11 траўня 2024, Субота, 2:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народныя дружыннікі як салдаты «гібрыднай вайны»

82
Народныя дружыннікі як салдаты «гібрыднай вайны»

Што на самай справе стаіць за ідэяй Шуневіча стварыць у Беларусі «народныя дружыны»?

Міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч апошнім часам настолькі ініцыятыўны, што цытаваннем у СМІ ўжо складае канкурэнцыю свайму патрону Лукашэнку. Вось і апошняя ягоная ідэя – стварыць у Беларусі «народныя дружыны», каб дапамагчы міліцыі змагацца са злачыннасцю – стала актыўна абмяркоўвацца ў медыя і сацсетках.

Людзі, у асноўным, успамінаюць савецкі досвед, калі многія работнікі сацыялістычнай працы былі абавязаныя некалькі разоў на месяц надзяваць на руку чырвоную павязку і, узброіўшыся свістком, выходзіць на гарадскія вуліцы ахоўваць спакой суграмадзянаў. Аднак не толькі вобраз дружынніцы Надзі Клюевай з савецкага фільма «Самая абаяльная і прывабная» прыходзіць да галавы, калі думаеш пра новую ініцыятыву Шуневіча.

Ніякай неабходнасці ствараць народныя дружыны ў нас няма. У сённяшняй Беларусі ў 7 разоў больш супрацоўнікаў міліцыі на 100 тысячаў насельніцтва, чым было ў СССР.

Цікавыя рэчы пра «народныя дружыны» зусім нядаўна распавёў Gordonua.com былы кіраўнік Службы бяспекі Украіны ў Луганскай вобласці Аляксандр Петрулевіч.

Паводле ягоных словаў, пад выглядам «народных дружыннікаў» Расея актывізавала сваю агентуру на ўсходзе Украіны як мінімум у студзені 2014 года, за месяц да перамогі Еўрамайдана, уцёкаў прэзідэнта Віктара Януковіча і ўварвання ў Крым.

«Ужо 27 студзеня 2014 года ў Луганскім аблсавеце праходзіць пазачарговая сесія, на якой прымаецца пастанова пра стварэнне так званых народных дружынаў, фармаванне якіх даручаецца мясцовым УМУС і СБУ. Да фармавання «дружынаў» падключаюцца мэры ўсіх гарадоў і кіраўнікі ўсіх раёнаў Луганскай вобласці. Гэта значыць, што Расея актывізавала «спячую агентуру» на ўсходзе Украіны мінімум у студзені 2014 г., за месяц да перамогі Майдана і ўцёкаў Януковіча», – сказаў Петрулевіч.

Ён падкрэсліў, што фармаваннем дружынаў заняўся дарадца кіраўніка Луганскай абладміністрацыі Эльдар Надзірашвілі, які пазней перайшоў на бок баевікоў «ЛНР».

Генерал-маёр таксама дадаў, што менавіта «народныя дружыны» ўдзельнічалі ў штурме будынка луганскай СБУ ў пачатку расейскага ўварвання на ўсход Украіны.

«Дарэчы, усе гэтыя “народныя дружыны” і мясцовыя казакі штурмавалі будынак луганскай СБУ 6 красавіка 2014-га, а пазней былі ператвораныя ва “ўзброеныя сілы” ЛНР», – адзначыў Петрулевіч.

Нагадаю, што міністр унутраных справаў Беларусі – нараджэнец Луганскай вобласці і відавочна адсочвае досвед мясцовых прарасейскіх сепаратыстаў. Дзіўна, што ініцыятыва стварэння «народных дружынаў» прыйшла ў ягоную светлую галаву якраз напярэдадні буйнамаштабных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017». Кантынгент гэтых фармаванняў можа быць зусім не «працоўна-сялянскім». У «дружыннікі», у першую чаргу, могуць пайсці чальцы прарасейскіх ваенізаваных арганізацыяў, якіх у краіне развялося велізарнае мноства пад патранажам РПЦ, «казакоў» і розных ваенна-спартыўных клубаў. Падчас або пасля вучэнняў ім могуць скласці кампанію і пераапранутыя ў цывільнае расейскія вайскоўцы, якія могуць «затрымацца» ў нашай краіне на выпадак, калі будзе аддадзены загад пра акупацыю.

Шуневіч неаднаразова пасылаў сігналы ў бок Масквы, то прыбраўшыся ў форму НКУС на ваенным парадзе, то паставіўшы помнік расейскаму царскаму гарадавому. Праславіўся ён брутальным разгонам дэманстрацыі ў святы для беларусаў Дзень волі, фальсіфікацыяй крымінальнай справы супраць беларускіх патрыётаў, арганізацыяй катаванняў і асабістым удзелам у допытах лідараў беларускіх апазіцыі пасля выбараў 2010 года.

Так што ёсць над чым задумацца. Як паказвае ўкраінскі досвед, ад «народных дружынаў» да прарасейскага сепаратызму – адзін крок.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Штурм Луганскай абласной адмiнiстрацыi «народнымі дружыннікамі»
Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках