26 красавiка 2024, Пятніца, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Аўтухоў: У грамадстве наспелі перамены

7
Леанід Аўтухоў: У грамадстве наспелі перамены
Леанід Аўтухоў

Па той бок барыкад таксама разумеюць, што іх час прайшоў.

Пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання Віцебскай вобласці vitebskspring.org распавёў актывіст партыі Беларускі Народны Фронт з Гарадка Леанід Аўтухоў.

Апазіцыянер браў актыўны ўдзел у святкаванні Дня Волі ў абласным цэнтры 25 сакавіка, за што быў прысуджаны да 15 дзён адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства):

- У ІЧУ я трапіў, мабыць, чацвёрты раз у жыцці. Калі такое здарылася ўпершыню - ужо не памятаю дакладна, бо прайшло шмат гадоў. Але з тых часоў нічога не змянілася. Не памянялася нічагуткі!

Хіба толькі абслуга стала больш мякка ставіцца. А першы раз, калі трапіў, быў жах. Раней ахоўнікі былі нахабныя, самаўпэўненыя, а цяпер адчуваюць, што яны ўжо не такія ўсемагутныя, што надыходзіць іншы час. Там жа хлопцы недурныя - разумеюць, што ў грамадстве наспелі перамены. Яны адчуваюць гэтыя перамены, можа быць, лепш за нас.

Карацей, персанал, ахоўнікі проста выконвалі сваю працу і ставіліся да нас нядрэнна. Прычым не толькі да палітычных, але і да звычайных «жыхароў» ІЧУ: хлопец, што сядзеў са мной, сядзеў за справу - ён ужывае спіртныя напоі, потым выходзіць на двор і хуліганіць - то і да яго стаўленне было нармальнае. Прэтэнзій да абслугі ў мяне няма ніякіх. Але ёсць шмат нараканняў да самой сістэмы.

Мяне змясцілі ў 2-мясцовую камеру. Два дні перад тым, да суда знаходзіўся ў іншай камеры, а як суд адбыўся - увесь час у адной і той жа, нікуды не пераводзілі. Разам са мной сядзеў хлопец з Полацка. У яго былі запазычанасці (неадбытыя дні адміністрацыйных арыштаў паводле раней прынятых пастаноў суда - Заўв.) - ён туды зайшоў вельмі надоўга. У яго не было падтрымкі звонку, бо ў яго ёсць толькі маці. Дык ён мне быў вельмі ўдзячны, бо мне дапамагалі сябры; жонка, сям'я мяне падтрымлівалі, а ён сядзеў без цыгарэт і ў яго не было дадатковай ежы. Таму са мной яму пашанцавала. Ён казаў: «Я знаходжуся, нібы дома».

Умовы ўтрымання? 2-мясцовая камера - мала месца. Спальнае месца - 2-ярусная шконка (нары - заўв.) - металічны каркас, дошкі, як звычайна. Бялізна - першы тыдзень была добрая, а потым ужо не вельмі, але гэта дробязь.

У камеры, дзе сядзеў, акна не было, яно было закрытае металам - тоўстым лістом, можа «пяцёркай». І вельмі маленькая дзірачка - работнікі, напэўна, прасвідравалі, калі рабілі, ды так і пакінулі. І праз гэтую дзірачку мы глядзелі: дзень або ноч.

На шпацыр вадзілі, калі мы прасілі. Дзесьці кожны дзень хвілін па трыццаць. Аднойчы, толькі не вывелі, але папрасілі прабачэння, бо там у іх было нейкае здарэнне і не мелі часу. Сказалі: «Выбачайце, хлопцы, заўтра выведзем». І сапраўды, на наступны дзень вывелі.

У душ хадзіў адзін раз. Давалі тэлефанаваць. Пісаў заяву - і давалі. Пошту мне перадавалі рэгулярна. Прыходзіла шмат лістоў. А вось ад мяне ліст на волю так і не дайшоў. Хоць канверт, каб я змог адправіць яго, яны нават самі мне прынеслі, бо ў мяне быў канверт без маркі.

Наконт перадач - таксама праблем не было: усё, што дазволена, перадавалі своечасова.

А цяпер - галоўнае. Што там розныя абмежаванні, цвёрдая шконка, туалет... - рэч не ў гэтым. Мы ж ішлі не на курорт. Але сапраўдны жах - харчаванне. У мяне ўзрост ужо такі, што павінен уважліва ставіцца да ежы. Дык там - сапраўднае катаванне ежай. Дакладней, катаванне голадам.

Яшчэ як першы раз трапіў у ІЧУ, пакаштаваў іх катлету. Смак яе адчуваў потым у роце доўга. Гэтым разам я ніводнай катлеты не з'еў. Пра гэтую катлету яны кажуць: «Мы бяром харчаванне з аблвыканкаму». Калі зменіцца ўлада, трэба сабраць іх усіх у адной камеры і карміць гэтымі катлетамі - трэба толькі захаваць прозвішча таго кухара, каб ён не забыўся рэцэпт.

Я мяркую, што ў сучасным свеце нельга так карміць людзей - значна горш, чым я кармлю сабаку. У мяне лепшае стаўленне да сабакі, чым стаўленне «лукашызму» да людзей, якія трапілі ў ІЧУ. Там дробныя хуліганы, зладзюжкі, але ж і яны - людзі! Катаванне голадам, калі ўвесь час хочаш ёсць, ламае людзей. І трэба гэта спыніць: нельга, каб чалавек хацеў есці ў 21-м стагоддзі!

Таксама хачу сказаць пра святло. Яно ў камеры гарыць і дзень і ноч. Спаць перашкаджае, але каб чытаць, яго недастаткова. А я ўвесь час чытаў, бо чым яшчэ там займацца? Сёе-тое з літаратуры я і там браў, але ў іх усе кніжкі па-руску. Таму мне ў асноўным кнігі перадавалі з волі - на беларускай мове, я іх там і пакінуў - хай чытаюць іншыя.

Калі чытаеш пры такім святле, то такое напружанне, што ў мяне, напрыклад, балела галава - бо мне не 20 гадоў. Сусед быў малады, гадоў 25, то і ён стараўся не часта чытаць праз асвятленне: «Пачытаў трохі - адпачні». Адсутнасць святла для чытання - гэта таксама катаванне.

Ці гэта наўмысна так зроблена, каб адабраць у чалавека здароўе? Калі так, то калі зменіцца ўлада, павінна быць расследаванне і пакаранне - так нельга, каб святла не ставала. За 15 дзён я пасадзіў зрок - выйшаў і ўжо цяпер карыстаюся акулярамі, каб пачытаць.

Катаванні святлом, катаванні голадам... Што яшчэ запомнілася? Радыё, якое працавала цэлы дзень. Гэта таксама было невыносна. Замест навін - прапаганда. Усё па-руску, беларускага не было нічога. А я ж не слухаю такога.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках