27 красавiка 2024, Субота, 21:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Найвялікшы бой, сучасная класіка

8
Найвялікшы бой, сучасная класіка

Што пішуць пра паядынак Джошуа – Клічко сусветныя СМІ.

У ноч з 29 на 30 красавіка на стадыёне «Уэмблі» у Лондане адбыўся адзін з самых чаканых баксёрскіх паядынкаў апошніх гадоў – брытанец Энтані Джошуа абараніў тытул чэмпіёна свету паводле версіі IBF у баі супраць украінскага суперцяжкавагавіка Уладзіміра Клічко. «Гордон» вывучыў, што пра гэту падзею пісалі сусветныя СМІ і ўкраінскія карыстальнікі сацсетак.

ФОТА: EPA

Аўтарытэтны часопіс The Ring (з 1922 года часопіс уручае ўласны чэмпіёнскі пояс) адзначае, што 90 тысяч чалавек, якія прыйшлі 29 красавіка на «Уэмблі», атрымалі больш, чым проста цудоўны бой.

«Яны атрымалі бой, які прымушае нацыю затаіць дыханне, бой, што аднаўляе веру ў цяжкую вагу, што занядбала», – піша Эліёт Уорсел.

Аўтар падкрэслівае, што Клічко біўся так, як не біўся ўжо шмат гадоў. У шостым раўндзе, адзначае Уорсел, Уладзімір «баксіраваў і рухаўся так, як рабіў гэта падчас дзевяцігадовага праўлення ў якасці караля суперцяжкага дывізіёна». У якасці доказу – накдаўн Джошуа, першы ў кар'еры брытанца. Трыумф Джошуа, піша ён, пакідае дывізіён «у надзейных і магутных – руках».

ФОТА: EPA

Да такой жа высновы прыходзіць аглядальнік нямецкага выдання Sport1 Хольгер Луман.

«Цыркач Ф'юры ў якасці пераемніка для Клічко быў невыносны. Але з такім спадчыннікам, як Джошуа, ён можа быць спакойны», – адзначае ён.

Брытанскі таблоід The Mirror уважае бой Джошуа – Клічко «найлепшым паядынкам у суперцяжкай вазе, які калі-небудзь бачыла Вялікабрытанія»: «Напружаныя моманты, інтрыга, накдаўны, тактыка – у гэтым баі было ўсё». Журналіст Стыў Бонс з Independent адзначае таксама, што паядынак перасягнуў усе чаканні. Бонс упэўнены, што бой Джошуа – Клічко – «адзін з найлепшых і самых жорсткіх баёў у суперцяжкай вазе» – адразу ж стаў «сучаснай класікай» бокса.

Нягледзячы на тое, што бой спадабаўся ўсім без выключэння, думкі аб неабходнасці матчу-рэваншу падзяліліся. Так, амерыканскі кінаакцёр, былы губернатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер напісаў у Twitter, што з нецярпеннем чакае паўторнага паядынку.

«Адзін з самых захапляльных баёў, якія я калі-небудзь бачыў. Віншую Джошуа з перамогай над Клічко ў неймаверным баі. Спадзяюся на рэванш», – адзначыў ён.

Аднак Крыстаф Кёльн у матэрыяле для Die Welt піша, што Уладзіміру лепш спыніцца.

«Клічко павінен адмовіцца ад рэваншу, магчыма, і наогул ад далейшых баёў. Ён ужо даўно паклапаціўся пра кар'еру пасля бокса, у яго дастаткова грошай і маладая сям'я. Ён мог бы сысці з пачуццём, што яшчэ раз усім усё даказаў – не ломам, а як джэнтльмен. І перш за ўсё ён застанецца ва ўспамінах дзякуючы гэтаму незабыўнаму бою. Хай ён і завяршыўся паразай: у выпадку Клічко, здаецца, гэта была кульмінацыя», – адзначае журналіст.

ФОТА: EPA

Сам Клічко пакуль не наважыў, ці будзе ён прасіць спаборніка аб рэваншы, але заявіў, што, калі і выйдзе на рынг, – толькі супраць Джошуа. Каманда брытанца паабяцала, што не будзе весці перамовы з іншымі баксёрамі, пакуль Уладзімір не абвесціць сваё рашэнне аб рэваншы. Бой, калі ён усё ж адбудзецца, пройдзе не раней за кастрычнік.

У сацыяльных сетках, нягледзячы на паразу, Клічко таксама дзякуюць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках