26 красавiка 2024, Пятніца, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Супраслі дагэтуль моляцца за Станіслава Шушкевіча

2
У Супраслі дагэтуль моляцца за Станіслава Шушкевіча

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі дапамагаў аднаўленню знакамітага манастыра.

Праваслаўны манастыр ХVI стагоддзя ў Супраслі, што ў Падляскім ваяводстве Польшчы, які быў разрабаваны Чырвонай арміяй і ўзарваны на загад з Бэрліна, аднаўляецца больш за 30 гадоў. Аднаўленню манастыра ў пачатку 90-х гадоў спрыяў і першы кіраўнік незалежнай Беларусі - Станіслаў Шушкевіч. Цяперашнія ўлады Беларусі манастыру не дапамагаюць, паведамляе «Радыё Свабода».

Мястэчка Супрасль Беластоцкага ваяводства Польшчы знаходзіцца ад Горадні прыкладна за 80 кіламетрах. Менавіта тут знаходзіцца адзін з самых знакавых праваслаўных помнікаў у Польшчы — манастыр пачатку ХVІ стагоддзя і Дабравешчанская царква. Тут і цяпер жывуць праваслаўныя манахі, у тым ліку з Беларусі, Расеі, Украіны і Сербіі.

Экскурсію па манастыры праводзіць іканапісец Ян Гаўрылюк, мясцовы беларус. Ён доўга і падрабязна расказвае гісторыю манастыра, вяртаючы наведнікаў у пачатак ХVІ стагоддзя.

Згадвае ўсіх фундатараў, якія яго будавалі, распавядае пра старадрукі, якія, на жаль, пераважна захаваліся ў заходнееўрапейскіх краінах, звяртае ўвагу на архітэктуру і фрэскі, якімі быў распісаны Дабравешчанскі храм і якія зніклі назаўсёды. У яго голасе то сум, то надзея, і глыбокая пранікнёнасць. Ён нагадвае, што падобныя храмы захаваліся яшчэ толькі ў Сынкавічах і Малым Мажэйкаве на Гарадзеншчыне, але храм у Супраслі — самы вялікі.

— Гэта, бадай, адзін з самых цікавых у архітэктурным плане храмаў Еўропы, бо спалучае ў сабе архітэктуру каталіцкай готыкі і грэцкай праваслаўнай царквы, — распавядае спадар Ян. — І маліліся тут за 400 гадоў усе — і праваслаўныя, і ўніяты, і каталікі...

Цікавы аповед расцягнуўся амаль на гадзіну, але спадар Ян не стамляецца. Праўда, расказ становіцца маркотным, калі ён пачынае згадваць пра тое, што адбывалася з манастыром у ХХ стагоддзі.

У 1917 годзе, паводле спадара Яна, чырвонаармейцы расстралялі пад Масквой манахаў і прыхаджанаў з іхнага манастыра — 111 чалавек. І ніхто нават не пытаўся, хто яны і адкуль, а проста адразу адкрылі агонь. Мы дагэтуль ня ведаем, дзе іх магілы, — кажа спадар Ян.

Ён згадвае, як 16 гадоў таму манахі Супраскага манастыра звярталіся да ўладаў Расеі, каб ім вярнулі маёмасць, якую пасля рэвалюцыі разрабавалі і вывезлі чырвонаармейцы. Сярод гэтай маёмасці — чара, з якой прычашчаліся ў манастыры на працягу стагоддзяў. Ейная вага — 5 кілаграмаў, і ўся яна з золата.

— Мы пабачылі яе ды іншыя рэчы ў Аружэйнай палаце ў Крамлі, але там пад імі напісана, што яны з Заходняй Расеі. Ну так, была некалі тая Заходняя Расея... Нашы манахі прасілі ўсё гэта вярнуць, але ім сказалі, што гэта ня ваша.

Сумная гісторыя 1939-1940 гадоў, калі чырвонаармейцы дзеля забавы і трэніровак стралялі ў двары манастыра ў абразы і палілі для сагравання іканастас з рэдкай разьбой. І зусім сумная гісторыя, як падчас Другой усясветнай вайны прыйшоў адмысловы загад з Бэрліну падарваць манастыр... І гэты загад быў выкананы, нягледзячы на тое, што мясцовыя вернікі спрабавалі адкупіцца.

— Нам дагэтуль невядома, чаму аж з Бэрліну і кім быў аддадзены загад узарваць наш храм...

З іншым настроем спадар Ян кажа, што дагэтуль у манастыры моляцца за першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Настаяцель супраскага храма, паводле яго, звярнуўся да Шушкевіча, калі царква адбудоўвалася, па дапамогу, бо сродкаў на гэта неставала.

— Ён без усякіх праблемаў загадаў даць нам 40 тысяч штук цэглы. Мы збудавалі з беларускае цэглы першы паверх храма, гэта быў пачатак, які даў нам сілы і надзеі, бо, акрамя як ад самога прыходу, грошай нам больш не было дзе ўзяць. Нашы вернікі і манахі ніколі гэтага не забудуць і дагэтуль моляцца за Шушкевіча. У той час яшчэ быў выдатны амбасадар спадар Аляксейчык, ён таксама шмат нам дапамагаў.

Цяпер, паводле спадара Яна, ніякай дапамогі з Беларусі ў аднаўленні храма няма. Маўляў, з усяго робіцца палітыка, а звычайныя добрыя стасункі, калі беларус дапамагаў беларусу папросту зніклі.

— Нешта змянілася цяпер, хоць мы і працягваем супрацоўнічаць зь беларускай амбасадай і консульствам. Цяпер, калі прыходзіш у беларускае консульства і кажаш, што ты беларус і просіш візу, каб з’ездзіць да родных, то там адказваюць, што іх гэта не хвалюе, а візу трэба атрымліваць на агульных падставах, за грошы. А раней там імкнуліся дапамагчы табе, калі ты беларус.

Польская дзяржава ў аднаўленні храма фінансава не дапамагае, паколькі, паводле заканадаўства, дзяржаўныя сродкі выдаткоўваюцца толькі на аднаўленне помнікаў архітэктуры, якія захаваліся. Дабравешчанскі храм у Супраслі аднаўляецца ўжо больш за 30 гадоў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках