27 красавiка 2024, Субота, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст з Калінкавічаў: На задворках хай БРСМ мітынгуе

Актывіст з Калінкавічаў: На задворках хай БРСМ мітынгуе
Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок дамагаецца правядзення пікета салідарнасці з прафзвязам РЭП у цэнтры горада.

Калінкавіцкія ўлады адмовілі актывісту прафзвязу РЭП Дзянісу Рабянку ў правядзенні пікета ў цэнтры горада. Ён хацеў выказаць салідарнасць з Генадзем Фядынічам і палітвязням Ігарам Комлікам, якія трапілі пад крымінальны пераслед. З адказам райвыканкама актывіст не згодны, паведамляе praca-by.info.

Дзяніс Рабянок, сябра прафзвязу РЭП з Калінкавічаў, 12 жніўня далучыўся да акцыі салідарнасці з палітвязнем Ігарам Комлікам і падаў заяўку на пікет у сваім горадзе. Праз 10 дзён ён атрымаў афіцыйны адказ: у правядзенні пікета яму адмовілі.

Рабянок на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» працытаваў прычыну адмовы, на якую спаслаўся дзяржаўны орган:

«Галоўная прычына наступная: «Месца, якое вы ўказваеце ў заяве, не ўваходзіць у пералік месцаў, вызначаных пастановай Калінкавіцкага райвыканкама ад 2013/09/23 г. 1036 «Аб масавых мерапрыемствах» для правядзення масавых мерапрыемстваў у Калінкавіцкім раёне».

Адказ райвыканкама прафзвязны актывіст уважае абуральным:

«Адным словам, мы павінны ісці на задворкі, каб нас ніхто не бачыў, і выказваць сваю пазіцыю ў «паветра». А вось мясцовыя БРСМаўцы чамусьці спакойна праводзяць свае мерапрыемствы ў самым цэнтры - каля дома гандлю «Бярозка» (як раз там я і хацеў арганізаваць пікет) - і фоткі з задавальненнем выкладваюць на сваёй старонцы ў Інстаграме. На іх пастанова райвыканкама, атрымліваецца, не распаўсюджваецца? Ёсць, высвятляецца, грамадзяне 1 і 2 гатунку: сваім - усё, ворагам - Закон, які да таго ж не адпавядае Канстытуцыі. І ў дадатак - патэнцыйныя рэпрэсіі».

Дзяніс Рабянок мае намер звярнуцца ў Калінкавіцкі райвыканкам з афіцыйным запытам, на якой падставе БРСМ праводзіць масавыя мерапрыемствы ў месцах, не ўказаных у пастанове:

«Атрымліваецца, Закон - толькі для нас, а для праўладных структур - поўнае садзейнічанне? Яшчэ і за дзяржаўныя грошы, якія на самай справе нашы агульныя».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках