26 красавiка 2024, Пятніца, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што змянілася ў Нямеччыне пасля выбараў у бундэстаг

Што змянілася ў Нямеччыне пасля выбараў у бундэстаг

Пяць галоўных высноваў паводле вынікаў парламенцкіх выбараў.

24 верасня ў Нямеччыне прайшлі парламенцкія выбары. Буйной сенсацыі не адбылося: хрысціянскія дэмакраты на чале з дзейнай канцлеркай Ангелай Меркель (Angela Merkel) перамаглі ў барацьбе за месцы ў бундэстагу. Паводле папярэдніх афіцыйных вынікаў, блок правацэнтрысцкіх партыяў "Хрысціянска-дэмакратычны звяз" / "Хрысціянска-сацыяльны звяз" (ХДЗ / ХСЗ) набраў 33 адсоткі галасоў.

Левацэнтрысцкая Сацыял-дэмакратычная партыя (СДПН) на чале з Марцінам Шульцам (Martin Schulz) прыйшла другой, набраўшы 20,5 адсотка. Трэці вынік – у правых папулістаў з "Альтэрнатывы для Нямеччыны" (АДН): 12,6 адсотка галасоў.

"Нямецкая хваля" зрабіла пяць галоўных высноваў з вынікаў гэтых і іншых партыяў на цяперашніх выбарах.

1. Улада застаецца ў руках у Меркель

Ужо ясна, што ў 2017 годзе кансерватары з блока ХДЗ / ХСЗ атрымалі адзін з найгоршых вынікаў у сваёй гісторыі. Гэта, вядома, удар у абедзве партыі, але "Хрысціянска-сацыяльны звяз" пацярпеў мацней. Страты партыі, за якую можна прагаласаваць толькі ў Баварыі, перавысілі 10 адсоткавых пунктаў у параўнанні з мінулымі выбарамі. 38,5 адсотка – найгоршы вынік ХСЗ з 1949 года. Менавіта ў гэтай зямлі сацыёлагі сур'ёзна памыліліся ў прагнозах: чакалася, што баварскія кансерватары набяруць 47 адсоткаў галасоў.

Тым не менш стратэгічныя мэты, як сказала Меркель, дасягнутыя: вагары ўлады засталіся ў руках яе партыі і ўзначаленага ёй блока. "Нам даручана стварыць урадавую кааліцыю, а стварыць кааліцыю супраць нас не атрымаецца", – паспрабавала адразу пасля абвяшчэння першых вынікаў галасавання супакоіць расчараваных прыхільнікаў Меркель. Цяпер у яе наперадзе складаныя перамовы ў фармаванні ўрадавай кааліцыі.

2. Правыя папулісты ў бундэстагу

Каб зразумець, куды сышлі тыя выбарнікі, якія раней галасавалі за Меркель, дастаткова паглядзець на вынік "Альтэрнатывы для Нямеччыны". Правыя папулісты пацяснілі партыю Меркель з правага флангу: паводле звестак апытанняў, менавіта выбарнікі ХДЗ / ХСЗ часцей за ўсё пераходзілі ў стан АДН.

Створаная ў 2013 годзе партыя з другой спробы ўпэўнена ўвайшла ў бундэстаг, набраўшы 12,6 адсотка галасоў. На ўсходзе Нямеччыны, у былой ГДР, АДН стала другой палітычнай сілай пасля партыі Меркель. Вынік АДН – сведчанне ўмацавання правых настрояў у грамадстве.

АДН створыць трэцюю паводле велічыні фракцыю ў бундэстагу. Але ва ўрадзе правыя папулісты, якія звярнулі на сябе ўвагу рэзкай антыімігранцкай рыторыкай, удзельнічаць не будзе: хрысціянскія дэмакраты і іншыя партыі адмаўляюцца супрацоўнічаць з АДН. "Альтэрнатыве", напэўна, не дастанецца і ролю лідара апазіцыі, таму што пра сыход у апазіцыю абвесцілі сацыял-дэмакраты. СДПН, як другая паводле колькасці мандатаў фракцыя, атрымае належныя лідару апазіцыі прывілеі, у тым ліку кіраўніцтва ў большасці камітэтаў бундэстага.

3. Вяртанне лібералаў

Малады лідар Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП) Крысціян Лінднэр (Christian Lindner) здолеў вывесці сваіх прыхільнікаў з крызісу, дамогшыся выніку 10,7 адсотка галасоў. На выбарах у 2013 годзе лібералы не змаглі пераадолець пяціадсоткавы бар'ер, хоць яшчэ ў 2009 годзе святкавалі фенаменальны поспех (больш за 14 адсоткаў галасоў). Тады партыя стала малодшай партнёркай ХДЗ / ХСЗ у кіроўчай у Нямеччыне кааліцыі.

СвДП мяркуюць натуральным хаўруснікам кансерватараў. Такі кааліцыйны звяз, мяркуючы паводле звестак апытанняў, ухвалілі б выбарнікі. Але гэтыя партыі не набіраюць неабходнай большасці ў бундэстагу для фармавання ўрада.

Невялікай нечаканкай гэтых выбараў стала тое, што насуперак песімістычным прагнозам, палепшыць свае вынікі змагла партыя "Звяз-90" / "зялёныя". У іх 8,9 адсотка галасоў, што робіць "зялёных" патэнцыйнымі партнёрамі для фармавання кіроўчай кааліцыі. Таксама ўмацавалі свае пазіцыі "левыя" з Левай партыі: 9,2 адсотка. Нават тэарэтычна для кааліцыі левых сілаў у Нямеччыне не стае галасоў, так што "левыя" зноў сыдуць у апазіцыю.

4. Выбарнікі не хочуць "вялікай кааліцыі"

Шмат галасоў страцілі не толькі пераможцы выбараў – хрысціянскія дэмакраты, але і сацыял-дэмакраты. Яны паказалі гістарычна нізкі вынік – 20,5 адсотка галасоў. У выніку найбуйнейшыя партыі Нямеччыны, якія кіравалі апошнія чатыры гады ў складзе "вялікай кааліцыі", страцілі сумарна блізу 14 адсоткавых пунктаў.

Калі сацыял-дэмакраты не адступяць ад сваіх словаў, то адзіным рэалістычным сцэнаром сёння з'яўляецца кааліцыйны ўрад з ХДЗ / ХСЗ, лібералаў і "зялёных". У гісторыі Нямеччыны такой кааліцыі – яна праз спалучэнне колераў партыяў называецца "Ямайкай" – на федэральным узроўні яшчэ не было. Мяркуючы з усяго, патэнцыйным партнёрам будзе складана дамовіцца праз істотныя рознагалоссі ў іх партыйных праграмах.

5. Перамовы пра фармаванне ўрада задоўжацца

Не выключана, што стварэнне новай кааліцыі задоўжыцца яшчэ і з іншай прычыны, чым цяжкасці ў пошуку кампрамісаў пры складанні кааліцыйнай дамовы. Рэч у тым, што 15 кастрычніка парламенцкія выбары пройдуць у зямлі Ніжняя Саксонія. Назіральнікі мяркуюць, што партыі, якія могуць увайсці ў кіроўчую кааліцыю, дачакаюцца вынікаў гэтага галасавання ў надзеі палепшыць свае перамоўныя пазіцыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках