Міліцыянт з Віцебска атрымаў 2 гады за ДТЗ, але ў турму ня сеў
18- 21.01.2018, 16:59
- 24,078
Міліцэйскі УАЗ сутыкнуўся з маршрутнай таксоўкай у красавіку мінулага года.
15-га красавіка на скрыжаванні вуліц Воінаў-інтэрнацыяналістаў і Чкалава ў Віцебску міліцэйскі УАЗ сутыкнуўся з маршрутнай таксоўкай нумар 17. У выніку ўдару мікрааўтобус з пасажырамі перавярнуўся на бок, нагадвае «Белсат».
«Міліцэйскі варанок ехаў на чырвонае святло, якое пераходзіла ў жоўты колер. Яны несліся, па-першае, не рабілі ніякага тармажэння. А калі ўбачылі, што едзе маршрутка, і яны не паспявалі яе аб'ехаць, толькі тады было тармажэнне. Сігнальнай сірэны яны не ўключалі. Хачу сказаць, што гэта неймавернае парушэнне з боку праваахоўных органаў», - распавядае сведка здарэння.
Адна з пасажырак маршруткі атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пацярпелі яшчэ дзве жанчыны і 7-гадовае дзіця. На момант здарэння ў мікрааўтобусе былі сямёра пасажыраў.
«Злева УАЗ я бачыў выразна. Ён праехаў, я яму саступаў рух. З правага боку ніякіх апазнавальных сігналаў, папераджальных не было», - распавядае Міхаіл Таўпянец, кіроўца маршруткі.
На лаве падсудных апынуўся 23-гадовы Андрэй Волах. На момант здарэння ён праходзіў кантрактную службу ў вайсковай частцы 5524 унутраных войскаў МУС у якасці кіроўцы. ДТЗ адбылося, калі патруль накіроўваўся на выклік аб дапамозе. Са слоў Волаха, УАЗ ехаў з гукавой сігналізацыяй.
«Але ў нейкі момант гук знік. Я не магу растлумачыць, чаму. Пры гэтым я не ўключаў гукавую сігналізацыю і быў перакананы, што яна ёсць. Пра тое, што яе не было ў момант перасячэння скрыжавання, зразумеў, ужо праглядаючы відэа», - заявіў кіроўца патрульнага аўтамабіля Андрэй Волах.
Былога міліцыянта абвінавацілі ў парушэнні правілаў кіравання або эксплуатацыі баявога, спецыяльнага або транспартнага аўтамабіля, якое з неасцярожнасці пацягнула прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Кіроўцу пагражала да 5-ці гадоў пазбаўлення волі.
«На падставе часткі 2 артыкула 464 КК Рэспублікі Беларусь пакараць пазбаўленнем волі на тэрмін 2 гады з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на тэрмін 1 год».
Згодна з пастановай суда, Андрэй Волах атрымаў адтэрміноўку ад прысуду на 1 год. А гэта значыць, што ён застанецца на волі.
«Пасля таго, як мы параіліся з маім падабаронным, мяркуем, што мы не будзем абскарджваць прысуд. Задавальняе тая адказнасць, якая прадугледжаная Волаху, майму падабароннаму. І спадзяемся, што прысуд увойдзе ў законнае дзеянне», - кажа адвакат Андрэя Волаха Арцём Шароў.
Падсудны цалкам прызнаў сваю віну яшчэ на першым пасяджэнні і папрасіў прабачэння. Акрамя гэтага, ён аплаціў пацярпелым грошы за судовыя выдаткі.
«У яго жаданне было дапамагчы людзям. Таму ён парушэнні гэтыя дапусціў. Не думаў, што так здарыцца», - кажа маці Андрэя Волаха Людміла.
Праз тры дні пасля аварыі ў Волаха нарадзілася дачка. Адразу пасля здарэння сяржанта звольнілі са службы. Ён уладкаваўся кіроўцам на птушкафабрыку, але праз прысуд застацца на гэтай працы ён не зможа.
«Пасведчання кіроўцы, на жаль, у адпаведнасці з прысудам пазбаўлены на 1 год. Падсуднаму неабходна будзе ўладкоўвацца на новую працу. Але гэтае пытанне ўжо развязанае», - адзначыў адвакат Арцём Шароў.
Цяпер суд будзе разглядаць хадайніцтвы пацярпелых аб маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі. Яны накіраваныя да перавозчыка, якому належала маршрутная таксоўка, а таксама да вайсковай часткі, дзе Андрэй Волах праходзіў службу на момант здарэння.