26 красавiка 2024, Пятніца, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння – дзень памяці Вацлава Ластоўскага

1
Сёння – дзень памяці Вацлава Ластоўскага

Прэм'ер-міністр БНР быў адным з самых харызматычных дзеячаў беларускага Адраджэння.

Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў маёнтку Калеснікі Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). «Мой бацька земляроб, дзед — каваль, а прадзед — бортнік», — скажа ён пазней пра свой род. Апантаным жаданнем сялянскага сына — будучага паплечніка братоў Луцкевічаў і Янкі Купалы — было вучыцца, але ў краіне не працавалі ні беларускія школы, ні ўніверсітэты — самой Беларусі тады не было, а толькі змрочны Паўночна-Заходні край. І тады Вацлаў, за плячыма якога была толькі парафіяльная пачатковая школа, наважваецца на адчайны крок: едзе ў Пецярбург і ўладкоўваецца на працу ў прыватнай студэнцкай бібліятэкі. Малады бібліятэкар шмат чытае, а пасля працы ўпотай зазірае ў аўдыторыі ўніверсітэта «паўночнай сталіцы» імперыі, стаіць пад дзвярыма, прагна ўслухоўваючыся ў словы прафесараў, — вось яны, сапраўдныя сістэмныя веды, да якіх Вацлаў наблізіўся ўшчыльную.

Аднак паступіць вучыцца юнак не можа: няма дыплома, які дае права на гэта, і грошай таксама не было. Вацлаў вяртаецца дадому, але роспачы няма ў ягоным сэрцы: ён робіць стаўку на самаадукацыю. І такое вялікае было ягонае жаданне вучыцца, такая моцная была ягоная воля, так шмат яркіх, самабытных талентаў утрымлівала ягоная душа, што пройдзе не так ужо шмат часу і Вацлаў даможацца свайго, стане навукоўцам — self-made men. Больш таго, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук БССР, аўтарам шматлікіх навуковых работ! Гэта адбудзецца ў 1928 годзе — адбыцца ж самой краіне дасць магчымасць у тым ліку і Ластоўскі, які не пакладаючы рук працаваў на карысць Беларусі, актыўна выступаючы як публіцыст, выдавец, грамадскі дзеяч. А таксама палітык: у 1919-1922 гадах Ластоўскі ўзначальваў Кабінет Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зрэшты, не пра БССР — залежную частку чужароднага цэлага — марыў Ластоўскі, а пра вольную Крывію — назва не выдуманая, а утвораная ад назвы свабодалюбнага ўсходнеславянскага племя крывічоў, продкаў сучасных беларусаў. У жылах слаўнага палачаніна Усяслава Чарадзея таксама цякла іх гарачая кроў. «Як «беларусы» мы — толькі адбіццё агульнарасейскай індывідуальнасці, нейкі «прамежак і недаробак», — абгрунтоўваў Ластоўскі свой выбар у артыкуле «Аб назвах «Крывія» і «Беларусь» (1925), — але як «крывічы» — мы асобны індывідуум, асобнае славянскае племя са сваёй багатай мінуўшчынай, сваёй асобнай мовай, тэрыторыяй і духоўнай творчасцю». Ластоўскі разумеў, наколькі важна правільна назваць сваю краіну! Бо «калі імёны няправільныя, то словы не маюць пад сабой падстаў. Калі словы не маюць пад сабой падстаў, то справы не могуць ажыццяўляцца», — вучыць галоўная кніга канфуцыянства «Лунь юй».

У Вацлава Ластоўскага было шмат паслядоўнікаў у справе «выпраўлення імёнаў» і ў іх ліку Максім Багдановіч. Так, калі ў чэрвені 1912 года Багдановіч упершыню прыехаў у Беларусь, то два дні правёў у Вільні, у рэдакцыі газеты «Наша Ніва» — цэнтр беларускага Адраджэння, куды на цягніку, на падводах і пешшу амаль штодня прыбывалі чытачы з усяго Паўночна-Заходняга краю, каб выказаць сваю падзяку журналістам, пагутарыць з імі, задаць галоўныя пытанні пра краіну.

Тут Багдановіч і пазнаёміўся асабіста з Вацлавам Ластоўскім, якога завочна ведаў як рэдактара сваіх вершаў і адказнага сакратара «Нашай Нівы». Дзве ночы яны прагаварылі пра Беларусь. Будучы класік беларускай літаратуры ўважліва слухаў апавяданні Ластоўскага пра гісторыю беларусаў, іх культуру і мову, з захапленнем і трапятаннем разглядаў старадаўнія кнігі і зброю, слуцкія паясы і ювелірныя ўпрыгажэнні — усе гэтыя скарбы, якія збіраў адзін з заснавальнікаў газеты, захоўваліся тут жа, у рэдакцыі. «Гэта і ёсць фундамент нашага Адраджэння! — усклікаў паэт. — Усе яны і праз тысячу гадоў будуць сведчыць пра нас!» Пры гэтым 21-гадовы Максім часцяком збіваўся і пераходзіў на расейскую мову, але настойліва прасіў Ластоўскага папраўляць ягоную мову, удакладняў у яго беларускія словы і выразы, запісваў іх у нататнік. Ён вучыўся хутка, роўна як і ягоны старэйшы таварыш. Неўзабаве Багдановіч з'едзе ў Яраслаўль, а ў наступным годзе Ластоўскі адрэдагуе кнігу ягоных вершаў, назваўшы яе «Вянок», — сам паэт, атрымаўшы асобнік зборніка, ухваліць выбар Ластоўскага.

Ластоўскі быў адным з тых палітыкаў, якія стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў снежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў.

У 1923 годзе Вацлаў Ластоўскі адыходзіць ад палітычнай дзейнасці, жыве ў эміграцыі ў Коўне, займаецца рэдагаваннем часопіса «Крывіч». У Коўне ён выпускае свае славутыя працы «Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», піша сайт jivebelarus.net.

У 1927 годзе, паверыўшы ў «лібералізацыю» Савецкай Беларусі, Вацлаў Ластоўскі вяртаецца на радзіму, дзе некаторы час працуе дырэктарам дзяржаўнага музея БССР. У 1928 годзе Ластоўскі стаў сакратаром і акадэмікам АН БССР.

21 ліпеня 1930 года Ластоўскага арыштавалі паводле справы гэтак званага «Саюза вызвалення Беларусі» і праз дзесяць месяцаў турэмнага зняволення, допытаў і катаванняў выслалі ў Саратаў. Там ён працуе загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў у бібліятэцы мясцовага ўніверсітэта. Але ў 1937-м яго зноў арыштоўваюць і прысуджаюць да смяротнага пакарання. 23 студзеня 1938 года НКВД расстрэльвае Вацлава Ластоўскага.

Аднак ідэі і спадчына вялікага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння жывуць і дагэтуль.

«У адрозненне ад цяперашняй кананічнай беларускай нацыянальнай ідэі, крыўская ідэя Вацлава Ластоўскага выглядала значна больш эўрыстычна»- мяркуе сучасны беларускі філосаф Валянцін Акудовіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках