26 красавiка 2024, Пятніца, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВВС: Асад ужыў хлор ва Усходняй Гуце

5
ВВС: Асад ужыў хлор ва Усходняй Гуце

Рэжым Асада неаднаразова абвінавачвалі ў хімічных атаках, прычым менавіта з выкарыстаннем хлору.

Пры адным з абстрэлаў кантраляванага паўстанцамі аазіса Усходняя Гута пад Дамаскам войскі дыктатара Башара Асада ўжылі снарады з хлорам. Такую інфармацыю ў суботу паведаміла ВВС (пераклад - graniru.org).

Пасля нападу, распавядалі мясцовыя жыхары, у паветры адчуваўся пах гэтага газу. У сваю чаргу, медыкі паведамілі, што шасцярых чалавек лячылі ад нязначных праблем з дыханнем.

Усходняя Гута, непасрэдна прымыкае да сірыйскай сталіцы з усходу, - апошняя адносна буйная тэрыторыя ў ваколіцах Дамаска, кантраляваная паўстанцамі. Аазіс з насельніцтвам блізу 400 тысяч чалавек абложаны войскамі дыктатара з 2013 года.

У траўні 2017-га Расея, Іран і Турцыя сваім пагадненнем абвясцілі Усходнюю Гуту адной з зон дээскалацыі. Нягледзячы на гэта, аазіс прадаўжаюць бамбаваць.

У апошнія месяцы рэжым узмацніў блакаду Усходняй Гуты. Войскі Асада і саюзныя ім нерэгулярныя фармаванні абстрэльваюць сцежкі, якімі жыхарам мясцовасці дастаўляюцца прадукты і лекі. У гуманітарных арганізацыях заяўлялі, што дыктатар выкарыстоўвае голад як зброю супраць мясцовых жыхароў.

У лістападзе 2017 года ў дакладзе ААН паведамлялася, што людзі ва Усходняй Гуце вымушаныя есці корм для жывёлы і нават харчовыя адкіды. Некалькі чалавек памерлі ад голаду.

4 студзеня стала вядома, што не менш за 30 мірных жыхароў загінулі ад расейскіх налётаў на Усходнюю Гуту. 10-га студзеня вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн паведаміў, што ўсяго з 31 снежня ад паветраных і наземных нападаў на аазіс загінулі як мінімум 85 грамадзянскіх асоб. Аблога Усходняй Гуты, падкрэсліў Зэйд, прывяла да гуманітарнай катастрофы.

На мінулым тыдні ў гуманітарных НВА паведамлялі, што падчас нападаў на Усходнюю Гуту і іншыя тэрыторыі, кантраляваныя паўстанцамі, за папярэднія 10 дзён наўпроставыя бомбавыя і ракетныя ўдары праводзіліся па 10 лякарнях. Адзін з медыкаў адзначыў, што цяперашнія атакі - самыя інтэнсіўныя за апошні год.

Юсуф Ібрахім, настаўнік з горада Харасці каля заходняй мяжы Усходняй Гуты, распавёў, што праз бамбаванні і артабстрэлы ўсе жыхары горада перасяліліся ў падвалы. Рынкі і іншыя гандлёвыя пункты не працуюць.

Рэжым Асада неаднаразова абвінавачвалі ў хімічных атаках на праціўнікаў, прычым менавіта з выкарыстаннем хлору. Дыктатар усе абвінавачванні зняпраўджвае; Масква яго ў гэтым падтрымлівае. У кастрычніку - лістападзе 2017 года Расея заблакавала тры праекты рэзалюцыі Рады бяспекі ААН аб падаўжэнні мандата супольнага механізму Арганізацыі ў забароне хімічнай зброі і Аб'яднаных Нацый для расследавання выпадкаў выкарыстання хімічнай зброі ў Сірыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках