13 снежня 2018, Чацвер, 12:56
Дзякую вам
Рубрыкі

Аляксандр Сасноў: Лукашэнка глядзіць на пенсіянераў, як на «дармаедаў»

134

Экс-міністр працы абураны чарговай ініцыятывай уладаў.

1 студзеня 2018 года ў Беларусі чарговы раз павялічылі пенсійны ўзрост. Для жанчын ён складае 56 гадоў (да рэформы - 55 гадоў), для мужчын - 61 год (раней - 60 гадоў). У параўнанні з мінулым годам беларусы сталі сыходзіць на пенсію на паўгода пазней.

Рэформа скончыцца ў 2022 годзе, калі пенсійны ўзрост для жанчын будзе падвышаны да 58 гадоў, для мужчын - да 63 гадоў.

У той жа час 1 кастрычніка 2017 года ў Польшчы ўвайшоў у дзеянне закон, які прадугледжвае зніжэнне пенсійнага ўзросту. Здавалася б, дзве краіны-суседкі, якія практычна адначасова вырваліся з-пад камуністычнага «каўпака», але такія істотныя адрозненні ў сацыяльнай сферы.

Пракаментаваць чарговае падвышэнне пенсійнага ўзросту сайт сharter97.org папрасіў былога міністра працы Беларусі Аляксандра Саснова:

- Нашая пенсійная сістэма яшчэ 20 гадоў таму пачала падаваць сігнал «SOS». Тады трэба было прыступаць да сур'ёзных рэформаў. Але чыноўнікі адкрыта гультаявалі і толькі цяпер, калі пенсійны фонд перастаў у належнай меры папаўняцца, ім прыйшлі ў галаву самыя простыя і прымітыўныя крокі. Зрэшты, як заўсёды. Патрэбна прынцыповая рэформа пенсійнай сістэмы - такая, як была праведзена ў краінах Балтыі. А гэта пастанова аб павышэнні пенсійнага ўзросту - ні да месца і ні да часу.

Каб прымаць эфектыўныя пастановы - трэба трымаць зваротную сувязь з людзьмі, разумець, што адбываецца ў краіне. А нашая ўлада адарваная ад рэальнасці. Чаго толькі вартая заява ўсім вядомага чалавека, што ў «60 гадоў мужык - гэта конь, на якім можна яшчэ араць». Я такіх людзей не ведаю, можа быць у Драздах такія «коні» водзяцца.

Такі падыход азначае адно: улады мяркуюць, што нашы людзі не зарабілі гэтую пенсію і з'яўляюцца «дармаедамі», якіх утрымліваюць працаўнікі.

- Яшчэ ўвосень гаварылася пра тое, што ў Беларусі прыкметна вырасла колькасць людзей, якія атрымліваюць мінімальную працоўную пенсію. За апошнія 6 гадоў іх колькасць павялічылася амаль у 5 разоў. Ці можна выжыць у Беларусі на 224 рублі?

-Складана пражыць і на звычайную пенсію, не кажучы ўжо пра мінімальную. Зноў жа, уся адказнасць за гэтую сітуацыю ляжыць на ўладах. Самая сацыяльна ўразлівая частка насельніцтва апынулася пад шчыльным прэсам. Калісьці беларусам абяцалі чарку і скварку, а цяпер планка абяцанняў знізілася да хлеба і вады. Вось, таварышы, і прыйшлі мы ў «светлую будучыню».

- У Фондзе сацыяльнай абароны Беларусі ўтварылася прыстойная «дзірка» больш як $150 мільёнаў. Як гэта накладваецца на эканамічную сітуацыю ў нашай краіне? Што будзе з пенсіямі беларусаў?

- Лукашэнка зрабіў усё, каб самыя актыўныя і працаздольныя беларусы ўцяклі з краіны. Мы страцілі свой генафонд, самыя кваліфікаваныя кадры. Працоўная міграцыя дала пра сябе ведаць і пенсійны фонд значна асеў. Безумоўна, калі чалавек працуе за мяжой, дасылае грошы ў краіну - гэта хоць неяк трымае людзей на плаве. Але адлічэнні ў пенсійны фонд не ідуць.

Гэтая праблема перад намі не стаяла б, калі б у нас была назапашвальная сістэма. Але мы маем справу са старой савецкай сістэмай, калі ў працоўнага пакалення частка заробкаў адлічваецца ў пенсійны фонд, з якога грошы ідуць у партманэты старэйшага пакалення, што выйшла на пенсію. Вядома, мы не вінаватыя ў тым, што нам дасталася такая спадчына. Але ж мы маем прыклад рэформ у іншых краінах. Чаму нашыя чыноўнікі не правялі іх своечасова - пытанне адкрытае. А цяпер мы становімся сведкамі эпілогу эканамічнай дзейнасці ўладаў.

- У Беларусі кожны чацвёрты пенсіянер вымушаны працаваць. Чаму ўлады не могуць знайсці на гэтыя месцы маладых спецыялістаў, а пенсіянерам забяспечыць годную старасць?

- Рэч у тым, што ў нашай краіне вялікая колькасць працоўных месцаў састарэла, а наша эканоміка працягвае цягнуць гэты баласт. Не ведаю, можа гэта нейкія сантыменты нашых чыноўнікаў да СССР, у якім і зарадзілася камандна-адміністрацыйная сістэма. Моладзь на такія працоўныя месцы не пойдзе. Усходнія рэгіёны шукаюць працу ў суседняй Расеі, жыхары Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей - у Польшчы і Літве. А нашая сістэма прадаўжае пладзіць неэфектыўныя працоўныя месцы, якія трэба было спісаць на сметнік гісторыі 15 гадоў таму. Вось пенсіянеры і запаўняюць гэтыя вакансіі.

- У СМІ не раз з'яўлялася інфармацыя, што ўлады будуць утрымліваць 40% пенсій беларусаў, якія працягваюць працаваць. Як вы думаеце, гэта рэальны сцэнар пры далейшым павелічэння колькасці пенсіянераў у краіне?

- Ад нашых уладаў усяго можна чакаць. Калі яны пойдуць на гэтыя крокі - значна зменшыцца колькасць працоўных пенсіянераў. Гэта не значыць, што на гэтыя працоўныя месцы знойдуцца людзі. Прашу заўважыць, што я не вяду гаворку аб кіроўных пасадах, дзе ў нас сядзяць «прыкормленыя» пенсіянеры, маецца на ўвазе гардэробшчыцы, прыбіральшчыцы, дворнікі і вартаўнікі. На гэтыя працоўныя месцы моладзь не пойдзе. Пара пазбаўляцца ад фантазій і жыць рэальнасцю.