28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У школах увядуць дрэс-код, а ў ВНУ будуць вучыцца тры гады?

76
У школах увядуць дрэс-код, а ў ВНУ будуць вучыцца тры гады?

На «педсавеце» прагучаў шэраг абсурдных заяваў.

Чалавек з першага курса павінен акунуцца ў будучую прафесію, зразумець, ягоная гэта справа ці не, мяркуе Лукашэнка. Падчас «педсавета» дактатар выказаўся пра практыка-арыентаваную адукацыю, сказаў, што тэрмін навучання і лішнія прадметы ў ВНУ трэба скарачаць, піша tut.by.

Распавядаючы пра практыка-арыентаваную адукацыю, у прыклад Лукашэнка прывёў выпадак з сельгасакадэміі. Калі падчас заняткаў трэцякурснікі ўпершыню ўбачылі буракі.

- Каго мы рыхтуем? Які ён аграном? - задаўся пытаннем Лукашэнка. - Ён (студэнт. - заўв.) павінен на першым курсе - прабачце мяне за гэтае слова, гэта не настаўніцкае слова - у гэты г...,але акунуцца. У гной. Пахадзіць па калена ў гноі і зразумець, што гэта не яго. Ён гэта на першым курсе павінен адчуць і сысці. А ў нас атрымліваецца: пяць гадоў, шэсць гадоў завочна мы іх рыхтуем, добрыя выкладчыкі, узровень адукацыі. А ён прыходзіць, акунаецца ў гэты гной, нават не па калена [...], і разумее, што гэта не яго.

Але колькі, прадаўжае Лукашэнка, грошай ужо затрачана. З гэтага, адзначыў ён, і пачалася практыка-арыентаваная адукацыя.

Паралельна, удакладніў Лукашэнка, ён паставіў задачу скараціць тэрміны навучання ў ВНУ, а таксама прыбраць з праграмы прадметы, якія ня спатрэбяцца чалавеку ў ягонай прафесіі. Усё гэта - значная эканомія.

- Ну навошта пяць гадоў вучыць? – прадоўжыў дыктатар. - Я па сабе ведаю, што там (у ВНУ. - заўв.) пяць гадоў рабіць няма чаго. За тры гады можна дашліфаваць чалавека, калі праз тэхнікумы і каледжы, або прафтэхвучэльні, дзе ён ужо папрацаваў на вытворчасці. Тры гады дастаткова для атрымання вышэйшай адукацыі.

Выключэнне, адзначыў Лукашэнка, складаюць толькі некаторыя прафесіі. Напрыклад, лекары.

- практыка-арыентаваная адукацыя, гэта каб чалавек адразу трапіў у ВНУ, падышоў да станка, панюхаў яго: салідолам смярдзіць, алей гэта машыннае - гэта не маё. І пайшоў, - сказаў Лукашэнка. - Ці, панюхаўшы гэты алей, ён адчуў - ён туды трапіў. А далей ужо асвойваў, атрымліваў на практыцы пэўныя навыкі і рыхтаваўся да будучага сваёго самастойнага жыцця ў гэтай прафесіі.

Дыктатар таксама выказаўся на тэму ўвядзення ў школах дрэс-кода:

- Не трэба ўсіх заганяць у рамкі, як у нас было калісьці. Школьная форма - трэба выбар даць людзям, - разважаў Лукашэнка. - Але гэта не значыць, што дзяўчынка будзе хадзіць і ў яе, прабачце, трусы бачныя. Ці нейкія джынсы з разарванымі каленамі. Ну, дзесьці можна апрануць. Але, як гэта называецца...

- Дрэс-код, - падказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

- Дрэс-код. Брыдкае слова, але падыходзіць. Ён жа абавязвае да гэтага: якая прычоска, якое адзенне. Яно павінна быць недарагое. Гэта я не табе, сядайце, - звярнуўся ён да кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, які яшчэ не сеў у крэсла пасля папярэдняга пытання.

- А то цяпер у сваёй папраўчай калоніі пачнеш шыць школьную форму!

Зала засмяялася. А Лукашэнка патлумачыў: нядаўна зняволеныя развязалі праблему з формай у дзіцячай спортшколе. На днях паведамлялася, што 50 камплектаў адзення атрымала школа «Дынама».

- Сказаў, Ігар Анатольевіч [Шуневіч], трэба дапамагчы. «Так, сшыем мы хоць якую-небудзь». А гэта складанае адзенне. (...) І ў яго зняволеныя сшылі ідэальнае адзенне! Нават для хакея. Неўзабаве шлем зробяць і канькі будуць, увесь свой будзе! Я ўпэўнены, даручы яму - ён і школьную форму сшые, - запэўніў Лукашэнка.

Мабыць, зала прыняла апошнія рэплікі за жарт - і засмяяўся. А між тым у папраўчай калоніі №4 удакладнялі: ужо выпускаюць і клюшкі. Пакуль з расейскіх нарыхтовак, але плануюць у будучыні рабіць сваімі сіламі.

Зрэшты, асаблівай праблемы з вытворчасцю школьнай формы дыктатар не бачыць. Хутчэй - з разнастайнасцю.

- Трэба прапанаваць некалькі варыянтаў гэтай формы школьнай. І каб было зручна і для дзяцей з пятай калоны (мы ж яе не выкінем, гэта ж нашы дзеці), і для нашых звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць нашу радзіму, - сказаў Лукашэнка.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках