26 красавiка 2024, Пятніца, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чатыры гісторыі смелых жанчын, якія пратэставалі ў цэнтры Менска

14
Чатыры гісторыі смелых жанчын, якія пратэставалі ў цэнтры Менска
ФОТА: EURORADIO.FM

На плошчы Свабоды жанчыны правялі пікет супраць беззаконня ў судах.

16 жніўня на плошчы Свабоды ў цэнтры Менска шэсць жанчын праводзяць пікет супраць беззаконня ў беларускіх судах. Яны трымаюць транспарант з надпісам "Старшыню Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Сукалу — у адстаўку!". Са слоў удзельніцы пікету, юрысткі Тамары Сяргей, яны падавалі заяўку ў Менгарвыканкам на дазвол акцыі, але адказу так і не атрымалі. 16 жніўня прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры" выбралі для акцыі не выпадкова, бо менавіта ў гэты дзень старшыню Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу споўнілася 75 гадоў, а ў студзені — 20 гадоў яго знаходжання на пасадзе, піша euroradio.fm.

"Мы мяркуем, што кіраўнік дзяржавы не зацікаўлены ў тым, каб у судах рабілася такое беззаконне са звычайнымі справамі, якія абсалютна не звязаныя ні з уладай, ні з палітыкай, — кажа Тамара Сяргей. — А Валянцін Сукала мае права і абавязаны выпраўляць памылкі, а часам і злачынствы, якія ўчыняюць суддзі. Але чамусьці ён гэтага не робіць".

Грамадзянская ініцыятыва "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры" перакананая, што ў стварэнні існай судовай сістэмы, вінаваты менавіта спадар Сукала. Менавіта старшыня Вярхоўнага суда прапануе кандыдатуры суддзяў Аляксандру Лукашэнку.

Прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы не раз былі на прыёмах у розных высокіх чыноўнікаў, пісалі звароты, скаргі, але ўвесь час атрымліваюць адпіскі, адказы не па сутнасці.

Пікет доўжыўся амаль 30 хвілін, пасля чаго жанчыны занеслі ў адміністрацыю прэзідэнта калектыўны зварот з патрабаваннем спыніць беззаконне ў судах і адправіць у адстаўку Валянціна Сукалу. Праўда, Тамара Сяргей перакананая, што гэты зварот Лукашэнка не ўбачыць:

"Нас прынялі, выслухалі, але так і не змаглі даць канкрэтны адказ на пытанне, якім чынам гэты зварот трапіць на стол Аляксандра Лукашэнкі, да якога мы і звяртаемся. Максімум, што нам наважылі магчымым сказаць, — што ён будзе разгледжаны кіраўніком Галоўнай управы ў зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Рыгорам Іванавічам Шлыкам. Ён і прыме пастанову, ці перадаваць наш зварот далей".

Між іншым, гэта ўжо 44-ы зварот грамадзянскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры" да кіраўніка дзяржавы. І толькі адзін раз, мяркуюць жанчыны, іх пачуў Аляксандр Лукашэнка.

"У снежні 2010 года, напярэдадні чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, мы таксама выйшлі на плошчу Свабоды і пікетавалі, — успамінае Тамара Сяргей. — Пасля чаго некалькі гадзін спрабавалі прарвацца ў Палац Рэспублікі, дзе павінен быў адбыцца сход. Мы сустрэліся з Макеем, які тады кіраваў адміністрацыяй Лукашэнкі, дамовіліся аб сустрэчы, і ён сапраўды нас прыняў праз некалькі дзён, і мы звярнуліся з просьбай стварыць групу для вывучэння праблемы "адпісак". А ў сваім заключным слове на Усебеларускім сходзе Лукашэнка казаў пра наш пікет і даваў указанні і старшыні адміністрацыі, і генеральнаму пракурору разгледзець нашы справы".

Тады пасля некалькіх пераглядаў судовых спраў было выпушчана з калоній дзесяць чалавек, шэсць з якіх былі нават рэабілітаваныя.

Валянціна Міхайлаўна Каваленка

Ейны адзіны сын Ігар быў асуджаны на 18 гадоў паводле часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса за забойства. Генеральная пракуратура Беларусі вынесла пратэст паводле гэтай справе, але яна так і не была перагледжаная, а пратэст быў адхілены прэзідыумам Вярхоўнага суда. Юрыстка Тамара Сяргей перакананая, што справа сфабрыкаваная. Ускосна на гэта паказвае тое, што бацьку Ігара - Аляксандра, які паспрабаваў абараніць сына, у 2007 годзе асудзілі за распаўсюджванне наркотыкаў. Ён правёў у калоніі больш за 3 гады, пасля чаго быў рэабілітаваны.

"У выніку яму вынеслі апраўдальны прысуд, бо справа была сфабрыкаваная тымі ж людзьмі, якія яму пагражалі, — кажа Тамара Сяргей. — Яго папярэджвалі, каб ён спыніўся і не падымаў справу свайго сына. Тым не менш Ігар дагэтуль знаходзіцца ў калоніі — ужо 13 гадоў. Цяпер ён падыходзіць паводле ўсіх крытэраў і мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, але яго не адпускаюць, і я думаю, што гэта таксама своеасаблівая помста".

Любоў Міхайлаўна Санкевіч

У 2001 годзе яе незаконна звольнілі з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, дзе яна працавала бухгалтаркай. Яна на заводзе падлічвала сабекошт прадукцыі і заўважыла, што ў гэты сабекошт уключаюцца параметры, якія не павінны ўключацца. Гэта значыць, неабгрунтавана завышаецца сабекошт прадукцыі. Калі яна пайшла з гэтай праблемай да кіраўніцтва, а затым і далей, яе звольнілі паводле артыкула. Пры тым, што да гэтай сітуацыі ў яе на заводзе былі выключна падзякі. Яна прайшла ўсе стадыі судовай і пракурорскай абароны. Нягледзячы на тое, што пракуратура вынесла тры пратэсты, у тым ліку два пратэсты Генеральнай пракуратуры. Але суд адхіліў іх. Цяпер Любоў Міхайлаўна на пенсіі, але дылей бароніць свае правы і хоча прыбраць артыкул з працоўнай кніжкі. Праз яе актыўнасць ёй дадаліся чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Напрыклад, адзін са штрафаў ёй прысудзілі за актыўны ўдзел у мітынгу 25 сакавіка на плошчы Незалежнасці ў Менску, але ў гэты дзень там не праходзіла ніякіх акцый.

Тамара Мікалаеўна Федаровіч

Ейны адзіны сын адбывае пакаранне паводле часткі 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса "Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў". Яму прысудзілі 9 гадоў, а ён знаходзіцца ў калоніі ўжо больш за 6 гадоў. Ён не прызнаў сваю віну, нават не падпісаў пагадненне аб законапаслухмяных паводзінах, адпаведна, не мае права на датэрміновае вызваленне. За гэтыя гады ён падаў больш за 30 наглядных скаргаў. Каб аплачваць гэтыя скаргі, Тамара Мікалаеўна, якой цяпер 78 гадоў, вымушаная збіраць бутэлькі і здаваць. Але гэтыя скаргі застаюцца без фактычнага адказу, на іх прыходзяць "адпіскі". Тамара Сяргей перакананая, што ні аднаго доваду таго, што ён збіраўся распаўсюджваць наркотыкі, няма. Сын Тамары Мікалаеўны — наркаман, больш за 20 гадоў стаіць на ўліку ў наркалагічным дыспансеры. Увосень ён назапасіў 1,5 кілаграма макавай саломкі для ўласнага ўжывання.

"Згодна з пастановай пленума Вярхоўнага суда ў гэтым пытанні, паказана, што такі вялікі аб'ём макавай саломкі можа сведчыць аб намеры чалавека распаўсюджваць наркотык, — кажа юрыст. — Гэта значыць, там пазначаецца здагадка "можа сведчыць". Грунтуючыся на гэтай здагадцы, яго асудзілі на 9 гадоў".

Тамара Уладзіміраўна Грыневіч

Стала інвалідам пасля дарожна-транспартнага здарэння. Падпалкоўнік запасу збіў яе на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Лекары сказалі, што яна цудам засталася жывая. Але некалькі гадоў адвакаты не маглі дабіцца нават распачынання крымінальнай справы супраць гэтага падпалкоўніка. Да аварыі Тамара Уладзіміраўна працавала на Мінскводаканале, цяпер яна страчвае зрок і ёй складана перасоўвацца без падтрымкі (на акцыю яна прыйшла ў суправаджэнні маці). Два гады таму ёй прысудзілі кампенсацыю на 1 500 дэнамінаваных рублёў, на якія проста немагчыма разгледзець нават пытанне пагаршэння здароўя.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках