26 красавiка 2024, Пятніца, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал войска ЗША ў адстаўцы: Калі РФ пакіне войскі ў Беларусі - гэта падрыхтоўка да ўварвання ў Балтыю

6
Генерал войска ЗША ў адстаўцы: Калі РФ пакіне войскі ў Беларусі - гэта падрыхтоўка да ўварвання ў Балтыю

Экспэрт у ЗША падвёў першыя вынікі вайсковых вучэнняў «Захад-2017».

Вайсковыя вучэнні «Захад-2017» сталі не толькі самымі маштабнымі вайсковымі манеўрамі, праведзенымі Масквой у апошнія гады, але і расейскімі падзеямі, што найбольш абмяркоўваюцца ў заходніх СМІ, піша golos-ameriki.ru.

Паводле ацэнак заходніх экспэртаў, Масква занізіла колькасць удзельнікаў стратэгічных манеўраў як мінімум удвая, у тым ліку і для таго, каб паменшыць колькасць замежных назіральнікаў. Са слоў генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга, прыніжэнне колькасці ўдзельнікаў вучэнняў з боку РФ з'яўляецца «звычайнай практыкай, і ўжо адбывалася не раз», у тым ліку падчас вайсковых манеўраў у 2009 і 2013 гадах.

Некаторыя назіральнікі меркавалі, што вучэнні «Захад-2017» на самай справе з'яўляюцца «аперацыяй прыкрыцця» для разгортвання на тэрыторыі Беларусі дадатковага расейскага вайсковага кантынгенту і перакідвання да заходніх межаў тэхнікі і ўзбраення.

На думку экспэрта Белфэраўскага цэнтра Гарвардскага ўніверсітэта, брыгаднага генерала войска ЗША ў адстаўцы Кевіна Раяна (Kevin Rayan), любыя вайсковыя манеўры, якія праводзяцца Масквой, ствараюць «пэўныя рызыкі» для дзяржаў-сябраў NATO.

- Расейскае войска прадэманстравала вельмі прыкметны прагрэс ва ўсіх абласцях, - заявіў ён. - Гэта асабліва прыкметна, калі параўноўваць «Захад-2017» з вучэннямі стратэгічнага ўзроўню мінулых гадоў. Вырас узровень камандавання, стаў лепшым кантроль за дзеяннямі падраздзяленняў, каардынацыя сумеснай работы вайскоўцаў, разведкі і службаў забеспячэння з мясцовымі ўладамі. Іншымі словамі, бачны прагрэс у гатоўнасці супрацьстаяць цэлым спектрам пагроз - ад тэрарыстычных нападаў да рэальнай поўнамаштабнай вайны.

Ці з'яўляецца гэта пагрозай для NATO? Адказ на гэтае пытанне залежыць толькі ад таго, ці лічыце вы расейскае войска і Расею ў цэлым пагрозай для NATO? Калі вы адкажаце «так», то здольнасць краіны правесці такія маштабныя вучэнні і мабілізаваць значныя сілы, безумоўна стварае пэўныя рызыкі для NATO.

- Напярэдадні вучэнняў у Вашынгтоне і ў еўрапейскіх сталіцах досыць сур'ёзна абмяркоўвалі імавернасць таго, што вучэнні «Захад-2017» могуць стаць своеасаблівай «падрыхтоўчай пляцоўкай» для вайсковага ўварвання ў краіны Балтыі.

- Вучэнні яшчэ не скончаны, і калі пасля іх завяршэння мы ўбачым, што Расея пакінула нейкія войскі ў Беларусі, занялася стварэннем дадатковай інфраструктуры ці, напрыклад, падрыхтоўкай новых узлётна-пасадачных палос у аэрапортах, то тады ў нас сапраўды з'явіцца падстава для турботы.

Пагроза для Латвіі, Літвы і Эстоніі зыходзіць не ад расейскай вайсковай машыны, а ад так званай «гібрыднай вайны» - кібератакі, умяшання ва ўнутраныя справы, спроб дэстабілізаваць абстаноўку.

- Тым не менш, кажучы пра пагрозу з боку Расеі, у ЗША згадвалі пра тое, што вучэнні «Каўказ-2008», напрыклад, сталі падрыхтоўкай да атакі супраць Грузіі, а «Захад-2013» - падрыхтоўкай да ўварвання ў Крым і Украіну.

- Стратэгічныя вучэнні сапраўды можна разглядаць, як спосаб мабілізацыі і засяроджвання войскаў у пэўным рэгіёне. Манеўры часта выкарыстоўваюцца, як прыкрыццё для аперацый па перакідцы сіл і сродкаў, і, вядома, такую магчымасць вайскоўцы ў NATO абавязаны былі ўлічваць.

Зусім нядаўна Масква засяродзіла ля мяжы з Украінай групоўку колькасцю ад 40 да 50 тысяч чалавек. Паводле нашых падлікаў, гэтага было дастаткова для пачатку ўварвання.

Але для аперацыі супраць краін Балтыі патрэбныя значна большыя сілы. Гэта невялікія дзяржавы, але яны з'яўляюцца сябрамі NATO, так што пры планаванні вайсковай аперацыі трэба браць пад увагу ўзаемныя абавязанні ўсіх краін-сябраў Альянсу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках