намеснік кіраўніка фракцыі «Адзіная Расія» Яўген Рэвэнка. «Цяпер жа ёсць пажаданне праводзіць нефармальныя сустрэчы: прыязджаючы ў вёску, размаўляць на вуліцы каля добраўпарадкаванай прасторы школы або сквера, сустракацца ў дварах, вясковых клубах і г. д.», — растлумачыў Рэвэнка.

Ён дадаў, што фракцыя ў новым скліканні значна абнавілася за кошт людзей, якія не маюць досведу парламенцкай працы. «Мы імкнёмся як мага хутчэй навучыць нашых новых таварышаў працы з выбаршчыкамі, перадаць ім свой досвед, каб яны ўцягнуліся ў парламенцкую працу», — падкрэсліў прадстаўнік «Адзінай Расіі».

Паводле вынікаў выбараў у Дзярждуму 18–20 верасня «Адзіная Расія» афіцыйна атрымала больш за 57% галасоў. Гэта дазволіла ёй заняць 349 з 450 месцаў у ніжняй палаце парламента. Пры гэтым расійскія ўлады маглі «намаляваць» кожны трэці голас за партыю. У выніку, паводле падлікаў аналітыкаў, рэальны вынік «Адзінай Расіі» мог складаць 35%.

Нагадаем, што з гістарычнага пункту гледжання пра падзеі пачатку XVII стагоддзя ў Расіі можна гаварыць хутчэй як пра грамадзянскую вайну, што адбывалася тады ў Масковіі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі польскага караля і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта III і яго сына Уладзіслава.

Апалчэнне Мініна і Пажарскага змагалася не столькі за незалежнасць Расіі, колькі ўдзельнічала ў банальных разборках за ўладу паміж двума супернічымі групоўкамі. На баку іншай групоўкі выступалі ліцвіны (беларусы), якія складалі больш за палову ў войску так званых «інтэрвентаў».

Так, камендантам літоўскага гарнізона ў Крэмлі да лета 1612 года быў вялікі рэфэрэндар літоўскі Аляксандр Корвін-Гансеўскі, якога на гэтай пасадзе змяніў Мікалай Струсь — літоўскі (беларускі) палкоўнік, які камандаваў гарнізонам Крэмля летам-восенню 1612 года, то бок да самай яго здачы. І, нарэшце, дэблакіроўчай групоўкай войскаў, што прабівалася на дапамогу асаджаным, камандаваў Ян Караль Хадкевіч, які ў 1605–1621 гадах займаў пасаду Вялікага гетмана Літоўскага.

Фармальна маскоўскім царом да 1634 года заставаўся сын Жыгімонта III — кароль польскі і Вялікі князь Літоўскі, Уладзіслаў IV Ваза. Яшчэ ў 1610 годзе ён быў запрошаны на царства маскоўскімі баярамі і духавенствам. Уладзіславу прысягнулі на вернасць практычна ўсе жыхары Масквы і многіх іншых гарадоў. Нават чаканілася манета з яго выявай.

Заходнія каралі і манархі не ўспрынялі ўсур'ёз наступнае «увацарэнне» Міхаіла Раманава. Бо законным царом яны лічылі Уладзіслава IV Вазу.

Польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі ў той час быў рэальным кіраўніком большай часткі маскоўскіх земляў. Мяжа праходзіла ўсяго за 100 км ад Масквы, а за ёй ляжалі землі, заселеныя пераважна не рускімі, а мардвай, чувашамі, удмуртамі, башкірамі, татарамі і іншымі народамі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲