26 красавiка 2024, Пятніца, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыкі працягваюць пошук Крыжа Ефрасінні Полацкай

8
Гісторыкі працягваюць пошук Крыжа Ефрасінні Полацкай

Сляды вядуць у Расею?

З рознай актыўнасцю Беларусь працягвае пошук Крыжа Ефрасінні Полацкай. Раней гэтым мэтанакіравана займаліся нават супрацоўнікі КДБ, цяпер — пераважна энтузіясты. Да такіх высноў прыйшлі ўдзельнікі круглага стала ў рэдакцыі газеты «Рэспубліка», піша tut.by.

На пачатку года рада міністраў зацвердзіла абноўлены склад камісіі ў вяртанні культурных каштоўнасцяў з замежжа. Яе прадстаўнікі ўдзельнічалі ў круглым стале, дзе абмеркавалі тэму Крыжа Ефрасінні.

— Намаганні ў яго вяртанні праводзяцца пастаянна з меншай або большай актыўнасцю. У папярэднім складзе камісіі былі нават прадстаўнікі Камітэта дзяржбяспекі, якія сярод іншага мэтанакіравана займаліся менавіта гэтым пытаннем. Гэта значыць нейкі пласт работы праведзены, хоць не магу сказаць, што на дзяржаўным узроўні вядуцца актыўныя пошукі. Але ёсць энтузіясты гэтай справы, і, думаю, яны не перавядуцца ніколі, — распавёў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.

З ягоных слоў, «можа, і добра, што мы яго яшчэ не знайшлі» — у тым сэнсе, што падчас пошуку знаходзяцца і іншыя рарытэты. Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзмітрый Яцэвіч верыць, што «цуды здараюцца».

КРЫЖ ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ, ЗРОБЛЕНЫ ПОЛАЦКІМ МАЙСТРАМ ЛАЗАРАМ БОГШАМ У 1161 ГОДЗЕ, БЫЎ ЗГУБЛЕНЫ ПАДЧАС ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ І ДАГЭТУЛЬ НЕ ЗНОЙДЗЕНЫ.

— Працуючы над праектам «Спадчына Беларусі», мы рабілі фільм пра Ефрасінню Полацкую, вывучылі літаральна ўсе напрамкі, звязаныя з гэтай тэматыкай, у тым ліку ў ЗША, размаўлялі з прадстаўнікамі фонду Морганаў. І зразумелі, што ўсе сляды вядуць у Расею, — паведаміў мастацтвазнаўца і аўтар праекта «Спадчына Беларусі» Алег Лукашэвіч.

Тады каманда пабывала ў Санкт-Пецярбургу, у Інстытуце матэрыяльнай культуры Расейскай Акадэміі навук.

— Я трымаў у руках шкляныя пласціны з дэталёвай выявай крыжа. На сёння гэта адзіныя вядомыя фотавыявы святыні. Але ёсць вялікія пытанні, якога часу гэтыя фатаграфіі? Я думаю, усё ж гэта 1910-й, калі былі перанесены мошчы Ефрасінні Полацкай з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк. Тады была фотафіксацыя ўсёй гэтай працэсіі, у тым ліку манастырскага комплексу і келлі Ефрасінні Полацкай з крыжам, які знаходзіўся там — распавядае Алег Лукашэвіч.

На гэтых фотаздымках бачныя страты. Напрыклад, да таго моманту ўжо адсутнічалі ўсе дробныя камяні, і невядома, ці былі яны каштоўнымі або напаўкаштоўнымі:

— Па апісанні Вацлава Ластоўскага, які вывучаў крыж у 1920-я гады, было згублена некалькі пласцін. Дзіўная рэч, але тады ніхто не зрабіў фотафіксацыі. Адсюль пытанне: у якім стане гэты крыж і чаму яго нам не паказваюць? Можа, ён сапраўды знаходзіцца ў Расеі ў Сергіевым Пасадзе? Магчыма, ён у дрэнным стане? Ці наадварот — у выдатным? А можа быць, ён і не там? Бо ёсць версія, што Ластоўскі вывучаў не арыгінал, а копію. Тут шмат пытанняў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках