26 красавiка 2024, Пятніца, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Маці 328» гатовыя аднавіць галадоўку

7
«Маці 328» гатовыя аднавіць галадоўку

Актывісткі заклікаюць закрыць мяжу з Расеяй.

Прадстаўніцы руху «Маці-328», які аб'ядноўвае сваякоў тых, хто трапіў за краты на падставе арт.328 Крымінальнага кодэкса (незаконнае абарачэнне наркотыкаў), прадаўжаюць намагаць на асабістай сустрэчы з Лукашэнкам і змякчэнні крымінальнага заканадаўства. Яны не выключаюць, што могуць зноў абвясціць галадоўкі пратэсту.

Як заявіла «Белсату» кіраўніца грамадскай ініцыятывы «Маці-328» Ларыса Жыгар, першым пунктам іх патрабаванняў застаецца асабістая сустрэча з Лукашэнкам. Са слоў Жыгар, паводле артыкула 328 асуджаныя ўжо блізу 18 тысяч чалавек, што дрэнна будзе ўплываць як на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, так і на крымінагенную - бо пасля вызвалення хлопцам будзе цяжка вярнуцца да нармальнага жыцця, і яны могуць зноў трапіць у крымінальнае асяроддзе.

Цяпер у «Палаце прадстаўнікоў» знаходзіцца праект унясення змяненняў у Крымінальны кодэкс у частцы наркатычных злачынстваў. Дарэчы, гаворка ідзе аб зніжэнні ніжняй планкі пакарання на падставе арт.328 на два гады, ч.2 з пяці да трох, ч.3 - з васьмі да шасці. Жыгар мяркуе, што гэтага недастаткова. Застаецца неразвязаным пытанне аб асуджэнні непаўналетніх, неабходнае размежаванне паводле хімічнага складу наркотыкаў (штучныя ці натуральныя) і размежаванне па вазе. «За адзін грам і адзін кілаграм павінны быць розныя тэрміны пакарання», - дадае яна.

«Маці-328» гатовыя прадаўжаць барацьбу і мяркуюць, што тыя галадоўкі, якія жанчыны праводзілі цягам года, не былі безвыніковымі.

«Наша галадоўка дала вынік. Раней улады заўсёды адкладалі пытанне змены заканадаўства, не паспявалі разгледзець. І раптам, калі мы выйшлі і абвясцілі галадоўку, улады ўсё ж прынялі да ведама, што трэба нешта мяняць. Калі мы будзем з чымсьці не згодныя, ці яны будуць цягнуць з другім чытаннем законапраекта, то будзе зноў галадоўка. Магчыма, яна не будзе бестэрміновай, але яна будзе эстафетнай», - заявіла Ларыса Жыгар.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак адзначае, што пытанне пра змякчэнне адказнасці за ўжыванне наркотыкаў застаецца на парадку дня. Праваабаронца нагадвае, што ЗША і шэраг еўрапейскіх краін сёння ўжо адмовіліся ад крымінальнага пакарання звычайных спажыўцоў наркотыкаў, а робяць стаўку на альтэрнатыўныя метады выпраўлення людзей.

«Сёння маці кажуць, што акцыі галадоўкі могуць прадоўжыцца, калі іх не пачуюць. Па-першае, сваякі асуджаных намагаюць на сустрэчы з Лукашэнкам, бо менавіта ён 4 гады таму падпісаў указ аб барацьбе з нарказлачынцамі. Усе сваякі намагаюць на пераглядзе крымінальных спраў. Сапраўды, зафіксаваны шэраг парушэнняў падчас збору довадаў, папярэдняга расследавання і ў судах. Нарэшце, сваякі заклікаюць да правядзення прафілактыкі нарказлачынстваў. На сёння адкрытыя межы, таму сваякі заклікаюць закрыць мяжу з Расеяй, каб не завозілася столькі наркотыкаў. Асабліва турбуе прыцягненне да адказнасці непаўналетніх, якім даюць па 10 гадоў, і гэта ўжо мае такі сістэматычны характар», - распавёў Алег Воўчак.

Алег Воўчак звяртае ўвагу і на яшчэ адну праблему: дыскрымінацыю ў месцах пазбаўлення волі людзей, асуджаных на падставе арт.328. Такія асуджаныя не маюць магчымасці быць вызваленымі ўмоўна-датэрмінова, у калоніях на іх часцей накладаюць спагнанні, што ў сваю чаргу можа прывесці да новых крымінальных спраў і падаўжэння тэрміну пакарання.

Адзначым, што 3 лістапада ў калоніі №22 «Воўчыя норы», дзе пераважна адбываюць пакаранні асуджаныя паводле арт.328, зняволеныя ў знак пратэсту адмовіліся выконваць турэмны распарадак, забарыкадаваліся і запатрабавалі прыезду абласнога кіраўніцтва турмаў. Вязні дамагаліся змены адміністрацыі калоніі, але іх пратэсты ўдалося здушыць. У МУС назвалі гэты інцыдэнт парушэннем рэжыму, а СМІ – бунтам.

З чаго ўсё пачалося

У снежні 2014 года Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці пакарання за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Пры гэтым ён загадаў стварыць для асуджаных паводле 328-а артыкула «невыносныя ўмовы».

Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі, у Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным абарачэннем наркотыкаў. Паводле звестак Вярхоўнага суда, паводле наркатычных артыкулаў у 2017 годзе асуджаныя 2942 чалавекі (у 2016-м – 3608, у 2015-м – 3929). Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, таксама знізілася колькасць пацыентаў, якія паступаюць у лякарні з перадазіроўкай: у 2014 годзе такіх было 1351, у 2015-1068, у 2016-759, у 2017-437. У апошнія два гады не было перадазіровак са смяротным зыходам у непаўналетніх, і агулам сярод паўналетніх колькасць перадазіровак знізілася ўдвая.

Між тым сваякі асуджаных і экспэрты мяркуюць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах.

Сваякі асуджаных на падставе наркатычных артыкулаў сталі аб'ядноўвацца ў рух «Маці 328». Сёлета ўдзельнікі ініцыятывы пачалі пратэсты, патрабуючы сустрэчы з Лукашэнкам і змякчэння крымінальнага заканадаўства. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне актывісткі руху «Маці-328» галадалі 14 дзён - з 27 красавіка да 11 траўня. У Лідзе – 10 дзён. Яны двойчы хадзілі ў адміністрацыю Лукашэнкі і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе неўзабаве перададзены на разгляд «дэпутатам». У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі. Кароткатэрміновая галадоўка пратэсту таксама адбылася ў кастрычніку пад сценамі СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках