26 красавiка 2024, Пятніца, 9:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Філіповіч: Нас - якія гавораць праўду - ужо тысячы

13
Максім Філіповіч: Нас - якія гавораць праўду - ужо тысячы
ФОТА: SVABODA.ORG

Улады не змогуць спыніць людзей, якія хочуць праўды і справядлівасці.

Гомельскі блогер Максім Філіповіч выйшаў на волю не з ізалятара, а з Савецкага РАУС, у гарнітуры і пры гальштуку – у той самай вопратцы, у якой быў у судзе Савецкага раёна 21 красавіка, калі суддзя Андрэй Лагуновіч чацвёрты раз пакараў блогера адміністрацыйным арыштам, паведамляе «Радыё Свабода».

– Максім, гэта Вы ў міліцыі на сем хвілінаў затрымаліся, каб пераапрануцца? Былі нейкія іншыя прычыны?

– Гэта я перад вывазам мяне з ізалятара ў Савецкі РАУС пераапрануўся. Міліцыянты яшчэ адвезлі мяне ў апорны пункт, а потым ужо паехалі ў Савецкі РАУС. Затрымаўся я ў міліцыі, бо гутарыў з кіраўніком. Дакладней, ён са мной гутарыў, можна сказаць, ні пра што.

– Апошнія 7 сутак з 30 – яны як Вам здаліся: карацейшымі, даўжэйшымі?

– У мяне быў ужо досвед – 23 дні адседкі. Ідучы на суд, я падрыхтаваўся, узяў патрэбныя рэчы, нічога лішняга. Юлечка, жонка мая, ведала, што прыносіць. Адміністрацыя ізалятара ставілася да мяне нармальна, як да «старажыла». Нават зычылі «смачна есці», калі быў абед. Да самога памяшкання, дзе сядзеў, вядома, ёсць прэтэнзіі. У камерах халодна, няма цёплай вады.

Камера мая была з шыкоўным відам на мой дом. Вось толькі вокны майго дома на другі бок глядзяць, а не на ізалятар. Чытаў кніжкі. У першы дзень накінуўся на «Сандалі мітрапалітыка». Прачытаў на адным дыханні. Хочацца сказаць яшчэ дзякуй праваабаронцу Леаніду Судаленку, ён да мяне і на гэты раз дасылаў адваката, каб я падпісаў скаргу ў абласны суд.

– Улады да Вас, Максім, паставіліся жорстка. За ўдзел у чатырох акцыях «недармаедаў» – чатыры арышты. Як Вы думаеце, чаму?

– Гэта самы звычайны палітычны пераслед уладаў за праўду. Відэакамера не хлусіць, і яна страшнейшая ад зброі. Суддзя Лагуновіч, калі зачытаў мне пастанову на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, тлумачыў: арыштоўвае мяне таму, што я парушаю артыкул 23.34 не першы раз. А я і думаю: чаму не ўлічылі першы раз, што я нічога не парушаў, а адразу адмералі 13 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомелі? Зразумела, што хацелі пакараць за праўду, прычым пакаралі завочна. Так у нас улада «разбіраецца» з сумленнымі людзьмі.

– Ці будзеце далей займацца блогерствам – фатаграфаваць, рабіць відэа? Жаданне не знікла?

– Не, жаданне не знікла, хоць уладам, напэўна, і здалося, што я вельмі шмат здымаю і паказваю. Мяркую, што ўсе тыя, хто мяне пераследаваў і караў арыштамі, не разумеюць простых рэчаў. Можа, і разумеюць, але дзейнічаюць насуперак логіцы. Вось гэты паветраны шарык, у сярэдзіне якога праўда, пакрытая абалонкай хлусні, і яна ўся ўжо з дзіркамі. Ён, гэты шарык, з якога праўда выходзіць вонкі, здзімаецца. І ён падае. Адна з гэтых дзірак – гэта я. І калі заткнуць гэтую дзірку пальцам, нічога не зменіцца. Праўду ў гэтым шарыку не ўтрымаеш. Яна як выходзіла, так і будзе выходзіць. Бо такіх, як я, хто гаворыць праўду, іх ужо сотні і нават тысячы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках