22 верасня 2026, aўторак, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонак дыпламатаў і вайскоўцаў не будуць уключаць у базу «дармаедаў»

81
Жонак дыпламатаў і вайскоўцаў не будуць уключаць у базу «дармаедаў»
ІРЫНА КАСЦЕВІЧ
ФОТА: БЕЛТА

Касцевіч распавяла пра «касты прывілеяваных».

Жонак дыпламатаў, заснавальнікаў прадпрыемстваў і тых, хто стаіць на дыспансерным уліку, будуць залічваць да занятага ў эканоміцы насельніцтва. Пра гэта паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на семінары ў Віцебску, паведамляюць «Витебские вести».

Ірына Касцевіч адзначыла, што да дэкрэта №3 прынятыя дзве пастановы Саўміна, у якія Міністэрства працы ўнесла ўдакладненні па катэгорыям грамадзян, дадаліся новыя.

«Да прыкладу, цяпер заснавальнікаў прадпрыемстваў, жонак дыпламатаў і якія стаяць на дыспансерным уліку нельга лічыць не занятымі ў эканоміцы, - піша выданне. - Хто падпадае пад дзеянне дэкрэта №3 і будзе плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі поўнымі тарыфамі, вырашаюць пастаянна дзейныя камісіі ў рэгіёнах».

Нагадаем, да незанятых у эканоміцы не будуць адносіць у тым ліку і сужонкі ваеннаслужачых, якія праходзяць вайсковую службу па кантракце, вайсковую службу афiцэраў па прызыву. У базу таксама не трапяць сужонкі маладых спецыялістаў, якія праходзяць размеркаванне, але на час іх сумеснага пражывання ў мясцовасці, дзе няма магчымасці працаўладкавацца.

Да таго ж не занятых у эканоміцы, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць поўнасцю або часткова вызваліць ад аплаты ЖКП па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.

У прыкладным пераліку аб'ектыўных абставінаў, якія могуць быць аднесены да цяжкіх жыццёвых сітуацый, значная частка прыпадае на абставіны па стане здароўя.

Пазбегнуць поўнай або частковай аплаты ЖКП могуць тыя, хто даглядае дзіця да 14 гадоў (уключна), які належаць да групы тых, што часта і доўга хварэюць і складаюцца на дыспансерным уліку ў арганізацыі аховы здароўя, у тым ліку з хранічнымі захворваннямі.

Пры гэтым атрымаць «вызваленне» ад поўнай аплаты камуналкі могуць таксама тыя, хто не можа знайсці працу. Але для гэтага трэба падпадаць хоць бы пад адну з умоў.

Пад цяжкую жыццёвую сітуацыю таксама падпадае догляд за непрацаздольным сямейнікам (мужам, бацькамі, паўналетнімі дзецьмі, роднымі братамі і сёстрамі, дзядулямі, бабулямі і г.д.) або сваяком, які пражывае ў адным населеным пункце з тым, хто трапіў у лік не занятых у эканоміцы.

Сярод іншых прычын, па якіх камісіі могуць вызваліць ад поўнай выплаты, - прычыненне шкоды жыццю, здароўя, маёмасці ў выніку стыхійных бедстваў, катастроф, пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, абставін непераадольнай сілы. Для гэтага трэба падаць, напрыклад, даведку з МНС, страхавой кампаніі.

Нагадаем, да 1 снежня ў Беларусі створаць базу звестак не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Беларусам ужо сталі прыходзіць папяровыя лісты з просьбай пацвердзіць сваю занятасць. Тыя, хто не пацвердзіць занятасць, ужо з 1 студзеня будуць аплачваць поўнымі тарыфамі гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка наступнага года - газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне. Гэта значыць праз год - у лістападзе 2019-га - утрыманцы, у якіх ёсць ва ўласнасці жыллё, атрымаюць «поўныя» квітанцыі.

Доступ да базы звестак не занятых у эканоміцы грамадзян, якая цяпер карэктуецца і павінна быць адкрыта 1 снежня, зможа атрымаць кожны жыхар Беларусі. Лагін і пароль для доступу на партал выдадуць бясплатна ў службе «адно акно».

«Для фізічных асоб паслуга будзе даступная на Адзіным партале электронных паслуг з 1 снежня ў дачыненні да сябе асабіста з выкарыстаннем ключа электроннага лічбавага подпісу або ўнікальнага ідэнтыфікатара», - распавялі раней у Нацыянальным цэнтры электронных паслуг.

Нагадаем, беларусам сталі рассылаць «лісты шчасця»: патэнцыйна не занятых у эканоміцы асоб просяць пацвердзіць занятасць.

Раней паведамлялася, што ўлады не маюць намер рассылаць лісты з апавяшчэннямі тым, хто трапіў у базу.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках