26 красавiка 2024, Пятніца, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад збывае з рук дрэваапрацоўку

44
Урад збывае з рук дрэваапрацоўку
Фота: tut.by

Улады прызналіся ў новым краху «мадэрнізацыі».

Урад пачаў падшукваць пакупніка на свае 98% дзелі ў ААТ "Барысаўдрэў". Гэтым крокам фактычна прызнаецца крах мадэрнізацыі не толькі гэтага прадпрыемства але і ўсёй галіны, піша ej.by.

Мадэрнізацыя гэтага прадпрыемства, як і многіх іншых у беларускай дрэваапрацоўцы, была распачатая яшчэ ў 2008 годзе. Паводле папярэдніх планаў, яна мусіла быць закончанай яшчэ ў 2011 годзе і каштаваць беларускай дзяржаве 40 млн еўраў. Потым заканчэнне мадэрнізацыі пераносілася на 2013, 2014, 2015 гады, а выніковая сума выдаткаў на мадэрнізацыю перавысіла суму 112 млн еўраў. Назваць гэтыя выдаткі інвестыцыямі нават язык не паварочваецца, бо ўсё было зроблена бяздумна, без папярэдняга разліку, даследавання рынку і г.д., бо Лукашэнка проста сказаў, што трэба, і адразу ж сталі выконваць, фактычна не лічачы грошай.

Так, са звестак КДК, фінансаванне праекта было пачатае яшчэ да распрацоўкі бізнэс-плана і без выразнага разумення, што, як і дзе будзе будавацца і мадэрнізавацца. Бізнэс-план складаўся, калі працы ўжо былі ў самым разгары і выдаткаваныя дзясяткі мільёнаў еўраў. Само сабой, калі чарговым разам павялічвалася сума патрэбных выдаткаў на мадэрнізацыю, бізнэс-план прызнаваўся эканамічна неплатаздольным і складаўся новы, які ўжо ўлічваў сур'ёзна падвышаныя выдаткі. І так адбывалася 5 (!) разоў.

Лукашэнка некалькі разоў прыязджаў на "Барысаўдрэў" як да мадэрнізацыі, так і падчас яе і пасля. Мадэрнізацыя прадпрыемства каштавала пасад некалькім значным чыноўнікам, а таксама свабоды генеральнаму дырэктару і кіраўнікам выканаўцаў. Аднак агульная шкода, якую ім інкрымінавалі, не перавысіла суму 4 млн еўраў.

У сакавіку 2016 года, ААТ "Барысаўдрэў" разам з іншымі такімі ж праблемнымі прадпрыемствамі беларускай дрэваапрацоўкі было ўключанае ў створаны холдынг на чале з кіроўнай кампаніяй УП “БР-Кансалт”. Гэта дачка "Банка Развіцця", якому таксама былі перададзеныя і ўсе завінавачанасці мадэрнізаваных праблемных прадпрыемстваў.

"Гэта дазволіла аператыўна развязаць назапашаныя праблемы ў мэтах стабілізацыі фінансавага становішча", - адзначаюць на ААТ "Барысаўдрэў".

Зрэшты, аб'яднанне васьмі мадэрнізаваных прадпрыемстваў у адзіны холдынг у фінансавым плане ні да чаго не прывяло. І ў 2016, і ў 2017, і у 2018 гадах практычна ўсе яны паказваюць страты, а шмат хто - нават большыя.

Калі разглядаць выключна "Барысаўдрэў", то за 2015 год ён паказаў чыстую страту сумай 8,5 млн рублёў, у 2016 - 3,2 млн рублёў, у 2017 - 11,1 млн рублёў, а за 9 месяцаў 2018 года - ужо 12,2 млн рублёў страт. За года атрымаецца дзесьці мінус 15 млн рублёў. І калі вялікія страты 2017 года яшчэ можна апраўдаць вялікімі плацяжамі за крэдыты (сума крэдыторскай запазычанасці зменшылася з 31 да 10,4 млн рублёў), то у 2018 годзе крэдыторская запазычанасць нават узрасла, хоць і нязначна. З улікам таго, што на прадпрыемстве працуе 620 чалавек, атрымліваецца, што кожны з іх у гэтым годзе згенераваў штомесячныя страты сумай 2,2 тысячы рублёў, гэта значыць удвая больш за сярэдні заробак. Вось такі вось вынік мадэрнізацыі.

Сярод станоўчых момантаў можна адзначыць, што за апошнія тры гады прыбытак прадпрыемства вырас удвая, а рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі паднялася з мінус 22,18% да плюс 10,37%.

На 1 кастрычніка 2018 года чыстыя актывы прадпрыемства ацэньваліся на 31,1 млн руб. Гэта вельмі і вельмі мала, калі браць у разлік 112 млн еўраў ўкладанняў. Колькі за ўсё гэта "багацце" можа даць патэнцыйны пакупнік, сказаць складана. Дзяржкаммаёмасць толькі на мінулым тыдні апублікавала аб'яву аб тым, што вывучае адпаведны попыт на дзяржаўную дзель акцый, якая складае сёння больш за 98%. Наўрад ці можна чакаць, што попыт будзе высокім. Нам вельмі пашанцуе, калі ў прынцыпе знойдзецца хтосьці, хто захоча запрэгчыся ва ўсю гэтую гаспадарку. Надзею, зрэшты, страчваць не варта.

Цікава, што яшчэ да пачатку маштабнай мадэрнізацыі беларускай дрэваапрацоўкі да яе праяўлялі жывую цікавасць некалькі буйных інвестараў з сусветным імем. На той момант знос абсталявання таго ж "Барысаўдрэву" перасягаў 90%. Прадпрыемства ў прынцыпе амаль нічога не каштавала. Але інвестарам не далі, падумалі, што мы самі з вусамі. Выдаткавалі 112 млн еўраў, шмат казалі, што вось як мы паднялі галіну, якая са страт не вылазіць, а цяпер вось падымаем рукі да верху і здаёмся на ласку ўсё тым жа інвестарам: купіце нас, калі ласка, невыносна больш, не выплыць ніяк. Пытаецца, а чаму было адразу не прадаць, каб разумныя людзі зрабілі ўсё з розумам? Так, цяпер мы прададзім даражэй, чым прадалі б да мадэрнізацыі. Але наўрад ці праз продаж дзяржава верне хоць бы траціну выдаткаваных сродкаў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках