26 красавiка 2024, Пятніца, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рука ўлады цягнецца да друкарскага станка

41
Рука ўлады цягнецца да друкарскага станка
Карикатура: cartoon.kulichki.com

Нацбанк не можа выстаяць перад папулізмам Лукашэнкі.

Словы Лукашэнкі пра «высокія заробкі грамадзянаў» сталіся блефам. Статыстычны камітэт Беларусі даў справаздачу аб заработнай плаце грамадзянаў у першым паўгоддзі. Пакуль яна не дасягае ўзроўню, пазначанага раней кіраўніком. Эксперты асцерагаюцца, што Аляксандр Лукашэнка запатрабуе зноў «уключыць» друкаваны станок, піша «Незалежная газета».

Рэальныя прыбыткі насельніцтва Беларусі пакуль не змянілі трэнду – яны падаюць ужо блізу двух гадоў, і ў першым паўгоддзі гэтага года былі на 1,2% ніжэйшымі за ўзровень мінулага.

Яшчэ ў канцы мінулага года Лукашэнка паставіў ураду задачу давесці да канца года сярэдні заробак у краіне да 500 дал. у эквіваленце, або, як потым выправілі заданне чыноўнікі, заклапочаныя дэдалярызацыяй, да 1 тыс. беларускіх рублёў. На фоне рэцэсіі і крызісу мінулага года і эксперты, і самі чыноўнікі ўспрынялі ўказанне кіраўніка як не больш чым добрае пажаданне. Аднак праз пару месяцаў Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што ўсе чыноўнікі, якія мяркуюць такі ўзровень заробку немагчымым, могуць шукаць сабе іншае месца працы. Гэта прывяло да таго, што ў планах усе напісалі «правільны» мэтавай арыенцір, а эксперты ўключыліся ў дыскусію, ці запусціць урад друкаваны станок, каб выканаць указанне прэзідэнта. Таму што ніякіх умоваў для рэальнага дасягнення такога ўзроўню (рост заробкаў парадку 35% на фоне амаль нулявога росту эканомікі) не мог назваць ні адзін эксперт.

Чыноўнікі практыкаваліся ў прыгожым пісьменстве, каб і не спрачацца з дыктатарам, і нічога канкрэтнага не сказаць. «Забяспечыць такі ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы ў рэальным сектары магчыма за кошт павышэння агульнай эфектыўнасці гаспадарання, зніжэння запасаў прадукцыі на складах, аптымізацыі функцыяў і колькасці супрацоўнікаў пры забеспячэнні высокіх тэмпаў росту вытворчасці працы», – чытаў лекцыю дэпутатам першы віцэ-прэм'ер урада Васіль Мацюшэўскі. Бюджэтнікі могуць падняць узровень заробку за кошт звальнення лішніх супрацоўнікаў і эканоміі, рабіў выснову ён. Аднак прайшло ўжо паўгода, а ніякіх прынцыповых зменаў у трэндах пакуль не назіраецца – рост ёсць, але ён вельмі далёкі ад пастаўленай прэзідэнтам задачы.

Прыемна, што ўрад і Нацбанк пакуль трымаюць абарону і не ідуць на грашовую эмісію дзеля задавальнення папулісцкіх амбіцыяў дыктатара, канстатуюць мясцовыя эканамісты. Менавіта дзякуючы гэтаму краіна здольная трымаць на досыць нізкім для Беларусі ўзроўні інфляцыю – блізу 7% у гадавым вылічэнні. У той самы час поўнай упэўненасці ў тым, што Лукашэнка не выкруціць рукі чыноўнікам пад пагрозай звальнення, няма.

Чыноўнікі імкнуцца як мага менш закранаць гэтую далікатную тэму, аднак, як вынікае з іх разрозненых каментароў, яны маюць намер спадзявацца на тое, што рост і так ёсць – да мінулага года больш за 9%, а таксама паспрабуюць дыферэнцаваць падыход. Усё часцей даводзіцца чуць ад чыноўнікаў: «Так, многія галіны і рэгіёны выконваюць указанне прэзідэнта, але, напэўна, будуць і такія, хто не зможа гэта зрабіць».

Самымі высокааплатнымі ўжо некалькі апошніх гадоў застаюцца прадстаўнікі сферы інфармацыйных тэхналогіяў. У чэрвені іхні сярэдні заробак у 3,5 разы перавышаў узровень, пазначаны Лукашэнкам. Пры гэтым ён быў у 8 разоў вышэйшы, чым заробак самых бедных працаўнікоў – прадстаўнікоў сацыяльнай сферы. У сярэднім яны атрымліваюць блізу 230 дал. за месяц.

Эксперты па-ранейшаму мяркуюць утапічнай задачу Лукашэнкі ў росце заробку, як, зрэшты, і саму ідэю «выхаду эканомікі на траекторыю росту», як любяць гаварыць чыноўнікі. У панядзелак Даследчы цэнтр прыватызацыі і менеджменту апублікаваў макраэканамічны прагноз на гэты і наступны гады. Апынулася, што аднаўленне эканомікі не толькі ідзе павольна – максімум росту – 1,4%, але яна застаецца вельмі няўстойлівай, паколькі залежыць ад знешніх чыннікаў, канстатуюць аўтары дакумента. Сярод іншага, ад пагадненняў з Расеяй у энэргетычных пытаннях і стану эканомікі краіны-суседкі і галоўнага гандлёвага партнёра. Сцэнар хуткага паскарэння беларускай эканомікі эксперты мяркуюць утапічным, паколькі ніякіх умоваў для гэтага няма. Выкананне задання ў росце любым коштам, у тым ліку праз уключэнне друкаванага станка, абрыне і без таго далікатную фінансавую стабільнасць, нагадваюць эксперты і спадзяюцца, што ўрад і Нацбанк выстаяць перад папулізмам Лукашэнкі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках