19 чэрвеня 2019, Серада, 23:10
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Дзіцячы садок - бацькам: Здайце грошы, інакш посуд будуць мыць бруднымі анучамі

33
ФОТА: АЛЯКСАНДР ЧОРНЫ

Самотная маці з Баранавічаў распавяла пра паборы.

У Мінадукацыі які год паўтараюць, што ніякіх пабораў у дзіцячых садках і школах няма. Але на практыцы, як сцвярджае жыхарка Баранавічаў Алена, чый сын гэтай восенню пайшоў у дзіцячы садок, грошы просяць здаць і на мыйныя сродкі, і на туалетную паперу, і на рамонт. Жанчыну абурае, чаму бацькі павінны плаціць, піша intex-press.by.

- Артур - маё адзінае дзіця. У верасні гэтага года пайшоў у дзіцячы садок, - расказвае Алена, сын якой наведвае дзіцячы сад №7 г. Баранавічы. - Сказаць, што я была ў шоку ад таго, як пачаўся наш навучальны год у садку, нічога не сказаць. Мяне папярэджвалі, што ў садках «паборы», але я не думала, што ўсё настолькі дрэнна.

Паводле ейных слоў, на першым жа бацькоўскім сходзе выхавальніца папрасіла здаць грошы на сродкі для мыцця посуду і ўнітазаў.

- Са зборам грошай папрасілі не марудзіць, сказалі: «Лепш здайце грошы, інакш посуд будуць мыць бруднымі анучамі», - успамінае гараджанка. - На наступны ж дзень я аднесла вадкасць і губкі для мыцця посуду ў садок: баялася, што пакуль будуць збіраць грошы, талеркі і сапраўды бруднымі анучамі будуць мыць.

На тым жа сходзе, кажа Алена, бацькоў папрасілі здаць па 25 рублёў «на патрэбы групы»: на куплю папяровых ручнікоў, туалетнай паперы, сурвэтак, бутыляванай вады.

- Гэтую суму я здала. Але і на гэтым справа не скончылася! Высветлілася, што дадаткова з кожнай сям'і трэба здаць па 35 рублёў на новыя дываны і рамонт садка, - абураецца гараджанка. - Праўда, гэтыя грошы трэба пералічваць на разліковы рахунак і нам дазволілі здаваць грошы часткамі, але для мяне гэта ўсё роўна вялікая сума.

Дапамогу на дзіця Алена ўжо не атрымлівае, працы ў яе пакуль няма, адзіная крыніца даходу - аліменты на дзіця. Але гэтых грошай, са слоў Алены, ёй ледзь стае на харчаванне.

- Бо Артуру трэба купляць адзенне, абутак. Сын часам хварэе - значыць, патрэбныя лекі. У мяне самой праблемы са здароўем. Калі б не маміна дапамога, наогул не ўяўляю, як бы мы сточвалі канцы з канцамі, - тлумачыць Алена.

Абурае гараджанку і тое, як у садзе ставяцца да рэчаў, якія прыносяць бацькі. У пачатку навучальнага года, сцвярджае Алена, яна прынесла канцтавары, якія набыла згодна спісу, выдадзенаму ў дашкольнай установе.

- Потым высветлілася, што выхавальніца, якая павінна была працаваць у групе, звольнілася. А новая сказала, што не ведае, дзе канцтавары.

- І цяпер, магчыма, мне давядзецца зноў нешта дакупляць, - кажа Алена. - Я, вядома, разумею, што не буду бяднейшай, калі куплю яшчэ 10 файлаў ці тэчку для малюнкаў. Але чаму праз чыёсьці безгалоўе я павінна пакутаваць матэрыяльна?!

Хтосьці фінансуе, хтосьці прынцыпова не

Сярод бацькоў, якія водзяць дзяцей у тую ж групу, што і Алена, ёсць і тыя, хто згодны несці выдаткі, абы дзіцяці было добра.

- Мне для дзіцяці нічога не шкада. Трэба здаць грошы - здам. На цацкі - добра. Галоўнае, каб ёй было з чым гуляць, - тлумачыць сваю пазіцыю Святлана, мама аднаго з выхаванцаў. - Мяне больш абураюць бацькі, якія скардзяцца, што з іх грошы цягнуць. Ніхто ж сілком не патрабуе здаваць.

Але меркаванне Святланы падзяляюць не ўсе бацькі. А ёсць і такія, хто займае прынцыповую пазіцыю - грошай не здаваць.

- У мяне ў гэты сад ходзіць ужо другое дзіця. За чатыры гады, пакуль тут навучаўся старэйшы, мы шмат разоў здавалі грошы: і на новы посуд, і на цацкі, і на пасцельную бялізну. Старэйшы сын у гэтым годзе ўжо пайшоў у першы клас, а новай пасцельнай бялізны мы так і не ўбачылі. Таму я не бачу сэнсу ў гэтых зборах і цяпер проста не здаю грошы. Гэта маё асабістае права, - тлумачыць адна з мам.

Аднак так бясстрашна праяўляць сваю прынцыповасць наважваюцца далёка не ўсе бацькі. Многія прызнаюцца, што як бы цяжка ні было, усё адно здаюць грошы: баяцца, што адмова негатыўна адаб'ецца на іх дзецях.

- Нам кажуць: «Калі хочаце, каб дзецям добра было, здайце», - кажа яшчэ адна мама. - Чаму мы за ўсё павінны плаціць, калі мы плацім падаткі.

«Усе ўнёскі добраахвотныя»

Загадчыца яслямі-садам №7 г. Баранавічы Алена Кунцэвіч пагаварыць з карэспандэнтам Intex-press праз тэлефон адмовілася, а пры асабістай размове папрасіла напісаць пісьмовы запыт. Аднак і атрыманы на наш зварот адказ не растлумачыў сітуацыю. На пытанні, як часта, у якіх сумах і на якія патрэбы выхаванцаў дзіцячага сада просяць здаць грошы, быў адказ, што ў «дзяржаўнай установе дашкольнай адукацыі функцыянуе апякунская рада» і «вызначэнне парадку фармавання і выкарыстання фінансавых сродкаў належыць выключнай кампетэнцыі агульнага сходу апякунскай рады». А далей вытрымка з Палажэння аб апякунскай радзе пра тое, што «фінансавыя сродкі апякунскай рады фармуюцца з добраахвотных унёскаў, што залічваюцца на рахунак уліку пазабюджэтных сродкаў».

Ці можна развязаць праблему?

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што развязаць праблему можна, калі змяніць размеркаванне бюджэтных сродкаў.

- Напрыклад, менш грошай выдаваць стратным прадпрыемствам, многія з якіх папросту не хочуць працаваць, а на патрэбы сферы адукацыі, наадварот, накіраваць больш, што было б лагічна у нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве, - кажа экспэрт.

На ягоную думку, вінаватыя ў існай праблеме дэпутаты, якія «даўно не бароняць інтарэсы народа, што з'яўляецца іх першасным абавязкам».

- Бацькі маюць рацыю ў сваім абурэнні. Хоць паборы цяпер сталі больш празрыстымі: грошы пералічваюць на разліковыя рахункі, а не здаюць «гатоўкай» у рукі выхавальніцам, фактычна, нічога не змянілася. З бацькоў як патрабавалі, так і патрабуюць. А большасці з іх на патрэбы сваёй сям'і не заўсёды стае, не кажучы ўжо пра школы і садкі.

P.S. Пасля таго, як артыкул апублікавалі ў нумары газеты Intex-press ад 7 лістапада, у галоўнай гераіні Алены пачаліся праблемы з калектывам бацькоў. Спачатку ў чаце мэсэнджара Viber, дзе паміж сабой размаўляюць бацькі групы, спадарыне напісалі, што многім непрыемна камунікаваць з ёй. Затым Алену і зусім выключылі з перапіскі, патлумачыўшы, што праз яе зварот у Intex-press і публікацыі матэрыялу «ва ўсіх бацькоў пачаліся праблемы».

Алена прызналася, што цяпер прыводзіць дзіцяў садок раней за ўсіх, а забірае самым апошнім, каб «нікога не бачыць, каб нічога не выказалі».