11 траўня 2024, Субота, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Пацыенту» грошай не даваць!

12
Леанід Заіка: «Пацыенту» грошай не даваць!

Луканоміка поўзае па дне на каленках.

Напярэдадні мінулых выходных агенцтва Fitch Ratings наважыла «падсаладзіць» выходныя і змяніла прагноз паводле краінавага рэйтынгу Беларусі са «стабільнага» на «пазітыўны». Афіцыйныя СМІ скарысталіся выпадкам і заявілі пра «паляпшэнне сітуацыі».

Аднак ніхто са звычайных грамадзян «станоўчых змен» на сабе не адчуў. Што ж адбываецца ў эканоміцы Беларусі на самай справе і адкуль узялося гэта жангліраванне лічбамі, закліканае пераканаць, што «пацыент хутчэй жывы»?

На гэтыя пытанні Charter97.org адказаў кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія", эканаміст Леанід Заіка.

- На чым заснаваны прагноз Fitch і ці звязаныя неяк іх высновы з беларускай рэальнасцю?

- Для любой міжнароднай арганізацыі, якая сядзіць у Вашынгтоне, папіваючы каву з сокам ці нават віскі з содавай, крыніцай з'яўляецца афіцыйная статыстыка.

Усё, што можа быць скрупулёзна «падлічана» дзяржаўнымі статыстычнымі службамі ў краіне, то і становіцца для іх «крыніцай натхнення». Іншых сістэм назірання ў іх проста няма. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што паводле іх паказчыкаў Беларусь «прасунулася наперад».

- У той жа час зусім нядаўна іншая салідная арганізацыя, Міжнародны валютны фонд, спыніла перамовы з Лукашэнкам аб магчымасці выдавання крэдыту. У іх - іншыя крыніцы інфармацыі? І ці зменіцца цяпер пазіцыя МВФ аб Беларусі?

- Вядома, агульныя макраэканамічныя параметры заўсёды прымаюцца да ўвагі. Як у доктара: агульная тэмпература цела, аналіз крыві, колькасць цукру, чырвоных крывяных цельцаў - усё гэта выкарыстоўваецца, каб ацаніць здароўе пацыента.

Але я ім вельмі ўдзячны за спыненне перамоў па крэдыце. І спадзяюся, што МВФ не выдасць гэтага крэдыту наогул. Усё проста: беларускія ўлады апускаюць гэтымі крэдытамі сябе і эканоміку ніжэй ватэрлініі.

Гэтых крэдытаў, калі дадаць сюды і прыватныя, набралася ўжо на 40 мільярдаў даляраў. Дзяржаўная запазычанасць вырасла на 14,6%. Таму вялікі дзякуй усім міжнародным арганізацыям - ад мяне асабіста і ад супольнасці навукоўцаў-эканамістаў. Не давайце больш грошай. Хопіць! Час ужо навучыцца жыць за свае сродкі.

- Падобна на тое, што ўлады так зусім не лічаць і ў адказ на рост дзяржаўнай запазычанасці пайшлі на дзіўны манеўр, які больш нагадвае прымітыўную «магію»: павялічылі верхнюю планку дапушчальных суадносін дзяржаўнай запазычанасці з ВУП. Гэта такі метад самазаспакаення ці ўсё ж такі нешта, звязанае з законамі эканомікі?

- Ва ўрадзе Беларусі сабралася такая «памяркоуная» публіка, што здольная паверыць у такія «загаворы» казачнікаў-журналістаў, афіцыйных «майстроў пяра» і наогул абы-каго.

У Японіі, напрыклад, яшчэ большы паказчык дзяржаўнай запазычанасці. Таму я хачу сказаць: «дэпутаты» раўняйцеся на Японію! Няхай у нас будзе 100 мільярдаў дзяржаўнай запазычанасці і вы тады зможаце народу сказаць: ура, мы жывем па-японску.

А калі сур'ёзна, то вельмі і вельмі дрэнна тое, што наша эканамічна актыўнае насельніцтва «заціснутае» настолькі, што зусім не мае грошай і не можа нічога інвеставаць у краіну. Вось і даводзіцца ўвесь час браць грошы за мяжой.

А каб выглядала больш прыемна - лічбы ўвесь час падганяюцца. Нашы «дэпутаты» і ўрад - яны ж як школьнікі-двоечнікі. Адказы на кантрольнай падганяюць пад тое, што сказаў настаўнік. Вось і ўся, так бы мовіць, "навука".

- Лічбы падганяюцца - гэта зразумела. Паводле вашай ацэнцы, якая рэальная "тэмпература па шпіталі"? Як сябе адчувае «пацыент»?

- Беларуская эканоміку яшчэ з пачатку 2016 года развалілася амаль на 40%. Такі вэрхал быў толькі на пачатку 1990-х гадоў. Прычым, калі нашы суседзі - расейцы, украінцы, казахі і іншыя - прайшлі тады фазу карэннай ломкі, Беларусь замарозіла адсталыя сектары эканомікі.

А потым, у 2016 годзе, гэта ўсё абрынула - на 37%. Таму, калі статыстыка або міжнароднае агенцтва кажуць, што ў нас сёння «прырост» ВУП на 1%, на самой справе гэта азначае падзенне на -37%.

І пры гэтым Лукашэнка хоча зрабіць яшчэ зусім жудасную рэч: «павялічыць» заробкі да 500 даляраў. Па-першае, гэта глупства. Па-другое, гэта вялізнае глупства. Па-трэцяе: гэта рабіць не трэба ды і немагчыма.

Вобразна кажучы, стан беларускай эканомікі цяпер - зялёна-сіні. Ніжэй падаць ёй ужо было немагчыма, і зараз яна проста паўзе па дне на каленках.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках