26 красавiка 2024, Пятніца, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Комлік: Аднымі заявамі міжнароднай супольнасці справа не скончыцца

1
Ігар Комлік: Аднымі заявамі міжнароднай супольнасці справа не скончыцца

Лідары незалежнага прафзвязу РЭП маюць намер прайсці ўсе высокія інстанцыі.

Як вядома, 9 лістапада Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі лідараў прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і пакінуў у дзеянні пастанову раённага суда.

«Улады не маглі дапусціць, каб аўтарытэт нашага прафзвязу толькі ўзмацняўся, - распавёў сайту palitviazni.info Ігар Комлік. - Не для таго распачыналася гэта палітычная справа...»

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскардзілі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, згодна з якім іх прызналі вінаватымі на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Беларусі («ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме»).

Суд Савецкага раёна прысудзіў кіраўнікоў прафзвязу РЭП да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў. У скарзе лідары прафзвязу прасілі спыніць гэтую крымінальную справу, але Менскі гарадскі суд пакінуў пастанову раённага суда ў дзеянні.

- Будзе няпраўдай, калі скажу, што прысуд Менскага гарадскога суда быў для мяне нечаканасцю, - кажа Ігар Комлік. - Я і раней казаў, што наша справа - палітычны заказ, а таму ўлада ніяк не магла вынесці апраўдальны прысуд. Гэта аўтаматычна азначала б, што ў дзяржавы ўзнікае мноства абавязацельстваў перада мной і Генадзем Фядынічам. Я б, напрыклад, абавязкова запатрабаваў кампенсацыю за той час, што правёў у следчым ізалятары.

- Ды і маральны чыннік быў бы на вашым боку...

- Безумоўна, людзі б убачылі, што прафзвяз РЭП не толькі эфектыўна абараняе правы іншых, але і свае. Улады, натуральна, не маглі дапусціць, каб аўтарытэт нашага прафзвязу толькі ўзмацняўся. Не для таго распачыналася гэта палітычная справа.

Таму з аднаго боку прысуд Менскага гарадскога суда не быў нечаканым, а з другога, як кажуць, надзея заўсёды памірае апошняй. Была надзея, што, магчыма, суддзі ўсё ж пачуюць нашы аргументы і зразумеюць, што няма дастатковых довадаў, каб асудзіць мяне і Фядыніча.

На апошнім судовым пасяджэнні я казаў, што ў дачыненні да нас, і да прафзвязу парушанае мноства нормаў права з боку прадстаўнікоў дзяржавы ды і цяпер гэта прадаўжаецца. Але каго гэта цікавіць? І тая самая надзея, што нас пачуюць у Менскім гарадскім судзе, сышла, як дым. Няма ў мяне наогул больш даверу да такой судовай сістэмы. А ёсць разуменне таго, што такім чынам вызначылі прыціснуць незалежны прафзвяз.

- Пасля 9 лістапада абмежаванні яшчэ не ўвайшлі ў дзеянне?

- Пакуль не, бо прысуд Менскага гарадскога суда павінен яшчэ паступіць у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Потым, відаць, будуць знаёміць з тым, што нам забаронена, а што дазволена.

- Вы будзеце абскарджваць вырак Менскага гарадскога суда?

- Адназначна. Спачатку будзем шукаць праўду ў Вярхоўным судзе, а калі нічога не зменіцца, то пройдзем і ўсе міжнародныя інстанцыі. А ў больш глабальных пытаннях будзем звяртацца ў міжнародныя прафзвязы. Пройдзем усе высокія інстанцыі, якія магчыма.

- Якой будзе далейшая рэакцыя на гэтую справу міжнародных прафзвязаў?

- Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў ужо заяўлялі аб неабходнасці спыніць пераслед, і, мяркую, аднымі заявамі справа не скончыцца, бо для іх таксама відавочна, што мы з'яўляемся палітычна асуджанымі.

Улада, як бачым, цяпер прыдумляе «новыя тэхналогіі» рэпрэсій. Баіцца саджаць найбольш актыўных у турмы, але пры гэтым выпісвае прысуды, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Таму, магчыма, мы і не палітвязні, але палітасуджаныя. Але сутнасці справы, відавочна, гэта не мяняе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках