27 красавiка 2024, Субота, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З беларусаў хочуць збіраць падвойны падатак

58
З беларусаў хочуць збіраць падвойны падатак

Што зноў задумалі прыдворныя «рахункаводы»?

Чым бліжэй да восені - тым больш «выкрываецца» сюрпрызаў, прыгатаваных уладамі для беларусаў. А між тым эканамічная сітуацыя зусім не паляпшаецца. Якія настроі ахопліваюць людзей у святле «своечасовых» пастаноў урада, сайт Charter97.org высвятляў у прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Горадні Сяргея Верамеенкі.

- На днях стала вядома пра двухразовае павышэнні камуналкі ўжо сёлета. А пры дэталёвых падліках высветлілася, што квітанцыя для простай беларускай сям'і пацяжэе куды больш, чым гавораць ва ўрадзе. Як рэагуюць людзі на такія навіны?

- Безумоўна, усе гэтыя хітрыкі ад уладаў вядуць толькі да росту незадаволенасці. Занадта ўжо шмат «гарачых» тэм будзе закранута гэтай восенню. Улады адназначна выпрабоўваюць мяжу цярпення ў народа. Відаць, што яны могуць і перайсці рысу, за якой сканчаецца спакой.

Дарэчы, у Горадні ў сферы ЖКГ склалася вельмі цікавая сітуацыя. У нас пабудавалі смеццеперапрацоўчы завод, працуюць спецыяльныя машыны, якія вывозяць на гэты завод адкіды. У дварах пастаўленыя кантэйнеры для сартавання смецця.

Вось і атрымліваецца: завод зарабляе грошы на перапрацоўцы, а пры гэтым з людзей яшчэ і збіраюць хабар за вываз смецця. Дзяржава стварыла сабе двайны профіт, а з грамадзян збіраюць двайную прымусовую даніну. І гэта - адлюстраванне сітуацыі ў эканоміцы ў цэлым.

Не здзіўлюся, калі і ў іншых рэгіёнах прыдумаюць нейкія такія схемы, каб улады маглі атрымліваць двайную выгаду. Падвойнае павышэнне тарыфаў - гэта толькі тое, пра што мы ведаем.

Пастаянна ўводзяцца новыя і новыя, часта замаскаваныя ад неадмыслоўца, падаткі. ЖКГ - гэта толькі адзін з прыкладаў спрыту рук «прыдворных рахункаводаў». Яны нам пастаянна паўтараюць пра нейкія 100% ад кошту паслуг, якія мы павінны аплачваць. Пры гэтым тарыфы ўжо столькі разоў павышаліся, што ўзнікае пытанне: а ці не аплачваем мы ўжо ўсе 100 ці нават больш?

Што такое гэтыя 100%? Бо калі мы прыходзім у краму, там у цэнніках нам паказваюць канкрэтныя лічбы. Ніхто не піша: хлеб каштуе 2% ад вашага заробку. Чаму ўлады ні разу не сказалі, што за камунальныя паслугі гаспадар кватэры такога-то метражу павінен плаціць такую суму. Гранічна ясна, можна ў рублях, можна - далярах ці еўрах. Пакажыце, што значаць вашыя магічныя 100% - колькі гэта ў далярах? Замест гэтага называюць працэнты і ўвесь час павышаюць і павышаюць плату. І дзе гэтыя 100% - невядома. Можа, мы іх ужо плацім, а можа і ўсе 120 або 150.

Беларуская ўлада выпрабоўвае нас на трываласць і спрабуе дзейнічаць «не бачачы берагоў». Імі ж прыдуманыя законы яны самі парушаюць на кожным кроку. Для сваякоў чыноўнікаў і сям'і Лукашэнкі - адны правілы, а для простых грамадзян, а асабліва грамадскіх актывістаў - зусім іншыя.

- Але ж шмат хто памятае, чым скончылася нядаўняе «выпрабаванне» цярпення беларусаў, калі праз дэкрэту №3 па ўсёй краіне пракаціліся нябачаныя з пачатку 90-х акцыі пратэсту. У кастрычніку, дарэчы, дэкрэт зноў вяртаюць. Як, на вашу думку, адрэагуюць людзі?

- Я ўпэўнены, што беларусы адрэагуюць адэкватна - гэтак жа, і нават больш актыўна, чым рэагавалі мінулым разам.

Калі вясной выходзілі на вуліцы нават у такіх маленькіх гарадках, дзе больш за 20 гадоў не было палітычнай актыўнасці, уладам варта было ўключыць здаровы сэнс і скасаваць дэкрэт цалкам.

Але яны вытрымалі паўзу і зноў пайшлі на канфрантацыю. Што ж, выклік кінуты, мы яго прымаем. Будзем змагацца - трэба бараніць сваё.

Сітуацыя ў рэжыму сумная. Вы толькі паглядзіце: яны зноў узялі ў Расеі крэдыт 700 мільёнаў даляраў, каб аддаваць ёй жа працэнты па сваіх мінулых крэдытах. Гэта проста смешна. Лукашэнка можа толькі спрабаваць «закручваць гайкі». Але хутка разьба ў яго сарвецца - і людзі перастануць трываць гэты здзек з сябе і адчуюць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі і гаспадарамі краіны.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках