26 красавiка 2024, Пятніца, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джарэд Кушнер: Сустрэча з Весяльніцкай – пустая трата часу

Джарэд Кушнер: Сустрэча з Весяльніцкай – пустая трата часу
ДЖАРЭД КУШНЕР
ФОТА: EPA

Старэйшы дарадца і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер не надаў значэння кароткай сустрэчы з расейскай адвакаткай.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Кушнера для амерыканскіх кангрэсмэнаў, якая апублікаваная на сайце тэлеканала CNN.

Ён прызнаў, што не задэклараваў факт сустрэчы. Паводле ягоных словаў, ён забыўся пра яе. І толькі атрымаўшы інфармацыю пра парламенцкае расследаванне гэтага факта, знайшоў у сваім мэсэнджары згадку пра гутарку ў Trump Tower, на якую яго запрасіў швагер.

"Я прыбыў на сустрэчу з невялікім спазненнем. Калі я зайшоў, жанчына, якая, як потым высветлілася, была адвакаткай з Расеі, казала пра праблемы ўсынаўлення. Я паняцця не меў, чаму гэтая тэма была паднятая, і хутка зразумеў, што проста марную час. Я выправіў свайму памочніку электроннае паведамленне: "Можаш набраць мяне праз мабільны? Патрэбная нагода, каб сысці з сустрэчы", – напісаў Кушнер.

Паводле словаў старэйшага дарадцы, ён не ўпэўнены, што адвакат прадстаўляла інтарэсы ўрада Расеі, а значыць, падобная інфармацыя пра кантакт з замежнікам падчас перадвыбарчай кампаніі не падлягала абавязковаму дэклараванню. Аднак ён сцвярджае, што падаў кампетэнтным органам усю інфармацыю пра гэтую падзею.

Паводле звестак амерыканскіх СМІ, расейская юрыстка Наталля Весяльніцкая летам 2016 года дамагалася сустрэчы з чальцамі штаба Трампа, нібыта збіраючыся перадаць ім звесткі пра кандыдатку ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан.

Сустрэча адбылася 9 чэрвеня 2016 года.

11 ліпеня 2017 года Трамп-малодшы апублікаваў перапіску з PR-спецыялістам і былым журналістам Робам Голдстоўнам, які выступаў у якасці пасярэдніка ў арганізацыі сустрэчы з Весяльніцкай. Голдстоўн нібыта перадаў яму просьбу пра сустрэчу ад расейскага спевака Эміна Агаларава, з якім сын Трампа быў знаёмы яшчэ з 2013 года.

Паводле звестак CNN, cпецпракурор Роберт Мюлер, які займаецца справай пра расейскае ўмяшанне ў выбары ў ЗША, праверыць інфармацыю пра кантакты Трампа-малодшага з Весяльніцкай.

Прэзідэнт Трамп заявіў, што не вінаваціць зяця за сустрэчу з расейскай адвакаткай, паколькі многія палітыкі паступілі б так сама.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках