26 красавiка 2024, Пятніца, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - 511 гадоў перамогі войска ВКЛ над татарамі пад Клецкам

19
Сёння - 511 гадоў перамогі войска ВКЛ над татарамі пад Клецкам

5 жніўня 1506 года беларусы разграмілі галоўнага хаўрусніка Масквы - войска крымскага хана Менглі-Гірэя.

Пад канец пятнаццатага стагоддзя Вялікае Княства Маскоўскае, якое да гэтага было ўлусам, гэта значыць часткаю Залатой Арды, пазбавілася татара-мангольскага прыгнёту. I пачало супернічаць за панаванне ва Усходняй Еўропе.

У папярэднія стагоддзі тут сваю волю дыктавала наша гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае. Яно распасціралася ад Балтыкі да Прычарнамор'я, падступала да волжскіх берагоў. Яно рабіла паходы на самую Маскву. Яно прызначала сваіх стаўленікаў у Пскоў і Ноўгарад.

Усходняя ж суседка, пераняўшы сістэму ўлады ў сваіх былых азіяцкіх прыгнятальнікаў, умацоўвалася і пашырала сваю тэрыторыю. Маскоўскі князь Іван III правёў гэтым часам вайсковую рэформу. Ён павялічыў памеры свайго войска да 100 тысяч чалавек. Гэтакай вялізнай арміі не было тады ні ў кога ў Еўропе.

Да маскоўскай пагрозы з усходу далучылася і крымска-татарская з поўдня. Асабліва калі ханы ў 1480 годзе ўчынілі з Іванам III вайсковае пагадненне, піша jivebelarus.net.

Крымскае ханства, якое займала сам паўвостраў Крым і прылеглыя стэпы Прычарнамор'я, узнікла на руінах былой Залатой Арды. Яно пачало асабліва ўмацоўвацца ў другой палове пятнаццатага стагоддзя, калі стала залежным ад Турэцкай імперыі. Ад яе татары атрымоўвалі матэрыяльную і збройную дапамогу.

Жывучы непадалёку ад багатых земляробчых абшараў, прылеглых да Дняпра і Дуная, татары галоўным сваім заняткам зрабілі рабаўніцкія паходы. Яны захоплівалі плён працы мірных людзей, а таксама палонных, якіх прадавалі ў рабства. Спачатку нападалі на Украіну. А спустошыўшы Сярэдняе Падняпроўе, у канцы стагоддзя накіравалі хцівыя позіркі на поўнач Палесся. Там мясцовы люд ужо больш чым два стагоддзі не ведаў чужацкай навалы.

У 1497 годзе татары ўпершыню ўварваліся ў Беларусь і зруйнавалі Мазыршчыну. Ад гэтага часу і ажно да 1527 года яны зрабілі 12 буйных і драбнейшых наездаў на нашу зямлю.

Звычайна татары пачыналі паход у канцы лета - пачатку восені, калі ўжо быў сабраны ўраджай. Іх загоны, што налічвалі ад сотняў да некалькіх тысяч лёгкаўзброеных вершнікаў, рухаліся водападзеламі. Такі шлях быў зручны тым, што не трэба было пераплываць рэкі. Дасягнуўшы пэўнага месца, яны станавіліся лагерам - кошам. А пасля рассыпаліся на меншыя атрады, спусташалі блізкае і далёкае наваколле.

У Крым вярталіся абцяжараныя здабычай, ведучы палон-ясыр, гонячы захопленую жывёлу. Напады рабілі імкліва і на нечаканых кірунках, каб нашыя людзі не паспелі арганізавацца і даць адпор. Найбольш цярпелі ад рабаўнікоў вёскі і мястэчкі. Гарады ж звычайна вытрымлівалі аблогі і прыступы стэпавікоў. Бо тыя не любілі дый не ўмелі штурмаваць сцены і вежы.

Найбольшая пагроза для краіны была тады, калі паходы татараў супадалі з нашэсцем маскоўскіх войскаў. Калі ж нашыя продкі паспявалі сабрацца і збройна выступіць супраць стэпавых драпежнікаў, яны білі іх нават у чыстым полі. Знішчалі іхныя кашы, вызвалялі людзей, узятых у палон. Большыя або меншыя паразы цярпела ў сярэднім кожнае другое татарскае ўварванне ў Беларусь. Асабліва паказальным быў 1506 год.

У сярэдзіне лета сыны крымскага хана "царэвічы" Біці і Бурнаш з 20-тысячнай конніцай уварваліся на поўдзень Беларусі. Затым, падзяліўшыся на атрады, пачалі спусташаць край.

Якраз тады вялікі князь Аляксандр Казіміравіч сабраў сойм магнатаў і шляхты ў Лідзе. У часе пасяджэння сойму і прыйшлі трывожныя весткі. А татары былі ўжо каля Наваградка, некаторыя нават пераправіліся на правы бераг Нёмана. Аляксандр, спаралізаваны цяжкай хваробай, не мог узначаліць адпор.

Паклікаўшы да сябе паноў-раду, ён усклаў гэтыя абавязкі на гетмана Станіслава Кішку. Сябе ж загадаў занесці на насілках у Вільню пад абарону нядаўна абноўленых муроў.

Паслы ў сойм, а таксама баярства-шляхта з блізкага і далёкага наваколля дый усе, хто мог валодаць шабляй, сабраліся разам. "I мала ці многа - усе як адзін адну раду і ўмысл палажылі: узяўшы Бога на помач, толькі пайсці і біцца з імі".

Некалькі лепшых рыцараў адразу ж выправіліся на выведку. Татараў сустрэлі непадалёку Ліды. I ў кароткай сутычцы разбілі іх. Нашы ваяры з палоннымі і адсечанымі па тагачаснай завядзёнцы галовамі ў торбах вярнуліся ў горад.

Першы поспех акрыліў войска, і яно конна рушыла да Наваградка. Тут запыніліся на тры дні, збіраючы падмогу з замкаў і баярскіх двароў. Акрамя таго неабходна было даведацца, дзе залеглі кошам асноўныя татарскія сілы.

Лёгкія загоны вершнікаў разгарнуліся па ўзгорыстай Наваградчыне і пад Гарадзішчам, што ў кірунку Баранавічаў. Баяры Юрай і Андрэй Неміровічы з сваімі людзьмі захапілі шасцёх палонных. Тыя доўга не трымалі таямніцы: сыны хана з галоўным войскам стаяць пад Клецкам, а шмат якія атрады яшчэ не вярнуліся ў кош.

Адслухаўшы малебны ў праваслаўных і каталіцкіх бажніцах горада, 4 жніўня 1506 года перад самым змярканнем войска выправілася з-пад сцен Наваградскага замка. Цяпер яго набралася ўжо да 10 тысяч вершнікаў.

Ішлі на паўднёвы ўсход. У недалёкім мястэчку Асташын заначавалі. А нараніцу прымчалі на ўзмыленых конях баяры з навакольных двароў. Яны ўцякалі ад татараў, якія гойсалі па акрузе.

Пастанавілі, што расцярушваць войска, каб вынішчаць невялікія групы рабаўнікоў, не мае сэнсу. Трэба было біць у самы асяродак ворагаў. Таму, не адхіляючыся, працягвалі шлях - на Цырын, Паланечку, Ішкальдзь, міналі папялішчы вёсак. За Ішкальдзяй авангард дагнаў даволі значную татарскую сціжму на паўтысячы вершнікаў, абцяжараную здабычай і палонам. Толькі жменька іх уратавалася, уцякаючы цераз раку Ушу каля Крутога Берага. Недабіткі прыбеглі да Клецка, несучы трывожную вестку пра набліжэнне беларускага войска.

Перад Молевам, у вёсцы Ліпа, нашы ваяры заначавалі зноў. А нараніцу высветлілася, што гетман цяжка захварэў і нават не можа сесці на каня. Трэба было тэрмінова прызначаць іншага правадыра, бо да татарскага коша заставалася ўжо нейкіх 15 кіламетраў. Тады параіліся і даручылі гетманства на час бітвы маршалку Міхайлу Глінскаму, трыццацішасцігадоваму князю, які сам па мячы (гэта значыць, па мужчынскай лініі) паходзіў з беларускіх татараў.

Затым войска пастала ў палкі-гуфы і рушыла да Клецка, гатовае да бою. Ішлі насцярожаныя, бо кожную хвіліну можна было чакаць наскоку хуткай татарскай конніцы. Да абеду дасягнулі вёскі Красны Стаў на Лані і з прыбярэжнага пагорка ўбачылі, што за ракой ужо стаяла падрыхтаваная да бітвы арда.

Напачатку ўсчалася перастрэлка цераз раку, якая доўжылася тры гадзіны. Тут перавага была на баку нашых ваяроў. Бо яны мелі не толькі лукі, але і агняпальную зброю - некалькі гарматаў і рушніцы. Пад такой моцнай заслонай удалося загаціць дзве пераправы цераз Лань.

Аднак спачатку ў нашым войску выявілася няўзгодненасць. Яго правы фланг заўчасна перабраўся на другі бераг. Убачыўшы гэта, татары кінулі туды сваіх лепшых сечкароў. Тыя ўдарылі па нашых яшчэ не разгорнутых гуфах. Склалася крытычная сітуацыя. Пад стрэламі і шаблямі пачалі гінуць людзі. Тады Глінскі паскорыў пераправу войска левай рукі, якое і атакавала ўпоперак татарскіх загонаў. Загартаваная ў ранейшых бітвах з маскоўцамі, у жалезных панцырах, баярская конніца прасекла ардынскія шыхты і падзяліла іх напалам. Ачулася і войска правай рукі, націснула на татараў з поўдня.

Выява старадаўняга Клецка з замкам і падзамчышчам. Паводле гравюры Тамаша Макоўскага пачатку сямнаццатага стагоддзя

Наступ быў такі нястрымны, што ворагі ўжо і не думалі пра сечу. Адзінае, што заставалася тым, хто ацалеў, у тым ліку і "царэвічам" - паратунак уцёкамі. Як сведчыў летапісец, "князь Міхайла з усім войскам гнаў за імі, імаючы і забіваючы да ракі Цабры. I як прыбеглі татараве да Цабры, тады мала не ўсе ў рацэ патанулі. Так многа татараў і іх коней у рацэ ды балоце было, што літва (так даўней звалі беларусаў) пераязджала на конях і пешы пераходзілі па мёртвых цялесах татарскіх і коней іх". Уцекачоў пераймалі і нішчылі каля Слуцка, Петрыкава і на Украіне. Толькі жменька іх дабралася да Крыма.

Войска Глінскага вызваліла шматтысячны палон, завалодала татарскім дабром і табуном з 30 тысяч коней. Яно яшчэ некалькі дзён стаяла пад Клецкам. Высякала татарскія загоны, што вярталіся ў кош, якога ўжо не было.

Уражаны знішчэннем лепшых сваіх сілаў, крымскі хан Менглі-Гірэй тэрмінова пачаў перамовы пра замірэнне. I хоць пазней наша краіна часам цярпела ад татарскіх нападаў, але здаралася ўжо гэта шмат радзей. Клецкая бітва мела вялікае значэнне ў айчыннай гісторыі. Слаўная перамога нашых прадзедаў засталася не толькі ў пісьмовых крыніцах, але і ў людской памяці. Яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі на колішнім пабаявішчы пад Клецкам узвышаўся крыж. Яго паставілі мясцовыя жыхары ў памяць аб перамозе і на заспакаенне душ палеглых. А ў 1996 годзе тут узведзены помнік.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках