26 красавiка 2024, Пятніца, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amazon адкрыла першы супермаркет без кас і прадаўцоў

16
Amazon адкрыла першы супермаркет без кас і прадаўцоў
Фота: Reuters

Гэты супермаркет можа цалкам перавярнуць нашу звыклую манеру рабіць прадуктовыя закупы.

Кампанія Amazon у панядзелак адкрыла першы супермаркет без кас і прадаўцоў, і гэта можа цалкам перавярнуць нашу звыклую манеру рабіць прадуктовыя закупы, паведамляе bbc.com.

Супрацоўнікі размешчанага ў амерыканскім горадзе Сіэтл Amazon Go цягам года тэставалі новую схему.

Падчас захаду ў краму пакупнікі праходзяць праз рамку, падобную на турнікет у лонданскім метро, і прыкладваюць да валідатара свой смартфон, на якім ужо загружанае дастасаванне Amazon Go.

Затым яны могуць складаць тавары з паліц - бутэрброды, спакаваныя салаты, напоі, печыва і іншае - проста ў свае сумкі, бо патрэбы ў кошыках або вазках няма, ніякіх кас праходзіць не трэба.

Сэнсары, размешчаныя на паліцах, адразу ж дадаюць кошт узятага тавару да агульнага кошту пакупкі або скідаюць яго, калі пакупнік кладзе тавар назад.

Адзінае судакрананне тварам да твару з прадаўцом можа спатрэбіцца толькі ў выпадку куплі алкаголю, каб засведчыць, што пакупнік старэйшы за пакладзеныя паводле закону гады.

Гэтая крама адкрылася для супрацоўнікаў інтэрнэт-гіганта Amazon яшчэ ў снежні 2016 года, і мелася на ўвазе, што для шырокай публікі яна расчыніць дзверы значна хутчэй.

Аднак, як распавёў адзін з супрацоўнікаў Amazon, раптам паўсталі праблемы, бо сэнсары спачатку не маглі падзяляць пакупнікоў, прыкладна падобных па постаці, а таксама збіваліся, калі дзеці пачыналі перакладаць тавары на паліцах з месца на месца.

Фота: Reuters

Аднак кіраўніца Amazon Go Джан Пуэрыні сказала, што крама падчас тэставага рэжыму працавала хватка: «Гэтай тэхналогіі не існавала - гэта быў сапраўдны крок наперад у справе машыннага распазнання інфармацыі і пабудовы алгарытмаў машыннага саманавучання».

Пакуль Amazon не абвясціла, ці будуць адкрытыя іншыя крамы Go, якія не з'яўляюцца часткай сеткі крам арганічных прадуктаў.

Пакуль у кампаніі няма планаў укараняць гэтую тэхналогію ў крамы Whole Foods. Аднак прадаўцы добра ведаюць, што чым хутчэй пакупнік робіць свае закупы, тым больш магчыма, што ён вернецца ў гэтую краму яшчэ раз.

І калі чарга ў касу стане перажыткам мінулага, то гэта дасць гандлёваму аператару велізарную перавагу перад канкурэнтамі.

Amazon Go ў Сіэтле - гэта не першая спроба Amazon паспрабаваць свае сілы ў рэальным раздробным гандлі. У 2015 годзе кампанія адкрыла сваю першую рэальную кніжную краму, і таксама ў Сіэтле, дзе размешчаны галаўны офіс кампаніі.

Цяпер у ЗША існуе 13 такіх крам і дзясятак часовых пунктаў збыту.

Фота: Getty Images
Фота: Reuters

У кастрычніку 2017 года ў сваёй фінансавай справаздачы за трэці квартал Amazon упершыню змясціла звесткі аб даходах, атрыманых менавіта ў рэальных крамах - 1,28 млрд даляраў, практычна цалкам сабраных у сетцы Whole Foods.

І хоць даходы ад рэальна існых крам, магчыма, яшчэ справа будучыні, аналітыкі мяркуюць, што для Amazon гэта спосаб павысіць пазнавальнасць свайго брэнда і матывацыя сваёй схемы чаленцтва Prime.

Да прыкладу, сябры Prime плацяць за кнігі ў рэальных крамах інтэрнэт-кошт, тады як не сябры набываюць іх поўным крамным коштам.

Фінансавы дырэктар Amazon Браян Алсаўскі нядаўна намякнуў, што канкурэнты павінны чакаць з'яўлення новых крам Amazon у найбліжэйшыя месяцы і гады.

«Вы ўбачыце, як мы расцем - пакуль яшчэ мы на ранняй стадыі, так што планы з часам будуць развівацца», - сказаў ён у кастрычніку 2017 года.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках