26 красавiка 2024, Пятніца, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторык Зміцер Дрозд выдаў кнігу «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча»

2
Гісторык Зміцер Дрозд выдаў кнігу «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча»
Зміцер Дрозд

Унікальнае выданне прымеркаванае да 210-годдзя класіка беларускай літаратуры.

Гэта сёмая кніга гісторыка-архівіста Змітра Дразда, і першая - на беларускай мове (пяць кніг было на расейскай, адная - па-польску). Цалкам падрыхтаваная да друку яшчэ адная кніга - «Падроблена Дуніным-Марцінкевічам». А ўсяго ў планах Змітра Дразда - выдаць 5 кніг пра выдатнага класіцы, якому 4 лютага споўніцца 210 гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Больш за 3 гады Зміцер Дрозд вывучае жыццё і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Кніга зробленая на падставе дванаццаці артыкулаў, якія публікаваліся ў «Культуры», «Нашай Ніве», «Родным слове», польскіх выданнях. У ёй 300 старонак.

«Я шукаў малавядомыя і новыя звесткі пра сям'ю, бацькоў, сясцёр Дуніна-Марцінкевіча. Ёсць нікому не вядомыя факты, якія я знайшоў у архівах - нічога з кніжак ці ранейшых даследаванняў.

Больш дакладную інфармацыю я знайшоў і пра вядомыя гісторыі: пра падробку дакументаў, пра тое, як ён прыдумаў дадатак да свайго прозвішча - «Дунін», які не выкарыстоўваўся да 1835 году; аб выкраданні нявесты; пра тое, як замовілі пахаванне і пахавалі яго ў Менску. Літаратар выйшаў з кандытарскай, убачыў працэсію і спытаў: «Каго хаваюць?» Яму адказалі: «Марцінкевіча», - кажа Зміцер Дрозд.

Гісторык прызнаецца, што імкнуўся зрабіць не чыста навуковае даследаванне, што было б сумнавата, а навукова-папулярную хрэстаматыю, але абапірацца толькі на правераныя факты і звесткі, дакументы, архіўныя матэрыялы.

16 студзеня выйшаў толькі сігнальны асобнік «Сакрэтаў Дуніна-Марцінкевіча». Рэдактарка кнігі - доктарка філалогіі Ганна Кісліцына. Выдаў кнігу «Беларускі дакументацыйнага цэнтр» за кошт аўтара, таму наклад пакуль запланаваны невялікі - 50 асобнікаў.

Зміцер Дрозд мае на мэце запусціць збор сродкаў праз краўдфандынгавую платформу «Талака» і давесці тыраж хоць бы да 300-500 асобнікаў, каб кніга была ў кожнай бібліятэцы.

Цалкам падрыхтаваная і яшчэ адна кніга - «Падробкі Дуніна-Марцінкевіча». Пакуль што выданне кнігі зноў упіраецца ў фінансы.

«Але гэтая гісторыя не перасякаецца з першай кнігай. Яна пра крымінальныя справы. Аб падробцы дваранскіх радаводаў. Пра тое, як ён сядзеў у Менскім замку. Пра тое, як дакументы падраблялі іншыя людзі, так бы мовіць, канкурэнты Дуніна-Марцінкевіча. Як шукалі старую паперу, калі яе не было, як вымочвалі новую ў гарбаце, падраблялі почырк. Я спадзяюся, гэта будзе яшчэ больш захапляльная кніга», - кажа даследчык.

Усяго ў планах Змітра Дразда - пяць кніг пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках