18 лiпеня 2024, Чацвер, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка хоча вярнуцца ў «ганебны» спіс?

12
Лукашэнка хоча вярнуцца ў «ганебны» спіс?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Глабальны прафзвяз IndustriAll падтрымаў пратэст беларускіх працоўных.

Лідар Глабальнага саюза IndustriAll Вальтэр Санчэс выступіў у падтрымку салігорскіх мантажнікаў. У сваім лісце ён заклікаў Лукашэнку «не псаваць імідж Беларусі» і нагадаў пра «ганебны» спіс.

Вальтэр Санчэc просіць паспрыяць у рэгістрацыі першаснай прафзвязнай арганізацыі работнікаў унітарнага будаўнічага прадпрыемства «Трэст «Раммантажбуд» Беларускага Незалежнага прафзвязу, паведамляе сайт belnp.org.

«Ад асобы Глабальнага звязу IndustriALL, які прадстаўляе інтарэсы больш як 50 мільёнаў работнікаў у 140 краінах свету, я звяртаюся, каб выказаць абурэнне ў сувязі з пастановай Салігорскага раённага выканаўчага камітэта, які 22 кастрычніка 2018 года паўторна адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры Беларускага Незалежнага прафзвязу, сяброўскай арганізацыі IndustriALL», - гаворыцца ў лісце.

Генеральны сакратар IndustriAll уважае гэтую адмову за «надуманую», бо ў афіцыйным адказе няма поўнай аргументацыі. Сапраўдная ж прычына, на думку міжнароднай арганізацыі, у нежаданні рэгістраваць структуру Незалежнага прафзвязу.

«Такія дзеянні не толькі псуюць імідж Беларусі, але і парушаюць унутранае заканадаўства краіны, у тым ліку Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя нормы. Ратыфікаваную Вашай краінай Канвенцыю Міжнароднай Арганізацыі Працы №87 «Аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафзвязы». Рэспубліка Беларусь раней ужо ўключалася ў ганебны «кароткі» спіс краін, дзе парушэнні правоў працоўных былі найбольш жорсткімі. Спадзяемся, што вашая краіна не ставіць перад сабой задачу вярнуцца ў яго?» - гаворыцца ў лісце.

Звяртаючыся да Лукашэнкі, Вальтэр Санчэс ад асобы чальцоў арганізацыі патрабуе спрыяння ў рэгістрацыі першаснай прафзвязнай арганізацыі работнікаў унітарнага будаўнічага прадпрыемства «Трэст «Раммантажбуд» Беларускага Незалежнага прафзвязу, і спынення дыскрымінацыі беларускіх грамадзян на падставе прафзвязнага сяброўства.

Таксама Генеральны сакратар прафзвязнага аб'яднання звярнуўся і да старшыні Салігорскага райвыканкама Алегу Паскрабка.

Нагадаем, што блізу 400 работнікаў будаўніча-мантажнага прадпрыемства з траўня гэтага года не могуць зарэгістраваць сваю арганізацыю ў мясцовых органах улады. Работнікі ўжо двойчы атрымалі адмову. Беларускі Незалежны прафзвяз падаў пазоў на дзеянні мясцовых чыноўнікаў у Салігорскі раённы суд. 13 лістапада актывісты прафзвязу і іх беларускія працоўныя, якія падтрымліваюць іх выйшлі на акцыю пратэсту ў Салігорску, на стадыёне «Будаўнік».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках