20 сакавiка 2019, Серада, 11:14
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Міліцэйскі маразм

43
ІГАР ШУНЕВІЧ

Не можа быць добрага іміджу ў сілавой структуры, чыё публічнае амплуа - маразм.

«За апошнія паўгода мне давялося ўжо тройчы мець непасрэдны кантакт з прадстаўнікамі нашага МУС. Як сведка аднойчы, і як парушальнік - ужо двойчы. Улічваючы, скажам так, цікаўнасць, якую выклікае ў звычайных міліцыянтаў Гомеля, якія не ў курсе, фігура ўладальніка «Сильных новостей», мець зносіны мне даводзілася і з начальнікам РАУС, і з намеснікамі, - напісаў Пятро Кузняцоў у Фэйсбуку.

Ва ўсіх у іх цвёрда сядзіць у галовах як самая галоўная праблема ў іх існаванні і дзейнасці - катастрафічна нізкі ўзровень даверу і сімпатыі да іх ведамства з боку звычайнага люду. Настолькі моцна, што, я ўпэўнены, яны там паводле вертыкалі, ад Шуневіча і да апошняга ппсніка, дураць мазгі (тут замянілі моцнае слоўца аўтара - заўв.) і самі сабе, і адзін аднаму, што з гэтым вось з усім рабіць, і як сітуацыю выправіць.

Калі прыгледзецца, то выразна бачна, што, акрамя сваёй, так бы мовіць, руціннай працы, яны дзень і ноч прыдумляюць усялякія, з іх пункту гледжання, карысныя, піяр-акцыі. Помнік самім сабе стагадовай даўніны, ідыёцкая заява наконт лгбт-сцяга на брытанскім пасольстве, вытворчасць хакейнай формы і клюшак, калгас для зэкаў... Складваецца, уражанне, што яны перадвыбарчую кампанію вядуць. Ды толькі паліттэхнолагі ў іх абы-якія, і ўсе міма касы трапляюць.

Ім няўцям, што адзіны верны шлях хоць трошкі палепшыць імідж МУС - гэта паводзіць сябе як мага цішэй, паменш трапляць у інфармацыйную прастору і паменш раздражняць грамадзян сваёй прысутнасцю на вуліцах у форме. Вось проста яны не разумеюць, што няма іншага шляху, што чым іх больш у жыцці грамадства, тым іх больш ненавідзяць.

І лепяць і лепяць усё больш і больш вар’яцкіх піяр-акцый, якія, усе, як адна, заканчваюцца маразмам і тролінгам.

І шчыра, у тым ліку і ў размовах «не пад запіс», дзівяцца: а што не так, чаму імідж дрэнны?

Ды не можа быць добрага іміджу ў сілавой структуры, чыё публічнае амплуа - маразм».