26 красавiка 2024, Пятніца, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Белгідрамет: Зіма ў Беларусі становіцца цяплейшай

1
Белгідрамет: Зіма ў Беларусі становіцца цяплейшай
Фото: interfax.by

Сярэдняя зімовая тэмпература ў Беларусі пачынаючы з 1989-га года павялічваецца.

Пра гэта агенцтву «Менск-Навіны» апавёў кіраўнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.

– Сярэдняя тэмпература ў Беларусі ў зімовы перыяд (кліматычная норма, якая вызначаецца за 30-гадовы перыяд) складае -4°С. Пачынаючы з 1989-га яна павялічваецца. З 20 самых цёплых зімаў за гісторыю метэаназіранняў (з 1881 г.) 12 трапіла на перыяд з 1989 да 2017 года, – кажа Бяганскі.

Спецыяліст таксама апавёў, што апошнія чатыры гады сярэдняя тэмпература ўзімку была на 1-2°С вышэйшай за норму.

– І ў першую чаргу за кошт цёплага снежня, сярэдняя тэмпература якога на 2-3°С вышэйшая за норму. Даўжыня перыядаў з экстрэмальна нізкімі тэмпературамі (-25°С і ніжэй) скарачаецца.

Паводле словаў Аляксандра Бяганскага, кліматычная зіма ў Беларусі пакуль не пачалася.

– Кліматычная зіма пачынаецца, калі сярэднясутачная тэмпература становіцца адмоўнай. <...> Снежнае покрыва ў большасці раёнаў краіны пачынае фармавацца звычайна ў першай палове лістапада, на паўднёвым захадзе – крыху пазней. Паводле прагнозу, у другой палове лістапада чакаецца паніжэнне тэмпературы паветра і ападкі будуць выпадаць у выглядзе мокрага снегу і дажджу.

Ён таксама дадаў, што традыцыйна самы халодны ў нас студзень. Але абсалютныя мінімумы тэмператураў часта назіраюцца ў лютым. Самы дакладны прагноз таго, якое надвор'е будзе ў навагоднюю ноч, адзначае Бяганскі, можна будзе даць за тыдзень да 31 снежня.

Раней, нагадаем, Белгідрамет апавёў, што самай халоднай за ўсю гісторыю метэаназіранняў была зіма 1939–1940 гадоў. Тэмпература паветра тады апускалася да -42,2°С. Самая цёплая зіма для Беларусі была ў 1989–1990 гадах з сярэдняй тэмпературай паветра -0,1°С.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках