26 красавiка 2024, Пятніца, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Монстр побач з намі: гісторыя стварэння Астравецкай АЭС

10
Монстр побач з намі: гісторыя стварэння Астравецкай АЭС

Наступствы аварыі на Астравецкі АЭС адчуюць на тэрыторыі ў радыусе 1000 кіламетраў.

Толькі нешматлікія пастановы, прынятыя чалавекам, могуць мець наступствы праз дзесяць ці сто тысяч гадоў, але менавіта столькі часу спатрэбіцца, каб радыеактыўныя адкіды Астравецкай АЭС распаліся настолькі, каб не несці небяспеку для жывых арганізмаў, піша Эдгарас Савіцкас для delfi.lt.

АЭС будуюць усяго за 40 км ад Вільні. Яе плануюць запусціць налета. Літоўскі ўрад называе гэты праект пагрозай для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя грамадства.

Спачатку некаторыя літоўскія палітыкі не верылі, што беларусы наважацца на будаўніцтва АЭС, цяпер суседзяў папракаюць за месца, на якім з'явілася станцыя, выкарыстанне вод Віліі (Нярыс), інцыдэнты на будпляцоўцы, нежаданне супрацоўнічаць і г.д.

Сцвярджаецца, што Астравецкая АЭС не адпавядае міжнародным патрабаванням бяспекі, а ў выпадку аварыі яе наступствы адчуюць на тэрыторыі ў радыусе 1000 км.

Delfi.lt прэзентуе мультымедыйны праект «Астравец. Монстр побач з намі», аўтары якога зірнулі на АЭС з паветранага шара, гутарылі з жыхарамі вёскі Буйвіджай, якая знаходзіцца каля беларускай мяжы, даследавалі тэхналогіі, якія ляжаць у аснове атамнай энэргетыкі.

Каб наведаць месца будаўніцтва, журналісты афіцыйна звярталіся да прадстаўнікоў АЭС, але больш за месяц не атрымалі ніякага адказу - ні так, ні не. Пасля паўторнага запыту, адказ быў адзін - інфармацыю правяраюць. У першай частцы праекта - гісторыя нараджэння Астравецкай АЭС.

Небяспека землятрусу

Пачаткам нараджэння Астравецкай АЭС можна лічыць 20 снежня 2008 года калі ўлады Беларусі прынялі канчатковую пастанову аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы, побач з Літвой.

Блізкасць да мяжы і сталіцы выклікае ў Літвы больш за ўсё турбот. Міністэрства замежных спраў (МЗС) у заяве пра Астравецкую АЭС падкрэслівае, што пляцоўку для АЭС выбралі яшчэ да пачатку правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічнай прасторы паводле канвенцыі Эспа.

«Гэта грубае парушэнне канвенцыі Эспа. Важна адзначыць, што ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічнай прасторы з Літвой дагэтуль не праведзена, таму, згодна з канвенцыяй, будаўніцтва АЭС незаконнае. Паводле ацэнкі літоўскіх экспэртаў, калі ў Астраўцы адбудзецца сур'ёзная аварыя, адмоўныя наступствы адчуе сталіца Літвы, Вільня, і траціна жыхароў краіны», - сказана ў дакуменце.

У ім таксама адзначана, што з 1616 года ў гэтым рэгіёне 40 раз фіксавалі землятрусы магнітудай 5 балаў па шкале Рыхтэра. У 1987 годзе за 10 км ад астравецкай пляцоўкі адбыліся два землятрусы магнітудай 2,5 балы.

Будуць выкарыстоўваць воды Віліі

Для АЭС абранае такое месца, што рэактары будуць астуджаць водамі Віліі (Нярыс). Літва падкрэслівае, што не існуе юрыдычнага рэгулявання, звязанага з выкарыстаннем і аховай вод нёманскага басейна.

«Таму заклікае Беларусь як мага хутчэй падпісаць двухбаковы тэхнічны пратакол аб супрацоўніцтве ў пытаннях кіравання і адказнага выкарыстання вод Нёмана, які ўзгадняюць з 2009 года», - сказана ў заяве МЗС.

Расейскі крэдыт

Даведаўшыся пра планы Беларусі 22 чэрвеня 2009 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін згадаў пра магчымасць выдавання фінансавай дапамогі на будаўніцтва Астравецкай АЭС. Праз год у Астравец ездзіў прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, які сказаў, што Беларусь не пераканала рэальнасцю сваіх планаў. Аднак 25 сакавіка 2010 г. адзін з першых сігналаў паслаў еўрапарламентар Юстас-Вінцас Палецкіс.

У каментары ён звярнуў увагу на тое, што беларускі праект выклікае неспакой па меншай меры з пункту гледжання двух аспектаў.

«Першае - Вілія можа быць забруджаная радыёактыўнымі адходамі. Другое - усталёўваюць яшчэ не выпрабаваны ў Еўропе расейскі рэактар», - папярэдзіў ён.

«Трэба пратэставаць, збіраць подпісы, абвяшчаць выкрывальныя петыцыі, дэкларацыі і весці дзелавыя перамовы, ствараючы больш спрыяльную атмасферу двухбаковых суседскіх стасункаў», - пісаў ён пра спосабы рэакцыі.

Беларусь часу не марнавала і 11 кастрычніка 2011 года падпісала пагадненне з «Атамбудэкспартам» аб будаўніцтве двух рэактараў у Астраўцы.

Пазней паведамілі пра крэдыт Расеі на суму 10 млрд. даляраў ЗША. Лукашэнка пераконваў грамадзян сваёй краіны ў карысці праекта.

«Астравец стане самым прагрэсіўным горадам. Атамная электрастанцыя - тое ж самае, што касмічныя тэхналогіі. Гэта вышэйшыя тэхналогіі», - казаў ён журналістам.

9 жніўня 2012 года Лукашэнка ўдзельнічаў у цырымоніі закладкі капсулы на месцы будаўніцтва. Так пачалося будаўніцтва, якое не спыніла і паездка экс-мэра Вільні Артураса Зуокаса, які спадзяваўся адгаварыць мэра Астраўца ад гэтай ідэі.

Публічныя насмешкі

У 2013 годзе Літва стала скардзіцца на тое, што Беларусь не адказвае на многія вылучаныя пытанні, звязаныя з бяспекай Астравецкай АЭС. 15 кастрычніка 2013 года з'явілася інфармацыя аб тым, што ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе на літоўскай мове, прадстаўленая для абмеркавання ў Літве - незразумела складзены дакумент.

У ім не толькі маса граматычных памылак, але і відавочна, што ўвесь пераклад быў выкананы аўтаматычна (Google Translate). 2 верасня 2014 г. пачалася надземная стадыя будаўнічых работ у Астраўцы.

Літоўскія палітыкі займаюць жорсткую пазіцыю

У 2015 годзе Лукашэнка заявіў, што ўсе працы ідуць паводле графіка. Літоўскія палітыкі занялі жорсткую пазіцыю. Спачатку прэм'ер-міністр Альгірдас Буткявічус заявіў, што Літва не будзе купляць электраэнэргію на беларускай АЭС, затым заявілі, што беларусам не дадуць карыстацца рэзервамі Круаніскай гідраакумулятыўнай электрастанцыі. Аднак 11 снежня 2015 года міністр энэргетыкі Рокас Масюліс усё яшчэ ўздымаў пытанне, ці будзе пабудавана Астравецкая АЭС: Адны апаненты кажуць, што яна дакладна будзе, што ўсе там паспяхова праходзіць. Іншыя спецыялісты кажуць, што можа і не быць».

Інцыдэнты на будоўлі

У 2016 годзе, паводле звестак МЗС Літвы, на Астравецкай АЭС адбылося шэсць інцыдэнтаў. Падчас двух былі пашкоджаныя карпусы рэактараў:

«Паколькі корпус рэактара - адзін з найважнейшых кампанентаў бяспекі АЭС, Літва ўважае, што пашкоджаныя рэактары павінны замяніць на новыя». Пасля першага інцыдэнту Лукашэнка заявіў, што ён адбыўся падчас «трэніроўкі».

«Сёй-той напісаў, што на беларускай АЭС упаў рэактар. Супакойцеся, там яшчэ няма ніякага рэактара, там металічны корпус - «бочка» - таўшчынёй 20 см, у якую потым змесцяць рэактар », - сказаў ён, заявіўшы, што асабіста кантралюе будаўніцтва.

4 жніўня 2016 года Лукашэнка заявіў, што Літва разам з Беларуссю павінна думаць пра эксплуатацыю Астравецкай АЭС. Згадаў, што запрашае на працу былых работнікаў Ігналінскай АЭС.

«Мы зараз набіраем людзей, якія ў Ігналіне засталіся без працы. Мы запрашаем іх працаваць да нас. Яны ў нас не будуць чужымі», - сказаў Лукашэнка. Аднак прадстаўнік Ігналінскай АЭС Наталля Сурвіла-Глебава сказала, што ў яе няма афіцыйных звестак пра ад'езд работнікаў і іх працаўладкаванне ў Астраўцы.

«Паводле нашых звестак, маладыя спецыялісты, якія пакінулі АЭС засталіся ў Літве, ці з'ехалі ў Англію, Нарвегію, Нямеччыну, Турцыю», - сказала яна.

Выбары і пасля

У 2016 годзе супрацьстаянне АЭС стала адным з галоўных пунктаў выбарчай кампаніі кансерватараў. У сярэдзіне года Габрыэлюс Ландсбергіс распавёў, што сабраў амаль 65 000 подпісаў супраць Астравецкай АЭС.

«Гэта праўда, няма чаго сядзець склаўшы рукі і чакаць заступнікаў. Не прыйдзе нехта вялікі і суровы і не забароніць Аляксандру гуляць у пясочніцы. Мы павінны паказаць, што не ўхваляем праект Астравецкай АЭС. Мы павінны гэта прадэманстраваць рашуча, каб аўтары ідэі ў Менску зразумелі, што Літва не будзе мірыцца з тым, што з ёй не лічацца і робіць захады», - пісаў Ландсбергіс.

Супраць Астравецкай АЭС выказаўся і Рамунас Карбаускіс: «Гэты небяспечны для Літвы праект - Астравецкі праект - ён чыста палітычны».

Рыхтуюцца да эмбарга

У 2017 годзе будаўніцтва Астравецкай АЭС перайшло ў завяршальную стадыю, а Літва вырашыла не купляць у яе электраэнэргію. 7 чэрвеня ўрад Літвы распаўсюдзіў паведамленне, што Астравецкая АЭС уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, прыродзе і здароўю грамадства ў сілу свайго геаграфічнага становішча.

Пасля таго, як Сейм Літвы прызнаў, што Беларуская АЭС (БелАЭС), якая будуецца прыкладна за 50 кіламетрах ад Вільні (у беларускім Астраўцы), нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы, Літва зможа рыхтавацца да эмбарга на беларускую электраэнэргію, сказаў міністр энэргетыкі Жыгімонта Вайчунас.

Урад у сераду пастанавіў, што БелАЭС нясе пагрозу для Літвы, і прапануе Сейму замацаваць гэта законам.

«Наступства такое, што прапануецца замацаваць такое прызнанне законам і потым адпаведна на працягу трох месяцаў унесці пералік канкрэтных мер, як абараніцца ад гэтай пагрозы», - сказаў BNS Вайчунас. 22 чэрвеня група дэпутатаў зарэгістравала ў парламенце рэзалюцыю, у якой запрашаюць парламенты Эстоніі, Латвіі і Польшчы прыняць законы, якія не дапусцяць паступленне электраэнэргіі небяспечных АЭС у сістэмы краін Балтыі і Польшчы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках