26 красавiка 2024, Пятніца, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліна Шарэнда-Панасюк: Маўчаць не буду!

6
Паліна Шарэнда-Панасюк: Маўчаць не буду!
Паліна Шарэнда-Панасюк

Улады баяцца восеньскіх пратэстаў і хочуць «нейтралізаваць» лідараў ужо цяпер.

Пра гэта Charter97.org заявіла актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк з Берасця, якую перавялі са статусу сведкі ў статус падазраванай у справе вывешанага ў Берасці банэра з надпісам: «Лукашэнка, ты вырадак! Годзе рабаваць наш народ!».

- Раскажыце падрабязней, як адбываўся працэс так званага «апазнання» ў кабінеце следчага? Наколькі законнай была працэдура?

- Усё,што праходзіла ў следчага, нагадвала нейкі цырк. Пачну з таго, што яшчэ да ўсіх «апазнанняў», да таго, як у кабінет увялі так званага «сведку», увесь пакет дакументаў для таго, каб перавесці мяне ў статус «падазраванай», быў гатовы і ляжаў на стале следчага.

Сама працэдура «апазнання» была проста смешнай. Мяне пасадзілі на канапу побач з дзвюма «статысткамі» - дзяўчатамі, якія значна адрозніваліся ад мяне вонкавым выглядам. Наколькі я ведаю, апазнанне праводзяць паміж падобнымі людзьмі, якія трапляюць пад прыкметы, расказаныя міліцыі відавочцамі. А тут былі дзве ярка афарбаваныя бландынкі з доўгімі прамымі валасамі.

Калі ў кабінет увайшоў «сведка», нехта Ігар Віктаравіч Леанюк, ён адразу ж мяне «апазнаў». Пры гэтым ён не арыентаваўся, у які дзень гэта адбылося, і не ведаў, у якім месцы. Пасля маіх пытанняў пра месца і час ён ужо пачаў сумнявацца, ці я гэта была, але ў пратаколе следчага паказалі, што ён сапраўды «апазнаў падазраваную». А вось наконт убачанага «сведкам» іншага ўдзельніка акцыі, мужчыны, ён сказаў, што «памятае яго дакладна». Майго мужа выклікалі сёння ў Следчы камітэт, паглядзім, што скажа цяпер гэты так званы «сведка».

Пасля гэтага следчая абвясціла, што пераводзіць мяне ў статус «падазраванай», і прапанавала ўзяць на экспэртызу букальны эпітэлій. Ад экспэртызы я адмовілася, як адмовілася агулам сведчыць супраць сябе і даваць якія-небудзь тлумачэнні ў гэтай «справе». Таму што я агулам адмаўляю законнасць гэтага «справы».

- Якую ацэнку вы можаце даць дзеянням уладаў?

- Гэта відавочны палітычны ціск. Артыкул аб «абразе Лукашэнкі» ў нас у краіне заўсёды выкарыстоўвалі ў палітычных мэтах. Цяпер так ціснуць на мяне і маю сям'ю.

Відавочна, што з боку ўладаў ідзе спланаваны напад на палітычных актывістаў, асабліва тых, хто гэтай вясной праявіў сябе ў якасці лідараў народных пратэстаў. Гэта свайго кшталту «адказ» рэжыму на нашу Вясну-2017.

- Што вы маеце намер рабіць у гэтай сітуацыі?

- Буду ўвесь час паведамляць незалежным СМІ аператыўную інфармацыі аб развіцці сітуацыі. Паспрабую не падпісваць ніякіх «абавязанняў» пра неразгалошванне. Хай будуць упэўненыя - я маўчаць не буду.

Мы з мужам добра ведаем, што гэта за «кантора» і гатовыя да ўсяго. Можна сказаць так: калі б гэтай расцяжкі «Лукашэнка, ты вырадак! Годзе рабаваць наш народ!» наогул не існавала ў прыродзе, яны б усё адно яе выдумалі. Ці нешта ў гэтым духу. Прычапіліся б да нечага іншага.

- Учора ў Следчы камітэт у Менску выклікалі вашага паплечніка з «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. Чаму ўлада надае такую ўвагу менавіта гэтай грамадзянскай кампаніі? Цяпер жа адноснае «зацішша» пасля масавых вясновых пратэстаў.

- Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» за ўсе гады свайго існавання праявіла сябе як найбольш паслядоўная палітычная сіла, якая з’яўляецца апанентам рэжыму Лукашэнкі.

Таму галоўны ўдар уладаў цяпер накіраваны супраць найбольш прынцыповай і паслядоўнай палітычнай сілы беларускага грамадства.

Улады адмыслова абралі для гэтай атакі перыяд летніх адпачынкаў у надзеі, што палітычная актыўнасць і ў Беларусі, і ў Еўропе цяпер ніжэйшая і ўсё атрымаецца зрабіць, пакуль людзі «расслабленыя».

Рэжым баіцца ўсплёску народных пратэстаў восенню і ўжо цяпер хоча «нейтралізаваць» патэнцыйных лідараў. Як гаворыцца ў Бібліі: «пакараю пастыра, а статак рассеецца».

- Вы - маці дваіх дзяцей. Сёння ў Беларусі паводле сфабрыкаванай «справы патрыётаў» за кратамі знаходзяцца людзі, адарваныя ад сваіх сем'яў. Што могуць зрабіць беларусы, каб дапамагчы і вам, і тым, хто ўжо фактычна стаў палітвязням?

- І ў самой Беларусі, і на міжнародным узроўні павінна выразна прагучаць інфармацыя аб тым, што ў Беларусі людзей пераследуюць паводле палітычных матываў. Патрабаванні вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі супраць актывістаў павінны прагучаць вельмі выразна разам з заклікам да міжнароднай супольнасці прыняць жорсткія і прынцыповыя пастановы ў дачыненні да беларускай улады.

Тэма палітвязняў павінна ўвесь час гучаць у беларускай і міжнароднай прэсе. Важна прыцягнуць увагу праваабаронцаў і кіраўнікоў дэмакратычных краінаў да таго, што ў Беларусі ёсць «асаблівыя» артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія выкарыстоўваюцца для расправы з палітычнымі апанентамі.

Беларусам трэба цяпер згуртавацца і праявіць салідарнасць з тымі, каго пераследуе гэты рэжым.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках