25 красавiка 2024, Чацвер, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея і Кітай увайшлі ў спіс асноўных пагроз бяспекі ЗША

1
Расея і Кітай увайшлі ў спіс асноўных пагроз бяспекі ЗША

Пентагон прэзентаваў новую абарончую стратэгію.

Вайсковае ведамства ЗША ў пятніцу прэзентавала новую Нацыянальную абаронную стратэгію (National Defense Strategy), вызначыўшы галоўныя пагрозы бяспекі краіны. Поўная версія дакумента засакрэчаная, і афіцыйна Пентагон апублікаваў толькі кароткі змест новай дактрыны, змешчаны на 11 старонках, паведамляе «Голос Америки».

«Мы стаім перад ростам пагроз з боку такіх розных краін, як Кітай і Расея, якія спрабуюць змяніць свет у адпаведнасці са сваімі аўтарытарнымі мадэлямі», - сказаў, прэзентуючы дакумент, кіраўнік вайсковага ведамства ЗША Джым Мэціс.

Як уважаюць аўтары дакумента, у сучасных умовах галоўнай праблемай для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў з’яўляюцца не тэрарыстычныя групоўкі, а «стратэгічнае спаборніцтва паміж краінамі».

Менавіта таму ў новай версіі абароннай стратэгіі, перагледжанай упершыню з 2008 года, асноўнымі пагрозамі названыя чатыры дзяржавы - Расея, Кітай, Паўночная Карэя і Іран. Дзейнасць тэрарыстычных груп па ступені небяспекі заняла толькі пятае месца. Тым не менш, аналітыкі Пентагона мяркуюць, што пагроза захаваецца і пасля паразы такіх буйных груповак, як «Ісламская дзяржава».

Каментуючы прэзентаваны дакумент, намеснік памочніка міністра абароны ЗША Элбрыдж Колбі заўважыў, што, у адрозненне ад Кітая, Расея значна больш «нахабна» выкарыстоўвае свае вайсковыя магчымасці.

Ён нагадаў, што ў 2014 годзе быў акупаваны Крымскі паўвостраў, а пазней Масква ўмяшалася ў вайсковы канфлікт у Сірыі на баку рэжыму Башара Асада. Пры гэтым у Пентагоне мяркуюць, што расейскае кіраўніцтва вымушана «абмяжоўваць» свае планы праз складанасці ў эканоміцы краіны.

Кітай у дакуменце апісваецца, як краіна, эканамічны стан якой дазваляе правесці поўнамаштабную мадэрнізацыю ўзброеных сілаў, што, як заўважыў Колбі, «сур'ёзна супярэчыць інтарэсам» ЗША.

«Гэтая стратэгія дэманструе фундаментальныя змены поглядаў (кіраўніцтва Пентагона), - сказаў Элбрыдж Колбі. - Мы павінны вярнуцца да асноў.., і гэтая стратэгія кажа, што мы засяродзімся на галоўным - забеспячэнні гатоўнасці да вайны, у прыватнасці - вайны паміж вядучымі дзяржавамі».

У дакуменце сцвярджаецца, што падтрымка хаўруснікаў з'яўляецца крытычна важным элементам у забеспячэнні бяспекі ЗША. Тым не менш, аналітыкі Пентагона зноў нагадалі пра тое, што ўсе краіны, якія ўваходзяць у Атлантычны альянс, «павінны раўнамерна размеркаваць» фінансавую нагрузку, выконваючы свае абавязанні перад NATO.

У найбліжэйшыя гады вайсковае ведамства ЗША мае намер правесці рэформу ў трох асноўных галінах: павысіць боегатоўнасць узброеных сіл, умацаваць вайсковыя альянсы і перагледзець працу апарата Міністэрства абароны, павысіўшы яго эфектыўнасць.

Кіраўнік Пентагона Джым Мэціс адзначыў, што канкурэнтаздольнасць ЗША ў вайсковай сферы засталася ў мінулым шмат у чым праз скарачэнне вайсковага бюджэту, на якім настойвалі палітыкі.

«Якія б не былі цяжкія апошнія 16 гадоў, у плыні якіх мы вядзём вайну, ні адзін вораг на поле бою не нанёс большую шкоду боегатоўнасці амерыканскім вайскоўцам, чым скарачэнне фінансавання», - сказаў міністр абароны.

Дакумент, прэзентаваны ў пятніцу, прадугледжвае, што адначасова Злучаныя Штаты плануюць правесці мадэрнізацыю ядзернай трыяды, уключаючы стратэгічную авіяцыю, ракетныя сілы і падводны флот.

Цяпер вайсковы бюджэт ЗША з'яўляецца самым вялікім у свеце. Штогод Вашынгтон выдаткоўвае на абаронныя мэты больш 587 мільярдаў даляраў. Вайсковы бюджэт Кітая складае 161,7 мільярда, Расеі - 44,6 мільярда даляраў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках