28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Лукашэнка цалкам недзеяздольны

41
Уладзімір Някляеў: Лукашэнка цалкам недзеяздольны
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ

Трэба працягваць ціск на палітычнага банкрута.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

- Пачатае ўладамі «справа Белага легіёну» становіцца ўсё больш рэзананснай. Чаму ўлады пайшлі на такі працэс, у якім лёгка ўбачыць палітычную падаплёку?

- Так званая справа так званага «Белага легіёну» - цалкам ідыёцкая задума беларускіх спецслужбаў і набліжаных да Лукашэнкі асобаў з ягонай адміністрацыі.

Нягледзячы на ўсю недарэчнасць гэтай «справы» ўлады не збіраюцца яе спыняць. На карысць гэтага сведчыць і тое, што я атрымаў позву на допыт у КДБ. Мяркую, што гэта звязана як раз з гэтай справай, якія яны спрабуюць выдаць за «барацьбу з баевікамі».

- Ці можна распавесці больш падрабязна пра гэты пазоў?

- Прыбыў кур'ер з пазовам, калі мяне не было дома, і аддаў пад роспіс жонцы. У пазове мне было ўказана з'явіцца сёння на допыт у Камітэт дзяржбяспекі. Там не было сказана, з якой прычыны, але я думаю, што менавіта паводле «справы Белага легіёну». Хоць я не маю абсалютна ніякага дачынення да гэтай арганізацыі – хоць бы таму, што даўно ўжо няма ніякага «Белага легіёну» і не можа быць ніякіх «фігурантаў» у ягонай справе. А ёсць толькі нявінныя людзі, якія пакутуюць праз ідыятызм уладаў.

Натуральна, што я нікуды не пайшоў па гэтаму «пазову»...

Хоць увесь ідыятызм гэтай «справы» бачны няўзброеным вокам, улады спадзяюцца «прадаваць» яго і на ўнутраным, і на замежным рынку. Унутры краіны «справу Белага легіёну» хочуць прадаць той частцы беларускага грамадства, якая абалваненая прапагандай БТ. За межамі краіны гэту «справу» хоча «купіць» тая частка расейскай палітычнай эліты, якая падтрымлівае Лукашэнку. Рэжым хоча прадаць гэту недарэчную «справу» і тым заходнім чыноўнікам, якія намагаюць на палітыцы «перамены праз збліжэнне» ў Беларусі – абсалютна правальнай палітыцы, якая нічога не дала для дэмакратызацыі нашай краіны.

Няма сумневу, што «справай патрыётаў» займаецца вышэйшы эшалон КДБ і так проста яны не захочуць расставацца з гэтай «жахалкай». Таму мы павінны цяпер згуртавацца, каб дамагацца вызвалення новых палітвязняў.

- Ці дапаможа гэтаму афіцыйнае прызнанне палітвязнямі ўсіх фігурантаў «справы патрыётаў»?

- Безумоўна, усіх гэтых людзей трэба неадкладна прызнаваць палітвязнямі.

Успрыманне такіх спраў на Захадзе мае сваю спецыфіку, і любое прамаруджванне прывядзе да таго, што палітвязняў па «справе патрыётаў» могуць пачаць трактаваць як «палітвязняў другога гатунку».

Тое, што цяпер няма адназначнай і выразнай пазіцыі аб прызнанні палітвязнямі фігурантаў «справы Белага легіёну» - гэта наступствы той слізкай гульні, якую некаторыя заходнія палітыкі пачалі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Бесперспектыўнасць такой палітыкі была бачная адразу, і зараз яна толькі пацвердзілася. Гэтая палітыка не дасць ніякіх станоўчых вынікаў: Лукашэнка і яго рэжым не мяняюцца і не могуць змяняцца па сваёй сутнасці.

- Што канкрэтна можа зрабіць Захад, каб выправіць свае памылкі ў палітыцы ў дачыненні да беларускай улады?

- Трэба правільна расставіць акцэнты ў сённяшніх адносінах з Беларуссю.

З аднаго боку, нельга спыняць так званы «дыялог», але трэба правільна і без ілюзій разумець, што гэта – толькі інструмент палітычнага ўздзеяння на рэжым.

Значна важней усталяваць іншы прыярытэт: дапамагаць беларускаму народу, які выходзіць на плошчы і вуліцы нашых гарадоў з «маналогам».

З маналогам аб тым, што ён патрабуе пераменаў, патрабуе свабоды, патрабуе свабодных выбараў. І гэта – абавязковая ўмова таго, каб былі выкананы тыя патрабаванні, якія Захад вылучае рэжыму ў сваім «дыялогу».

Без ціску грамадства і беларускага народа на рэжым ні адно з патрабаванняў Захаду выкананае не будзе. Таму шлях падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл – гэта адзіны шлях для Еўразвязу і ЗША, калі яны хочуць дасягнуць сваіх мэтаў.

- Паводле вашых слоў атрымліваецца, што беларускі народ і яго пратэстны «маналог» - гэта галоўны фактар палітычных пераменаў у Беларусі. Якія задачы стаяць перад беларусамі ў сённяшняй сітуацыі?

- Галоўнае – не паддавацца на правакацыйныя заклікі спыніць вулічныя акцыі: маўляў, імі могуць скарыстацца нейкія «антыбеларускія сілы» на Усходзе. Гэта ўсе заклікі тых, хто хацеў бы захаваць сённяшнюю ўладу.

Нельга спыняць ціск на рэжым Лукашэнкі! Трэба праяўляць сваю волю да дэмакратыі і свабоды і працягваць выходзіць на вуліцы.

Ніколі не было так, каб нейкая праблема, якая стаіць перад краінай, была вырашана звонку. Нават калі краіна трапляла пад акупацыю – яна ўсё роўна адраджалася дзякуючы вызваленчай барацьбе свайго народа.

Улады спрабуюць запалохаць грамадства. Але ўжо цяпер відаць, што рэжым гэтым нічога не даб'ецца. Я ўпэўнена магу казаць пра гэта, таму што бачу і чую рэакцыю людзей на дзеянні ўлады.

- Як паэт і майстар слова вы можаце прапанаваць лозунг, які быў бы найбольш актуальным для беларусаў у гэтыя дні?

- Да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі больш падыходзяць не паэтычныя метафары і прыгожыя лозунгі, а разумнае разуменне таго, што адбываецца.

А на самай справе рэжым Лукашэнкі цалкам недзеяздольны: ён страціў усе магчымасці і рэсурсы, каб хоць неяк выконваць любыя «сацыяльныя кантракты» з насельніцтвам.

Рэжым на сёння з'яўляецца палітычным банкрутам і чакаць ад яго чагосьці здаровага не прыходзіцца. Адзіная магчымасць змены сітуацыі ў Беларусі – гэта сыход рэжыму Лукашэнкі.

Пажаданы сыход па добрай волі – пасля «круглага» ці якога заўгодна стала, тэмай якога павінна быць толькі адно пытанне: гарантыя Лукашэнку і ягонай сям'і бяспекі ў абмен на яго добраахвотны сыход.

Гэта было б найлепшым выхадам з сённяшняй сітуацыі. Але трэба памятаць, што на такое здольныя толькі высакародныя людзі, здольныя несці адказнасць за краіну і народ. Пакуль Лукашэнка на такога чалавека ніяк не выглядае і ён можа давесці Беларусь да больш сур'ёзнай сітуацыі, чым ёсць на сённяшні дзень.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках