26 красавiка 2024, Пятніца, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэп ЗША: У Беларусі абмяжоўваюць свабоду рэлігіі

12
Дзярждэп ЗША: У Беларусі абмяжоўваюць свабоду рэлігіі

Беларускія ўлады пры гэтым парушаюць Канстытуцыю краіны.

Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду сумлення, аднак улады перыядычна яе парушаюць, падаючы прэферэнцыі для буйных цэркваў і пераследуючы актывістаў малых рэлігійных груп, мяркуюць у Дзярждэпартаменце ЗША. На сайце установы апублікаваны чарговы даклад аб захаванні рэлігійнай свабоды ў свеце ў 2016 годзе.

У дакладзе адзначаецца, паводле Канстытуцыі беларусы могуць свабодна выбіраць, якую рэлігію спавядаць, але дзяржава забараняе рэлігійную актыўнасць, накіраваную супраць суверэнітэту, канстытуцыйнага ладу і «грамадзянскай згоды».

Закон прызнае «вызначальную ролю» праваслаўнай царквы і гістарычную важнасць традыцыйных канфесій: каталіцызму, іудаізму, ісламу і евангелісцкага лютэранства, адзначаецца ў дакладзе Дзярждэпа. Разам з тым, больш новыя рэлігійныя групы, стараверы і кальвіністы ў гэты спіс не ўключаны.

«Улады прадоўжылі затрымліваць і штрафаваць людзей за арганізацыю або правядзенне несанкцыянаваных рэлігійных сходаў у прыватных дамах, празелітызм і адмову служыць у войску, нягледзячы на тое, што закон дазваляе альтэрнатыўную службу», - гаворыцца ў дакладзе.

У дакладзе прыводзяцца выпадкі затрымання сведак Іеговы ў Стоўбцах, Крычаве і Менску. Усе яны альбо не дайшлі да суду, альбо скончыліся без складання пратаколаў. У пачатку 2016 года ў Горках баптыстку Лілію Шульган аштрафавалі на 210 рублёў за правядзенне сходу вернікаў у сваім доме без атрымання дазволу. У ліпені на 42 рублі аштрафавалі крышнаіта Сяргея Бондарава за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і публічныя спевы ў Пінску.

У траўні таго ж года ў Берасці сведку Іеговы Віктара Каліну аштрафавалі на 2100 рублёў за адмову служыць у войску, суд адмовіў у просьбе верніка даць яму магчымасць прайсці альтэрнатыўную службу. Аднак яго ў выніку ўсё адно не прызвалі ў войска.

Дзярждэп адзначае, што ўлады адмовілі ў рэгістрацыі некаторых рэлігійных груп і прыстрашылі водгукам рэгістрацыі сведак Іеговы. Прадстаўнікі некаторых хрысціянскіх груп паведамілі аўтарам дакладу, што ўмовы рэгістрацыі занадта складаныя.

У дакладзе таксама паведамляецца, што ў адрозненне ад праваслаўных і каталіцкіх святароў, пратэстанцкія, мусульманскія і іншыя рэлігійныя групы не мелі доступу ў турмы для зняволеных, якія належаць да іх веры.

Дзярждэп ЗША згадвае выпадкі адмовы ў візах і запытах на падаўжэнне знаходжання некалькім святарам-замежнікам. Некаторыя рэлігійныя абшчыны скардзіліся на немагчымасць арандаваць памяшканне для сваіх патрэб праў ціск уладаў на ўласнікаў нерухомасці.

Пратэстанцкія групы паведамілі аўтарам дакладу, што церпяць запалохванні ўладаў за спробы распаўсюдзіць сваю рэлігійную літаратуру, у той час як БПЦ можа свабодна рабіць гэта. У дакладзе таксама адзначаецца, што святары БПЦ увесь час запрашаюцца ў школы для лекцый вучням, а школьнікаў адпраўляюць на экскурсіі ў праваслаўныя цэрквы.

Царква «Новае жыццё» ўсё яшчэ не змагла дамагчыся размарожвання сваіх рахункаў, паведамляецца ў дакладзе, хоць улады больш не спрабавалі пазбавіць яе памяшкання, пішуць у дакладзе Дзярждэпа.

Пасля паведамленняў у незалежных СМІ і скаргаў мясцовых жыхароў улады перапахавалі парэшткі з былых лютэранскіх могілак у Менску, піша Дзярждэп ЗША. Гаворка аб прыпыненні будаўнічых работ на вул. К. Лібкнехта пасля выяўлення там пахаванняў.

Габрэйскія абшчыны паведамлялі пра выпадкі вандалізму на будынках сінагог, габрэйскіх могілках і манументах у Валожыне, Менску, Магілёве і Пінску.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках