26 красавiка 2024, Пятніца, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каліна распавёў, што Святлана Алексіевіч рэдагавала ягоную кнігу за $ 300

41
Каліна распавёў, што Святлана Алексіевіч рэдагавала ягоную кнігу за $ 300

Нобелеўская лаўрэатка назвала гэта «лухтой несусветнай».

Спявак Віктар Каліна апошнім часам «ловіць хайп» – стварае шуміху на пустым месцы. Вядомы сваімі разборкамі ў сацсетках выканаўца шансону зноў абражае сваіх апанентаў – на гэты раз у «Фэйсбуку», піша nn.by.

Але ж гэта яшчэ не ўсё. Каліна сцвярджае – карэктуру ягонай кнігі «Генералы двароў» рабіла сама Святлана Алексіевіч!

«Неданосак. Цябе падманулі»

Некалькі тыдняў таму стала вядома, што ва ўсёй краіне адмяняюцца канцэрты беларускага песеннага выканаўцы Віктара Каліны. «Шансанье» абурыўся – маўляў, гэта няпраўда! – і перайшоў на абразы. Праўда, пакуль што толькі ў інтэрнэце.

Прычым гэта ўжо не першы раз, калі шансанье «запальвае» ў сацсетках. У сакавіку ў групе маладзечанскага ДК, у якім павінен быў адбыцца канцэрт Каліны, пачалося абмеркаванне творчасці гэтага спевака.

«Якая ганьба для ДК і для людзей, якія збіраюцца наведаць гэтыя блатныя зладзейскія скокі!» – пісалі маладзечанцы.

Пасля чаго ў каменты прыйшоў сам Каліна і пачаў тлумачыць, як трэба сябе паводзіць:

«Наталля, ты б не ***! А проста мае песні паслухала! Так ты свае “грашы” і не давай! Проста не хадзі! Ідзі ў цырк!»

«Максім, ну ты прыйдзі і проста па-мужчынску пагутары са мной. Растлумач пра сходкі і іншае. Можа, чымсьці зможаш узбагаціць мой унутраны свет. Нягоднікам быць проста і вельмі складана застацца чалавекам!» – раздаваў свае парады Каліна.

Пазней, праўда, Каліна зрабіў выгляд, што замест яго каментары пакідаў адміністратар. Пазней прадстаўнікі групы ДК выдалілі найбольш правакацыйныя каментары. Але кэш гугла ўсё памятае.

Віктар Каліна пракаментаваў свае выказванні ў сетцы.

Паводле словаў спевака, у яго ёсць добраахвотныя памочнікі, якія займаюцца ягонымі інтэрнэт-акаўнтамі. Але ў «Фэйсбук» ім заходзіць забаронена – ім карыстаецца толькі сам Каліна. Аднак усе прыведзеныя вышэй скрыншоты – якраз з «Фэйсбука».

«Я не хамло. Я адказваю – ну, бывае жорстка. А калі я нешта там і сказаў – то гэта было на маёй старонцы, – растлумачыў Віктар Каліна. – Па чужых старонках я не хаджу».

Што тычыцца абразаў у асабістыя паведамленні, то, прызнаецца Каліна, там «можна і нарвацца».

Карэктура за $ 300 ад будучай нобелеўскай лаўрэаткі?

Але сваркі ў сацсетках – гэта яшчэ кветачкі. 12 ліпеня Віктар Каліна падзяліўся ў сваім фэйсбуку зусім дзіўнай гісторыяй.

Паводле словаў Каліны, ягоную кнігу «Генералы двароў» у 2006 годзе нібыта адрэдагавала сама Святлана Алексіевіч. Узяла за гэта пісьменніца 300 даляраў – «у яе быў цяжкі перыяд, яна падзарабляла кнігамі пра кулінарыю і вязанне», запэўніў спявак.

У каментары Віктар Каліна паўтарыў гісторыю. Ён перакананы, што Алексіевіч працавала над ягонай кнігай у лютым 2006 года.

«Яна ў той час пісала нейкія брашуры пра кулінарыю, якія прадаваліся ў кіёсках. А я прынёс сваю кнігу, каб выправіць памылкі: паправіць граматыку. У мяне ў школе ў мове было 3 ці 4, а ў літаратуры – 5 з трыма плюсамі. Літаратурная апрацоўка мне не была патрэбная, патрэбен быў карэктар, – паведаміў Каліна. – Так Алексіевіч стала мяне павучаць, расказваць, як трэба пісаць, распавядаць, што яе абурыла ў маёй кнізе... Так я кажу: хвілінку, я прыйшоў паправіць памылкі – так вы папраўце памылкі, атрымаеце свае 280 даляраў і тусуйцеся там сабе! Мне не патрэбны настаўнік літаратуры!»

Журналісты распавялі гэтую гісторыю Святлане Алексіевіч.

«Лухта несусветная, – засмяялася пісьменніца. – Гэтай гісторыі не было і быць не магло. Хіба што, можа, ён піша такое пра мяне для самапіяру».

* * *

Віктар Каліна – выканаўца, які выступае ў так званым жанры «рускага шансону». Нарадзіўся ў сям'і беларусаў у Казахстане. Раней займаўся бізнэсам у Беларусі, але ў 2007 годзе яго і жонку Святлану асудзілі за махлярства ў асабліва буйным памеры: ён застрахаваў свой «Мэрсэдэс» на $ 34 тысячы, пасля чаго імітаваў крадзеж машыны (на самай справе сваё аўто спявак прадаў). Каліну асудзілі на пяць з паловай гадоў зняволення, жонку – на 4,5 года, праўда, ужо ў 2009 годзе абое выйшлі праз амністыю.

Сёння Каліна жыве ў Расеі, у Беларусь прыязджае толькі з канцэртамі. Пад Смаленскам у яго хутар «Калінава даліна», які ўпрыгожваюць сцягі Расеі, Беларусі, «ДНР» і «Наваросіі».

Каліна вядомы сваёй падтрымкай сепаратыстаў Данбаса: ён не раз бываў у «ДНР», дзе яму нават уручылі мясцовыя ўзнагароды.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках