26 красавiка 2024, Пятніца, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брутальна затрыманага міліцыяй у метро менчука адпусцілі дадому

37
Брутальна затрыманага міліцыяй у метро менчука адпусцілі дадому

Супраць 19-гадовага менчука распачатая крымінальная справа, але са следчага ізалятара яго адпусцілі пад абавязацельства аб прыходзе.

19-гадовага менчука, якога 27 траўня жорстка затрымалі на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў сталіцы, адпусцілі дадому, нягледзячы на тое, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле артыкула 364 «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Як паведаміў «Еўрарадыё» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, у дачыненні да затрыманага ўжылі «захады працэсуальнага прымусу».

«З улікам прызнання сваёй віны і раскаяння ў зробленым, да яго ўжылі захады прымусу: каб ён з'яўляўся па першым выкліку, як толькі спатрэбіцца следчым», - сказаў Кабаковіч.

Са слоў прадстаўніка Следчага камітэта, адпусцілі затрыманага наўпрост з лякарні хуткай дапамогі, дзе ён праходзіў таксікалагічную экспэртызу, і дзе хлопца выводзілі «са стану алкагольнага атручвання». Колькі дакладна праміле алкаголю выявілі медыкі ў крыві 19-гадовага хлопца, Кабаковіч не ўдакладняе.

Згодна з артыкулам, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. У Следчым камітэце звяртаюць увагу на тое, што абвінавачаны нідзе не працуе і не вучыцца, а на момант здарэння ён адпрацоўваў 240 гадзін грамадскіх работ, паводле прысуду ад лютага 2017 года.

Нагадаем, здарэнне адбылося 27 траўня а 1 гадзіне 16 хвіліне ў сталічным метро. Паводле версіі ГУУС, міліцыянт спыніў юнака і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо п'яным забаронены праезд у падземцы. Яны падняліся ў вестыбюль, аднак сыходзіць са станцыі хлопец адмовіўся.

Паведамляецца, што юнак стаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі для разбору. Пры гэтым ён траўмаваў міліцыянта - закрыты пералом касцей носа. Правапарушальніка затрымалі з удзелам супрацоўнікаў службы бяспекі менскага метрапалітэна і найбліжэйшага міліцэйскага патруля. Відэа затрымання трапіла ў сеціва і выклікала шмат пытанняў да прафесіяналізму «людзей у форме».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках