27 красавiка 2024, Субота, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Віцебска пра «Славянскі базар»: Уцякаем з горада

42
Жыхары Віцебска пра «Славянскі базар»: Уцякаем з горада
ФОТА: УЛАДЗІМІР РАМАНОВІЧ / FACEBOOK

Чым «Славянскі базар – 2017» адрозніваецца ад папярэдніх фестываляў?

На днях у Віцебску афіцыйна стартаваў штогадовы міжнародны фестываль «Славянскі базар». Вулічны гандаль разгарнуўся ў цэнтры горада за два дні да адкрыцця.

Віцебская незалежная журналістка Алена Сцяпанава распавяла «Салідарнасці» пра тое, як горад рыхтаваўся да фестывальнага марафону, пра настроі гараджанаў і чым гэты «Славянскі базар» адрозніваецца ад фестываляў мінулых гадоў.

Да прыезду Аляксандра Лукашэнкі на фестываль у Віцебску ўсе даўно прызвычаіліся. Тое, што сёлета на адкрыццё разам з ім прыехаў прэзідэнт Малдовы, кажа Алена, віцебчукі практычна не заўважылі. Хіба што картэжы, дзеля якіх перакрывалі вуліцы горада, звярнулі на сябе ўвагу:

– Пра гэта ніхто не гаворыць. Нікога не цікавіць, пра што яны размаўлялі, пра што дамаўляліся. Да палітычнага складніку тут поўная абыякавасць.

За дзень да адкрыцця Алена стала сведкай таго, як супрацоўніцы камунальных службаў мылі дарогу ўручную. Убачанае яна апісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Зараз упершыню бачыла, як камунальнікі мыюць дарогу. Не, не адмысловай тэхнікай. Уручную! Адна цёценька пырскае на плямку “Містарам Прапэрам”, а другая тут жа трэ швабрай. “Славянскі базар” – страшная сіла!».

ФОТА АЛЕНЫ СЦЯПАНАВАЙ, FACEBOOK

– Гэта было на пешаходнай вуліцы. Такое ў Віцебску я ўбачыла першы раз, – распавяла журналістка.

«Мясцовыя стаміліся»

Паводле словаў Алены, многія гараджане стаміліся ад «Славянскага базару» і імкнуцца ў дні фестывалю з'ехаць з Віцебска. А сёлета яшчэ і надвор'е не радуе:

– Сярод мясцовых даўно ўжо распаўсюджанае меркаванне, што «базар» – гэта сумна, канцэрты дарагія, а расейскіх зорак і ў тэлевізары можна ўбачыць. Тым больш што гэтым разам не будзе зорак узроўню Пугачовай і Кіркорава.

А вось гасцей з Расеі год ад году менш не становіцца. Паводле словаў суразмоўніцы, на гэты раз да яе знаёмых прыехалі сваякі з Мурманска.

З суседніх расейскіх абласцей у Віцебск спецыяльна едуць на канцэрты Рыгора Лепса, Стаса Міхайлава і іншых расейскіх выканаўцаў, бо ў нас квіткі на парадак таннейшыя.

Мабыць, некаторае падзенне цікавасці да фестывалю адчулі і мясцовыя ўлады. Як распавяла Алена Сцяпанава, пад'езды да Віцебска з расейскага напрамку літаральна пярэсцяцца ад заклікаў на «Славянскі базар», рэкламы і разнастайных прыдарожных інсталяцыяў. А вось з боку Полацка рэкламы журналістка не заўважыла.

«Раней на базар прыносілі хатнія катлеты»

Сёлета на фестывалі адмянілі забарону на продаж спіртнога ў так званай паўкіламетровай зоне ў цэнтры горада. У выніку падворкі, якія прадстаўляюць раёны Віцебшчыны, ператварыліся ў банальныя «налівайкі» на некалькі тысячаў пасадачных месцаў.

– У парку Пераможцаў павільёны і шапікі, дзе прадаюць на разліў, ідуць адным суцэльным шэрагам. Раней, калі вулічнага гандлю не было, народ збіраўся наўзбоч святочных пляцовак, на парапетах. Прыносілі хатнія катлеты. І гэта было неяк больш душэўна.

Яшчэ адной асаблівасцю гэтага года стала «трэшавае» афармленне многіх падворкаў. Быццам бы і ідэі нядрэнныя, але выкананне часта далёкае ад найлепшага.

– Традыцыя абсталявання народных падворкаў існуе гады тры. І кожны год, напэўна, яны маюць загад афармляць свае стэнды, каб прэзентаваць пэўны брэнд рэгіёну. Іншая справа, хто як бачыць гэты брэнд, – распавяла суразмоўца. – Ушацкі раён гэтым разам зрабіў шыкоўную інсталяцыю, выкарыстаўшы вобраз помніка «Прарыў» і звесткі з біяграфіяў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Трошкі псуе агульнае ўражанне хлопчык у гімнасцёрцы, які там гандлюе сувенірамі.

Паводле словаў журналісткі, кічу сёлета ў афармленні падворкаў стала заўважна больш.

– Не ведаю, як гэта паўплывала на пакупніцкую здольнасць тых жа расейцаў. Мне здаецца, што людзям проста далі загад і яны яго выконваюць, як хто можа.

ФОТА: FACEBOOK / BELARUSAMBY

Кватэры ад $ 70

Адным з галоўных відаў заробку мясцовых на фестывалі з'яўляецца пасутачная здача ў арэнду жылля. У дні «базару» аднапакаёвыя кватэры здаюцца ад $ 70 за суткі.

Жыллё знайсці складана, занятыя ўсе гатэлі, інтэрнаты і пансіянаты не толькі ў самім Віцебску, але і ў суседніх гарадах.

А вулічны гандаль сувенірамі сёлета апынулася пад пагрозай праз частыя дажджы.

«За дзень можна не зарабіць і 5 рублёў»

Прадпрымальнік з Бешанковічаў Уладзімір Рамановіч на «Славянскім базары» прадае сувеніры ў нацыянальным стылі трэці год. Ягоная гандлёвая кропка размешчаная ў цэнтры «Задзвінскага Кірмашу» на вуліцы Іллінскага, 47.

Такога няўдалага старту фестывалю для прадаўцоў сувеніраў ён яшчэ не бачыў:

– Калі год таму за дзень можна было і сто рублёў зарабіць, то сёння многія не могуць прадаць нават на пяць. Людзі рызыкуюць не толькі застацца без заробку, але і не адбіць укладзеныя ў гандаль грошы.

ФОТА УЛАДЗІМІР РАМАНОВІЧ, FACEBOOK

Паводле словаў Уладзіміра, асноўнымі прычынамі няўдалага старту продажаў сталі дрэннае надвор'е і малыя заробкі патэнцыйных пакупнікоў:

– Я спачатку падумаў, што нацыянальная тэма сышла, што ўсё гэта не так актуальна. Але калегі, што гандлююць вышыванкамі, кажуць пра інтарэс людзей да іх тавару. Але грошай у людзей няма. Многія ходзяць нібы ў музей.

Прадпрымальнік распавёў, што раней, выйшаўшы гандляваць пазней за дзевяць ранку, можна было застацца без дзённай выручкі. Сёння можна пачынаць і ў дванаццаць – усё роўна практычна нічога не страціш.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках