26 красавiка 2024, Пятніца, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Cвой жа заробак даводзіцца выпрошваць»

11
«Cвой жа заробак даводзіцца выпрошваць»

Супрацоўнікам ААТ «Заходні-Агра» затрымліваюць заробкі ўжо паўтара месяца.

Жыхары Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці стаміліся выпрошваць заробленыя ўласнай працай грошы.

«Заробак у нашай гаспадарцы затрымліваюць ужо паўтара месяца, – паведаміла 1prof.by працаўніца ААТ “Заходні-Агра” Любоў Рыгораўна. – Ужо ліпень, а мы не атрымалі грошы нават за травень. І якія грошы! Я даярка, і заробак у мяне 215 рублёў ($ 100) за месяц, хоць я ў адзіночку выхоўваю 8-гадовага сына. А суседцы, маці траіх няпоўнагадовых дзяцей, нават “дзіцячыя” не пералічваюць. Дапамажыце, калі ласка, таму што нашы звароты да кіраўніцтва гаспадаркі і ў органы абласной выканаўчай улады плёну не далі».

«Горка жывем»

На сустрэчу да будынка прадмага ў вёсцы Крынкі, акрамя Любові Рыгораўны, прыйшлі яшчэ тры жанчыны. У размове ўдзельнічаў таксама кіраўнік управы сельскай гаспадаркі і харчавання Асіповіцкага райвыканкама Дзяніс Захарчук, дырэктар ААТ «Заходні-Агра» Іван Мельнікаў, прадстаўнікі Магілёўскага абкама і Асіповіцкага раённага камітэта прафсаюза супрацоўнікаў АПК. І размова гэтая атрымалася зусім невясёлая.

– Адсутнасць грошай цягне за сабой і масу побытавых праблемаў, – пачала казаць Любоў Рыгораўна. – З уласнага гароду пакуль аддачы няма – гародніна яшчэ не паспела, садавіны не будзе, а да бульбы яшчэ далёка. Толькі і радасці, што збор грыбоў ды ягадаў. Але іх, як правіла, мы здаем нарыхтоўшчыкам райпо ў абмен на прадукты, якія прывозіць аўталаўка. За кіло чарніцаў даюць усяго 3 рублі і кошт не падымаюць, нягледзячы на тое што ягадаў мала гэтым летам. А што за гэтыя грошы набудзеш?! Гаспадарка нават не можа даплаціць за дзіцячую пуцёўку ў летнік.

Аднавяскоўку падтрымала Алеся Віктараўна, якая працуе пастушкай у «Заходнім-Агра»:

– Тлумачэння паводле разліковых лісткоў не дамагчыся, а мне, простаму чалавеку, не заўсёды зразумела, што ў іх паказана. Заробак мізэрны, але і яго выплачваюць не ў час. У аўтакраме, акрамя хлеба і макароны, нічога не набываю.

Высветлілася таксама, што ў гаспадарцы ёсць праблемы з арганізацыяй харчавання для супрацоўнікаў. На перыяд уборкі, праўда, выйсце знайшлі – заключылі дамову на набыццё і дастаўку гарачага харчавання з суседняй арганізацыяй ААТ «Асіповіцкі Райаграпрамтэхзабеспячэнне». Аднак уласная сталовая не працуе.

– Горка жывем, – далучылася да размовы даярка Валянціна. – Балазе блізкія людзі дапамагаюць. Самае ж непрыемнае тое, што свой заробак даводзіцца выпрошваць. Мы разумеем, што ў гаспадарцы не ўсё гладка, і гатовыя нават часткамі заробленае атрымліваць, але ж нічога не даюць...

Ці дапаможа расейскі інвестар?

Сітуацыя ў гаспадарцы сапраўды няпростая. Паводле словаў Дзяніса Захарчука, ААТ «Заходняе-Агра» – адна з 4 арганізацыяў раёна, якія ўвайшлі ў спіс фінансава незаможных і ў цяперашні час знаходзяцца ў конкурснай вытворчасці. Працуюць тут 139 чалавек.

– Крэдыторская запазычанасць складае больш за 11 млн рублёў, і выплаціць такую пазыку гаспадарка не ў стане, – канстатаваў кіраўнік управы сельскай гаспадаркі і харчавання Асіповіцкага райвыканкама. – Крэдыторам прапанаваны план ліквідацыі «Заходняга-Агра», паколькі пра санацыю казаць ужо позна. Вердыкт неўзабаве вынесе абласны гаспадарчы суд.

Дзяніс Захарчук таксама адзначыў, што кіраўніцтва раёна разглядала розныя варыянты выхаду з сітуацыі. Цяпер арганізацыю «арандуе» расейскі інвестар, які плануе набыць гаспадарку ў выпадку банкруцтва і развіваць яе.

Што тычыцца запазычанасці ў заробках, то яна складае 42 тыс. рублёў. Раённая выканаўчая ўлада робіць пэўныя захады для развязання гэтай праблемы. Так, 11 супрацоўніцам, якія знаходзяцца ў адпачынку ў сувязі з доглядам за дзіцем, ужо выплачаныя дзіцячыя дапамогі за травень, а выдаваць заробкі пачалі з 13 ліпеня, з паступленнем сродкаў ад продажу рапсу, бычкоў і буйной рагатай жывёлы Бабруйскай мясакамбінату.

У цяперашні час гаспадарка займаецца вытворчасцю мяса і малака, а таксама раслінаводствам. На балансе ў «Заходняга-Агра» знаходзіцца 2200 галоваў буйной рагатай жывёлы.

Летась мы стварылі нядрэнную кармавую базу для жывёлы, павялічылі надоі, рэканструявалі 3 малочнатаварныя фермы, пабудавалі два цялятнікі, то-бок спрабавалі развівацца, але выплаціць пазыкі, якія збіраліся дзесяцігоддзямі, было нерэальна, – распавёў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Іван Мельнікаў.

«Картку ў рот не пакладзеш...»

Да сказанага застаецца толькі дадаць, што супрацоўніцы, з якімі мы сустракаліся, заробак усё-такі атрымалі, аднак залічаныя на картку грошы асаблівай радасці ім не прынеслі.

– Найбліжэйшы банкамат знаходзіцца за 12 кіламетраў, у суседняй вёсцы, але праз адсоткі здымаць грошы там невыгодна, – патлумачыла праз тэлефон Любоў Рыгораўна. – Да Асіповічаў жа, дзе ёсць банкаматы нашага банка, 24 кіламетры, а аўтобус толькі раз на дзень туды ходзіць, і тое толькі раніцай, калі мы на працы. У аўтакраме ж тэрмінала няма, а пластыкавую картку ў рот не пакладзеш...

Як ужо паведамлялася, яшчэ ў 2011 годзе Саўмін супольна з Нацбанкам апублікавалі пастанову, згодна з якой аб'екты гандлю і паслуг, размешчаныя ў пасёлках гарадскога тыпу і сельскай мясцовасці, павінны абзавесціся аплатнымі тэрміналамі. За апошнія 5 гадоў тэрміналамі забяспечвалі аб'екты ў гарадах абласнога і раённага падпарадкавання. Згодна з пастановай, на 1 ліпеня 2017 года банкаўскай карткай можна расплаціцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, уключаючы пасёлкі гарадскога тыпу і вёскі.

А ў Менскай вобласці ў міні-маркеце на колах – удасканаленай аўтакраме – можна расплаціцца як наяўнымі, так і карткай.

Складанае становішча, якое склалася ў ААТ «Заходні-Агра», пракаментаваў Віктар Гейдэль, кіраўнік Магілёўскага абкама прафсаюза супрацоўнікаў АПК:

– Сапраўды, сітуацыя няпростая. Мы штомесяц праводзім маніторынг своечасовасці выплаты заробкаў і спрабуем усімі сіламі дапамагаць людзям. 4 ліпеня, да прыкладу, на адрас кіраўніцтва ААТ «Заходні-Агра» была накіраваная рэкамендацыя з патрабаваннем пра неадкладную выплату заработнай платы. Такія пытанні выносяцца на ўсе нарады, якія праводзяць органы ўлады. Аднак на адрас першаснай, раённай ці абласной арганізацыяў галіновага прафсаюза ад супрацоўнікаў «Заходняга-Агра» якіх-небудзь зваротаў за апошнія гады не паступала. Цяпер мы прынялі пастанову пра аказанне практычнай дапамогі найменш абароненай катэгорыі працоўных, а менавіта: узялі на сябе даплату за аздараўленне ў дзіцячым летніку сына адной з супрацоўніцаў гаспадаркі; прапрацавалі пытанне ў аздараўленні дзяцей у чацвёртую змену; кантралюем арганізацыю харчавання супрацоўнікаў на напружаных дзялянках палявых працаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках