23 траўня 2018, Серада, 14:12
Рубрыкі

Апытанне: Кандыдаты на пост прэзідэнта Чэхіі маюць роўныя шанцы на перамогу

1
Мілаш Зэман/ Іржы Драгаш

Напярэдадні вызначальнай прэзідэнцкай сутычкі 10-мільённая Чэхія расколатая як ніколі.

Абодва кандыдаты на пасаду прэзідэнта Чэхіі маюць роўныя шанцы на перамогу за тыдзень да другога тура выбараў.

Пра гэта сведчаць вынікі апошняга сацыялагічнага апытання, паведамляе Reuters.

Дзейнага прэзідэнта Мілаша Зэмана падтрымліваюць 45,5% выбаршчыкаў, а ягонага канкурэнта былога кіраўніка Акадэміі навук Іржы Драгаша - 45%. Яшчэ 9,5% не вызначыліся або адмовіліся адказваць, за каго будуць галасаваць.

Зэман перамог у першым туры выбараў, набраўшы значна менш, чым чакалася - 38,6% галасоў. Драгаш заняў другое месца, яго падтрымалі 26,6% выбаршчыкаў.

73-гадовы Зэман вядомы сваімі ісламафобскімі поглядамі і падтрымкай скасавання санкцый Еўразвязу супраць РФ, а таксама прапануе дараваць Расеі анэксію Крыма, выплаціўшы Украіне грашовую кампенсацыю.

68-гадовы Драгаш - поўная супрацьлегласць Зэмана, ён падтрымлівае санкцыі супраць Расеі і выступае супраць рэферэндуму аб выхадзе Чэхіі з ЕЗ.

Другі тур запланаваны на 26-27 студзеня.