26 красавiка 2024, Пятніца, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Цэны ў Менску даступныя для турыстаў, але не для беларусаў»

20
«Цэны ў Менску даступныя для турыстаў, але не для беларусаў»

Брусэльскі дэгустатар параўнаў літоўскае і беларускае піва.

Адмысловец у галіне энэргетычнай палітыкі Мікола Квэрцы з Бэргама жыве ў Брусэлі ад 2011 году. Таксама ён мае званне самелье (sommelier), але не віннага, што было б цалкам лагічна для італьянца, а піўнога.

Мікола Квэрцы, які скончыў лонданскую Акадэмію піва, з’яўляецца экспэртам менавіта броварскай прадукцыі, дэгустуе і дае рэкамендацыі менавіта наконт гэтага напою. Улюбёнае ягонае захапленне, кажа італьянскі брусэлец, гэта вандраваць па Бэльгіі ды Еўропе, каб адкрываць новыя бровары ды новыя гатункі піва. Адна з ягоных апошніх фішак — усходнееўрапейскае крафтавае (рамеснае) броварства, якое робіцца ў маленькіх прыватных броварах паводле ўласных рэцэптаў, з традыцыйных інгрэдыентаў, Такое піва, як правіла, не мае рэкламы, яго можна пакаштаваць толькі ў пабах, і дзякуючы гэткай блізасці да спажыўца вытворцы могуць даволі хутка мяняць і удаскальваць свой асартымент, піша «Радыё Свабода».

Падчас калядных вакацыяў Мікола Квэрцы, скарыстаўшыся бязвізавым рэжым у Беларусі, пазнаёміўся з Менскам, а дагэтуль з Вільняй. Зразумела, ён наведаў тамтэйшыя бровары.

У сваіх заметках на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе Cronache di Birra ён тлумачыць, чаму вырашыў зрабіць невялікае падарожжа менавіта ў гэтых двух напрамках:

«Чаму? Літва была адзінай з трох краін Балтыі, якую я яшчэ не наведваў; Беларусь вабіла сваёй „закрытасцю“ да астатняга навакольнага свету. Па сутнасці, гэта адзіная еўрапейская краіна, куды дэмакратыя яшчэ не заглядвала. Як добры „піўны паляўнічы“, я, наведваючы пабы, спрабаваў за кухлем піва зразумець гісторыю і традыцыі броварства ў гэтых раней невядомых мне краінах.

Літва, якая ўваходзіць у ЕЗ ад 2004-га, нагадала мне Скандынавію. Было відавочна, што тут здаўна захоўваюцца традыцыі вытворчасці вясковага піва. У савецкі час гэтая галіна была нацыяналізаваная і стандартызаваная, аднак рэцэпты, якія ўсё ж таемна захоўваліся ў сем’ях бровараў і нашчадкаў, дзякуючы гэтай прыватнай ініцыятыве ўдалося праз дзесяцігоддзі, пасля краху камунізму, усё ж выкарыстаць, і броварскі рух у Літве ў выніку цалкам адрадзіўся.

Горад Вільня, дзе я наведаў пабы як з крафтавым, так і традыцыйным півам, падаўся мне яркім, элегантным (стары яго цэнтр знаходзіцца пад аховай UNESCO) і да таго ж вельмі эканамічным. Выбар месцаў, дзе можна пакаштаваць добрага піва, шырокі і разнастайны».

Самелье піша, што ягоным стартам у Вільні стаў элітарны піўны бар Nisha Craft Capital у дзвюх хвілінах хады ад кафедральнага сабору ў гонар святых Станіслава і Уладзіслава:

«У гэтым невялікім пабе з міжнароднай атмасферай, збіраюцца як замежныя госці, так і мясцовыя жыхары, інтэлектуальная публіка самых розных узроставых груп ды прафесіяў. Яны п’юць піва, эксперыментуючы са смакам, абмяркоўваюць гэта з іншымі наведнікамі, знаёмяцца адно з адным і атрымліваюць сапраўдны кайф ад усёй гэтай атмасферы. У бары вялікая разнастайнасць піва ў пляшках, а таксама 18 кранаў, адкуль цячэ, як той казаў, жывы напой. Прадукцыя самых розных вытворцаў. Я пакаштаваў Mango Milkshake браварні Apynys . Сярод піва з крана было галандскае De Molen, амерыканскае Sierra Nevada, дацкае Mikkeller, а таксама Brewfist Baltic Freak».

Наведаў Мікола Квэрцы і звычайныя бары, дзе літоўская публіка, літоўскае піва і даступныя цэны:

«З такіх пабаў раю Alaus Namai, размешчаны ў вялікім склепе, 15 хвілінаў хады ад гістарычнага цэнтру, непадалёк ад ракі Нярыс. Тут самы сапраўдны рай для аматараў літоўскага сялянскага піва. Пакаштаваў напоі фермерскага дома Kaimiškas. Напрыклад, цёмны з намёкамі на мёд і падсмажаны солад. Цікава. Але, безумоўна, знаёмства з рознымі літоўскімі гатункамі патрабуе большага часу».

Піўная хваля накаціла і ў Менск

З Вільні Мікола Квэрцы пераехаў у Менск, куды дабраўся праз Нацыянальны аэрапорт:

«Праз 35 хвілінаў лёту я быў ужо ў халоднай беларускай сталіцы. Горад зрабіў уражанне вельмі акуратнага, вельмі чыстага і велічнага, з шырокімі бульварамі і ўражлівымі помнікамі, будынкамі, адкуль ад 1994 году нязменна кіруе краінай прэзідэнт Лукашэнка. Хадзіць па горадзе бяспечна. Нават не ведаючы мовы, з беларусамі ўдаецца добра камунікаваць. Цэны ў большай ступені даступныя для турыстаў, чым для мясцовых жыхароў, чый сярэдні заробак складае 300 еўра за месяц. Тым не менш вялікая піўная хваля накаціла і ў Менск».

Першым месцам, якое піўны самелье наведаў у беларускай сталіцы, быў піўны бар Malt&Hops на вуліцы Зыбіцкай:

«Гэта цэнтар начнога жыцця гораду. Malt&Hops — элегантны і вельмі вялікі, недзе сталоў на 30, паб. Тут можна пакаштаваць рамеснае піва. Але ж беларускіх гатункаў, на жаль, няма. У асартыменце таксама розныя віды кактэйляў, віскі і цыгары. Супрацоўнікі размаўляюць на добрай ангельскай. Пакаштаваў я ў гэтым пабе „Балтыйскі портэр“ расейскага вытворцы.

Значна больш цікавым месцам мне здаўся піўны бар Craftman. Знаходзіцца ён на вуліцы Гікалы, кажуць, самай „піўной“ у Менску. Акрамя асобных столікаў, у невялікім памяшканні ёсць месцы для аматараў пастаяць з кухлем. Вось тут якраз ёсць піва беларускіх гатункаў, а таксама вытворчасці расейскіх, балтыйскіх і заходніх бровараў. Уладальнік бару і бармэн размаўляюць па-ангельску, яны дапамагаюць у выбары, бо ў меню ўсё напісана кірыліцай. Я пакаштаваў „Піўную карту“ (дзяржаўны піўзавод „Крыніца“), „Trye Beer“ (бровар пад Менскам) і некаторыя іншыя гатункі, якія лічу прымальнымі».

Вынікі аўтара аповеду наступныя:

«Літва мае, так бы мовіць, дзве паралельныя піўныя пляцоўкі. На адной робіцца рамеснае піва, на другой — традыцыйнае сялянскае. У Менску, у Беларусі, нягледзячы на перавагу прамысловага піва, рамеснае піва абмяжоўвае сваю прастору адмысловымі памяшканнямі, накіраванымі на ўсе большую колькасць турыстаў і мясцовых кліентаў, якія могуць сабе гэта дазволіць».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках