17 лiстапада 2023, Пятніца, 4:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь дапамагла Нарвегіі пабіць рэкорд у экспарце рыбы

6
Беларусь дапамагла Нарвегіі пабіць рэкорд у экспарце рыбы

Нарвежская рыба, што трапіла пад забарону, пастаўлялася ў Расею праз Беларусь.

Эмбарга на ўвоз нарвежскіх морапрадуктаў у Расею прадаўжае негатыўна ўздзейнічаць на паказнікі мясцовых вытворцаў рыбы, адзначаецца ў справаздачы Нарвежскага камітэта ў рыбе (НКР). У дакуменце падкрэсліваецца, што ў 2017 годзе на фоне страты расейскага рынку экспарт стронгі з Нарвегіі скараціўся ў параўнанні з папярэднім годам у натуральным выражэнні на 42%, або прыкладна на 28 тыс. т, а ў коштавым – на 27%, або на 1 млрд нарвежскіх кронаў ($ 123,78 млн), паведамляе РБК.

У справаздачы НКР асабліва адзначаецца, што ў 2017 годзе адным з найбуйнейшых пакупнікоў нарвежскай стронгі стала Беларусь, якая саступіла толькі Японіі. У 2014 годзе, неўзабаве пасля ўключэння Нарвегіі ў спіс краінаў, у дачыненні да якіх уладамі Расеі было ўведзенае прадуктовае эмбарга, паведамлялася, што забароненая нарвежская рыба трапляе ў Расею менавіта праз Беларусь.

Страты ад экспарту стронгі нарвежскія рыбавытворцы змаглі з лішкам кампенсаваць за кошт павелічэння паставак на сусветны рынак іншых відаў прадукцыі. У агульнай колькасці за 2017 год Нарвегія выправіла на экспарт рэкордныя 2,6 млн т розных морапрадуктаў, што на 7% больш, чым на год раней, а іхні агульны кошт дасягнуў адзнакі 94,5 млрд кронаў ($ 11,7 млрд).

«2017 год стаў яшчэ адным фантастычным годам для нарвежскіх экспарцёраў морапрадуктаў», – пракаментавала вынікі кіраўнічая дырэктарка НКР Рэната Ларсэн.

Паводле ейных словаў, дамагчыся новага рэкорду дапамагло павелічэнне паставак у ЗША і краіны Азіі, у той час як аб'ём экспарту Нарвегіі ў краіны ЕЗ не змяніўся.

Блізу 72% прыбыткаў ад экспарту рыбы і морапрадуктаў (67,7 млрд кронаў) у 2017 годзе забяспечылі прадпрыемствы аквакультуры, дзель вылаўленай рыбакамі «дзікай» рыбы склала ў коштавым выражэнні 28% (26,8 млрд кронаў). Пры гэтым блізу 68% усяго прыбытку (64,7 млрд кронаў – новы рэкорд) забяспечыў экспарт ласося (плюс 5% да папярэдняга года), за год Нарвегія экспартавала больш за 1 млн т ласося, што на 3% больш, чым у 2016 годзе.

Аб'ёмы экспарту нарвежскага селядца ў 2017 годзе выраслі на 24%, сайды – на 15%, скумбрыі – на 9%, пікшы – на 5%, траскі – на 1%.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках