8 траўня 2024, Серада, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння ў Менску пройдзе «Чарнобыльскі шлях»

14
Сёння ў Менску пройдзе «Чарнобыльскі шлях»

Акцыя пачнецца а 18 гадзіне каля кінатэатра «Кастрычнік» на станцыі метро Акадэмія Навук.

Сёння – 31-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Збор удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху - 2017» пачнецца а 18 гадзіне каля кінатэатра «Кастрычнік». Само шэсце пачнецца а 18:30 па ходніках праспекта Незалежнасці, вуліцах Сурганава і Арлоўскай да плошчы Бангалор, дзе а 20 гадзіне запланаваны мітынг і ўскладанне кветак ля памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля». Акцыя дазволеная Менгарвыканкамам.

26 красавіка 1986 года адбылася найбуйнейшая катастрофа за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі — разбурэнне чацвёртага энергаблока Чарнобыльскай АЭС. Большая частка радыеактыўных рэчываў выпала на тэрыторыі Беларусі.

Паводле звестак Дэпартамента ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Беларусі, блізу 35% чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137 на еўрапейскім кантыненце знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. 23% нашай краіны было заражана цэзіем-137 з шчыльнасцю больш за 37 кБк/м2.

Найбольшыя ўзроўні выпадзення ёду-131 былі зафіксаваныя ў Брагінскім, Хойніцкім, Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці, дзе яго ўтрыманне ў глебах склала 37 000 кБк/м2 і больш. У Чачэрскім, Кармянскім, Буда-Кашалёўскім, Добрушскім раёнах узроўні забруджвання дасягалі 18 500 кБк/м2. Былі таксама забруджаныя Ельскі, Лельчыцкі, Жыткавіцкі, Петрыкаўскі раёны Гомельскай вобласці, Пінскі, Лунінецкі, Столінскі раёны Берасцейскай вобласці. У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці ўтрыманне ёду-131 у глебе дасягала 20 000 кБк/м2. Ёдны ўдар прывёў да значнага павелічэння паталогіі шчытападобнай залозы, асабліва ў дзяцей.

На 66% тэрыторыі Беларусі ўзроўні забруджвання глебы цэзіем-137 (137Cs) перавышалі 10 кБк/м2 (0,3 Кі/км2). Забруджванне глебы ізатопамі плутонію-238,-239,-240 (238, 239, 240Pu) з шчыльнасцю больш за 0,37 кБк/м2 ахоплівае амаль 2% плошчы краіны.

Цяпер у выніку бэта-распаду 241Pu на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях адбываецца ўтварэнне амерыцыя-241 (241Am) у колькасцях, параўнальных з колькасцю асноўных крыніц. Праз 100 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС, у 2086 годзе, агульная актыўнасць глебы на забруджаных тэрыторыях Беларусі будзе ў 2,4 разы вышэйшай, чым у пачатковы пасляаварыйны перыяд.

У так званы ранні перыяд з беларускай зоны забруджвання эвакуявалі 24 725 чалавек. На жаль, маштабы аварыі і небяспеку забруджвання ў красавіку 1986-га хавалі. Першыя нататкі ў СМІ пачалі з'яўляцца толькі 1 траўня.

— Большасць фізікаў праўду не хавала. Карты радыяцыйнага забруджвання склалі адразу ж — але яны былі для ўнутранага карыстання. Інфармацыяй дзяліліся — праўда, паміж сабой. Да грамадзян яна так і не даходзіла, — распавядаў tut.by прафесар Георгій Лепін. — Першы час, калі яшчэ не было інфармацыі аб забруджанасці радыенуклідамі тэрыторыі, я і сам слаба верыў, што зона паразы будзе гэткай шырокай.

У краіне тым часам рыхтаваліся да Першамаю. Нават у самых забруджаных раёнах Беларусі першыя палосы газет выходзілі з лозунгамі: «Мір. Праца. Май». Разнарадкі не выходзіць на дэманстрацыю не было.

— Надвор'е ў той дзень (у суботу, 26 красавіка 1986 года. — рэд.) было гарачае — пасля працы мы з сям'ёй паехалі на рэчку загараць. Пра тое, што здарылася на станцыі, я даведаўся бліжэй да вечара ад сваякоў. Яны рыхтаваліся на наступным тыдні адзначаць вяселле і паехалі за прадуктамі ў Прыпяць. У тыя часы ў горадзе прадуктаў хапала — вялікі выбар мясных вырабаў, гародніны, садавіны. Як мы называлі, «маскоўскае забеспячэнне». У нас была прамая дарога Нароўля — Прыпяць, і многія нараўлянцы ездзілі туды на прадуктовы шопінг, — успамінаў у той час намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама Валерый Шляга. — Сваякі прыехалі ў Прыпяць, а там усе крамы зачыненыя, людзей у масках бачылі і, з іх слоў, ужо мылі вуліцы. Мясцовыя ім сказалі: «Едзьце хутчэй адсюль, адбылася аварыя на чацвёртым энэргаблоку».

Мясцовым жыхарам аб аварыі Валерый Шляга адразу паведамляць не стаў.

— Чакаў, калі абвесцяць афіцыйна, але ніякіх афіцыйных паведамленняў у той дзень не было. (...) У панядзелак медыкам было загадана правесці ў дашкольных установах і школах ёдавую прафілактыку. Дарослым таксама рэкамендавалася, па ўласным жаданні. І я бачыў, што некаторыя яе праводзілі: хто ёдавую сетку маляваў, хто капаў ёд у цукар, хто піў спецыяльны прэпарат ёду — дэфіцыту не было, яго можна было свабодна набыць у аптэцы. Асабіста я нічога такога не рабіў: думаў, людзі ўбачаць, пачнуць панікаваць, падумаюць: «Вось паглядзіце, Шляга баіцца!». Я сам жыў на гэтай тэрыторыі, хадзіў у тую ж краму, у тую ж школу. Людзі мяне бачылі, я не хаваўся і не з'язджаў. І сына свайго не вывозіў, пакуль усіх дзяцей у раёне не пачалі адсяляць. (...) Вельмі моцна баяліся радыяцыі тыя, хто прыязджаў працаваць да нас вахтавым метадам: менчукі, гамельчукі, гарадзенцы... Бывала, яны нават прыязджалі са сваёй пітной вадой.

Зонай экалагічнага бедства Вярхоўны савет Беларусі абвясціў краіну толькі ў ліпені 1990 года. За год да гэтага, 26 красавіка 1989 года, апазіцыя ўпершыню правяла ў Менску «Чарнобыльскі шлях».

Сёлета сталічныя ўлады дазволілі вячэрні час правядзення шэсця: на патрабаванне заяўнікаў акцыі ўлады змянілі час правядзення «Чарнобыльскага шляху» з 14.00 на 18.00. Лідары апазіцыі ўважаюць, што на фоне падзей пратэстнай вясны гэтага года, акцыя можа сабраць шмат людзей, паведамляе «Белсат».

Заяўнікі цяперашняй акцыі маюць намер вылучыць да ўлады два асноўныя патрабаванні: спыненне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы і тэрміновая рэалізацыя праграмы ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Сённяшні Чарнобыльскі шлях адрозніваецца яшчэ і тым, што ён адбываецца на фоне сацыяльных пратэстаў, якія набіраюць сілу. Таму кожная дазволеная, выдраная ў гарвыканкаме з баямі акцыя пратэсту - гэта шанец паказаць, што нязгодных у Беларусі не сотні, а тысячы і нават дзясяткі тысяч», - заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Заяўнікі акцыі маюць намер патрабаваць ад уладаў не толькі спынення будаўніцтва беларускай АЭС і правядзення эканамічных рэформаў, але і палітычных рэформаў, і ў першую чаргу – вызвалення ўсіх палітвязняў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках