26 красавiка 2024, Пятніца, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ і «Амкадор» пастаўляюць тэхніку ў акупаваны Крым

17
МАЗ і «Амкадор» пастаўляюць тэхніку ў акупаваны Крым

Беларускія прадпрыемствы працягваюць напрошвацца на ўкраінскія санкцыі.

Больш за 500 найменняў тэхнікі, сярод якіх цягачы, самазвалы, лесавозы, аўтобусы, якія паступаюць з Беларусі ў севастопальскае ТАА «Бел Крым». Кампанію заўважыла інфармацыйная суполка «Міратворац» пасля таго, як «Бел Крым» узяў удзел у турыстычнай выставе ў Ялце ў мінулым лютым. Тады кампанія пазіцыянавала сябе як афіцыйнага дылера МАЗ у Крыме, а ў сеціве з'явілася справаздача з фота беларускага аўтобуса на фоне мясцовага туркомплекса, піша «Белсат».

МАЗ НА ТУРЫСТЫЧНАЙ ВЫСТАВЕ Ў ЯЛЦЕ, ЛЮТЫ 2017

У «Бел Крыма» ёсць свой сайт maz-krim.ru, у яго афармленні выкарыстаныя элементы брэндынгу МАЗ, указаная спасылка на сайт беларускага прадпрыемства.

Адметна, што на афіцыйным сайце МАЗ кампанія «Бел Крым» не згадваецца, у спісе дылераў яе няма. Мы даслалі пісьмовы запыт для атрымання поўнага спісу дыстрыбʼютараў і дылераў МАЗ і высветлілася, што там «Бел Крым» пазначаны. Мінулы раз беларускі бок перазаключаў з імі кантракт 19 студзеня 2016 года.

«Так, мы зʼяўляемся іх дылерамі ўжо гадоў дваццаць, прасоўваем тэхніку завода, яна карыстаецца вялікім попытам у Расеі. Акрамя таго, мы працуем і з «Амкадорам». Ніякіх праблем ніколі не ўзнікала», – сказаў ён.

Са слоў гендырэктара, пастаўкі ідуць не наўпрост, а праз дыстрыб’ютара ў Маскве, ТАА «МАЗ-РУС».

Яшчэ адзін супрацоўнік «Бел Крыма», Вячаслаў Варановіч (імаверна, сын гендырэктара), у інтэрвʼю каналу РБК сцвярджаў, што ў 2000-х гандаль ішоў павольна, але пасля падзеяў вясны-2014 справы значна палепшыліся.

«Наш бізнэс пашырыўся. Да гандлю будаўнічай тэхнікай дадаліся аўтамабілі для сельскай гаспадаркі, складское абсталяванне».

Асобна Варановіч-малодшы падкрэсліў, што шмат прадпрымальнікаў набываюць у іх тэхніку для войска. Продажы, з ягоных слоў, павялічыліся ў 10-15 разоў (у параўнанні з перыядам да анэксіі). Таксама адзначым, што кампанія прайшла перарэгістрацыю паводле расейскіх законаў у ліпені 2014-га – у самы разгар баявых дзеянняў на Данбасе.

Суполка «Міратворац» звяртае ўвагу на наступны факт: Вячаслаў Варановіч удзельнічаў у мітынгу 26 лютага 2014 года ў Сімферопалі, калі прыкладна 7 тысяч крымскіх татараў выйшлі да Вярхоўнай Рады Крыма, каб не дапусціць прыняцця рашэння аб аддзяленні ад Украіны. Татарам супрацьстаялі блізу 5 тысяч прарасейскіх актывістаў. Падчас гэтых патасовак загінулі два чалавекі.

«Не чулі, не ведаем, не маем паўнамоцтваў»

Мы звязаліся з яшчэ адным прадпрыемствам, на якое спасылаўся Станіслаў Варановіч – «Амкадор». Гаворка ідзе пра найбуйнейшы машынабудаўнічы холдынг Беларусі. Узначальвае яго савет дырэктараў набліжаны да Лукашэнкі алігарх Аляксандр Шакуцін.

Пытанне, ці сапраўды «Амкадор» пастаўляе прадукцыю ў Крым, мы адрасавалі дарадцу гендырэктара Мікалаю Машкараву.

«Ніколі не чуў пра гандаль з Крымам, нічога не магу сказаць», – адказаў той і перанакіраваў нас да намесніка дырэктара маркетынг-цэнтра знешнеэканамічнай дзейнасці Арцёма Кумпяка. Машкараў падкрэсліў, што менавіта ён «адказны за экспарт у Расею».

У сваю чаргу, Кумпяк заявіў, што не мае інфармацыі датычна паставак у Крым і не мае паўнамоцтваў, каб пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтыя звесткі.

Такім чынам, людзі, якія займаюць кіруючыя пасады ў «Амкадоры», не каментуюць гандаль з Крымам. Але пацвярджэнне звесткам мы знаходзім проста на старонцы amkodor.by. Тут «Бел Крым» (г. Севастопаль) названы афіцыйным дылерам у Расеі.

Нагадаем, тэрыторыя паўвострава Крым была захоплена расейскімі вайскоўцамі без апазнавальных знакаў і далучана да РФ у сакавіку 2014 года. Гэта паклала пачатак шматлікім рэпрэсіям на паўвостраве і жорсткім ганенням на крымскіх татараў. Неўзабаве пасля анэксіі Крыма распачаліся баявыя дзеянні на Данбасе. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, падчас узброенага канфлікту загінулі больш за 10 тысяч украінцаў.

Міжнароднае супольніцтва праведзены ў Крыме «рэферэндум» не прызнала, ЗША і ЕЗ увялі санкцыі супраць Расеі. Не прызнала далучэнне Крыма да РФ і Беларусь. Аднак, нягледзячы на статус нейтральнай пляцоўкі, Менск неаднаразова галасаваў супраць рэзалюцыі Генасамблеі ААН, якая асуджае парушэнні правоў чалавека на акупаваным паўвостраве.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках