26 красавiка 2024, Пятніца, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрэза Мэй: Дамова аб «Брэксіце» - безальтэрнатыўная

Тэрэза Мэй: Дамова аб «Брэксіце» - безальтэрнатыўная
ТЭРЭЗА МЭЙ
ФОТА: AP

Пяць брытанскіх міністраў пагражаюць прэм'ер-міністарцы сваёй адстаўкай.

Брытанская прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй назвала безальтэрнатыўным падрыхтаваны праект дамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі са складу Еўразвязу ("Брэксіт"). Пра гэта кіраўніца брытанскага ўрада паведаміла ў інтэрв'ю брытанскай газеце Daily Mail у суботу, 17 лістапада, паведамляе DW.

Са слоў Мэй, яе заклікаюць унесці змены ў праект дамовы, якія тычацца статусу мяжы паміж чальцамі ЕЗ Ірландыяй і Паўночнай Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Злучанага Каралеўства. Аднак такі крок не развязвае пытанне пра будучыню мяжы, дадала Мэй. "Гэтая праблема застанецца назаўсёды", - заявіла брытанская прэм'ерка.

У сваю чаргу, газета The Times са спасылкай на знаёмых з сітуацыяй суразмоўцаў піша, што пяць міністраў пагражаюць сваёй адстаўкай, калі кіраўніца ўрада не ўнясе ў пагадненне шэраг змяненняў. 15 лістапада міністр у справах "Брэксіта" Дамінік Рааб абвясціў пра сыход у адстаўку на знак пратэсту супраць умоў угоды Лондана і Брусэля. Акрамя Рааб, аб адстаўцы ў той жа дзень паведамілі міністр працы Эстэр Маквей і дзяржаўны міністр Вялікабрытаніі ў справах Паўночнай Ірландыі Шэйлеш Вара.

Кансерватары ініцыююць галасаванне аб недаверы Мэй

15 лістапада дэпутат ад Кансерватыўнай партыі Джейкаб Рыс-Мог, які ўзначальвае ў парламенце групу з 80 радыкальных прыхільнікаў "Брэксіта", падаў заяўку на правядзенне галасавання аб вотуме недаверу Тэрэзе Мэй. У той жа дзень кіраўнік брытанскага ўрада на прэс-канферэнцыі заявіў, што другога рэферэндуму аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕЗ не будзе.

Са слоў Мэй, узгодненая раней Лонданам і Брусэлем дамова вяртае Вялікабрытаніі поўны кантроль над межамі, спыняе свабоднае перамяшчэнне, дае поўны кантроль над выдаткамі, а таксама над заканадаўствам, і спыняе дзеянне пастаноў Еўрапейскага суда.

Пазачарговы саміт кіраўнікоў дзяржаў і ўрада краін ЕЗ аб "Брэксіце" прызначаны на 25 лістапада. Галасаванне ў брытанскім парламенце аб пададзеным прэм'ер-міністаркай праекце пагаднення прызначанае на снежань. Вялікабрытанія плануе выйсці з Еўразвязу 29 сакавіка 2019 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках